# У Віцебскай вобласьці сілавікі адмаўляюцца пакідаць копіі пратаколаў ператрусу, спасылаючыся на асабістыя дадзеныя супрацоўнікаў

- URL: https://syn.by/dziarzhava/pravy-chalaveka/silaviki-admauliajucca-pakidac-kopii-pratakolau/
- Published: 2026-11-07T19:00:08+00:00
- Updated: 2026-11-07T19:00:08+00:00
- Section: Правы чалавека
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/gosudarstvo/prava-cheloveka/vitebskoy-oblasti-siloviki-otkazyvayutsya-ostavlyat-kopii.md
- EN edition: https://syn.by/en/state/human-rights/viciebsk-security-officers-refuse-search-records.md

> Праваабаронцы «Віцебскай вясны» ведаюць пра некалькі такіх выпадкаў. Адмову ў копіі пратаколу яны называюць прамым парушэньнем закону.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6514-1024x585.webp)

У Віцебскай вобласьці сілавікі пасьля ператрусаў адмаўляюцца пакідаць жыхарам копіі пратаколаў. Праваабаронцам з «Віцебскай вясны» вядома пра некалькі такіх выпадкаў.

Калі людзі патрабавалі пакінуць копію пратаколу і сьпіс канфіскаваных рэчаў, сілавікі адказвалі, што ў дакумэнтах запісаныя іх асабістыя дадзеныя, а перадача такіх дакумэнтаў — «парушэньне таямніцы асабістай інфармацыі».

Паводле слоў праваабаронцаў, пратакол ператрусу — адзіны афіцыйны дакумэнт, які пацьвярджае сам факт ператрусу, утрымлівае поўны сьпіс канфіскаваных рэчаў і фіксуе заўвагі, зробленыя чалавекам. Бязь яго расьце рызыка падмены або страты канфіскаванага, узьнікаюць праблемы зь вяртаньнем маёмасьці. Чалавек пры гэтым пазбаўляецца і магчымасьці абскардзіць дзеяньні супрацоўнікаў.

У пратаколе пазначаныя толькі імёны, прозьвішчы і пасады супрацоўнікаў, якія праводзілі ператрус, бяз іх хатніх адрасоў. Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што службовыя асобы дзейнічалі ў межах сваіх службовых паўнамоцтваў.

Адмову пакінуць копію пратаколу па любой прычыне праваабаронцы называюць прамым парушэньнем закону. Гэта тычыцца і адгаворак кшталту «у нас няма паперы», «прыйдзеце ў аддзел — забярэце» ці «потым пашлём поштай».
