# Грузавікам з ЭЗ дазволяць езьдзіць па Беларусі без перачэпкі: з 1 сьнежня 2026 году

- URL: https://syn.by/dziarzhava/biznes-i-pradprymalnictva/hruzavik-ez-jezdzic-bielarus/
- Published: 2026-11-20T09:58:01+00:00
- Updated: 2026-11-21T09:07:35+00:00
- Section: Бізнэс і прадпрымальніцтва
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/gosudarstvo/biznes-i-predprinimatelstvo/gruzovik-es-belarus-ezdit.md
- EN edition: https://syn.by/en/state/business-entrepreneurship/trucks-eu-drive-belarus.md

> Выключэньні тычацца дыпляматычных грузаў, тавараў для міжнародных арганізацыяў і радыёізатопнай прадукцыі. Урад таксама абнавіў пералік месцаў для перагрузкі і перачэпкі.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-8546-1024x585.webp)

З 1 сьнежня 2026 году грузавікі, зарэгістраваныя ў краінах Эўразьвязу, у асобных выпадках змогуць ехаць па Беларусі без перачэпкі і перагрузкі тавараў. Выключэньні пашыраныя, але агульная забарона на праезд эўрапейскіх фураў застаецца.

Зьмены ўнесеныя пастановай ураду, якую падпісаў прэм'ер-міністар Аляксандр Турчын. Дакумэнт зьмяняе пастанову Савета Міністраў ад 31 кастрычніка 2025 году №599 «Аб ужыцьці спэцыяльнай абмежавальнай меры».

Паводле зьвестак прэс-службы ўраду, эўрапейскім фурам ня трэба рабіць перачэпку або перагрузку, калі яны вязуць дыпляматычныя грузы або тавары для міжнародных арганізацыяў. У дакумэнце сказана, што забарона ня будзе ўжывацца «ў выпадках перавозкі дыпляматычных грузаў і тавараў для афіцыйнага выкарыстаньня прадстаўніцтвамі міжнародных арганізацыяў, радыёізатопнай прадукцыі».

Дапускаецца таксама рух па краіне парожніх грузавікоў, якія едуць пад загрузку радыёізатопнай прадукцыяй або шматразовай тарай для яе перавозкі.

Апроч таго, урад абнавіў пералік спэцыяльна ўстаноўленых месцаў, дзе можна перагружаць тавары і перачэпліваць прычэпы.

Забарону на ўезд аўтамабіляў і цягачоў, зарэгістраваных у ЭЗ, Беларусь увяла з 16 красавіка 2022 году. Менск тлумачыў гэта адказам на санкцыі Эўразьвязу, якія зь вельмі рэдкімі выключэньнямі забаранілі ўезд у ЭЗ грузавікам, зарэгістраваным у Беларусі. Дагэтуль эўрапейскія перавозчыкі маглі ехаць толькі празь пэўныя пункты пропуску ў спэцыяльна ўстаноўленыя месцы для перагрузкі і перачэпкі і запраўляцца на пэўных АЗС.

У кастрычніку 2025 году пастанова №599 [дазволіла літоўскім грузавым транспартным сродкам перасякаць мяжу](https://t.me/customs_bel/10568), а ў лістападзе 2025 году забарона на рух грузавікоў з ЭЗ па краіне была падоўжаная да канца 2027 году. Фуры з эўрапейскай рэгістрацыяй пры гэтым маглі езьдзіць ад пагранпераходаў і назад для перачэпкаў і перагрузак, але гэта не распаўсюджвалася на прычэпы і паўпрычэпы.
