# Беларуская народная асьвета навокала Нясьвіжа

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/bielaruskaja-narodnaja-asvieta-niesvizha/
- Published: 1924-07-16T17:50:00+00:00
- Updated: 2026-10-24T21:03:07+00:00
- Section: Архівы
- Language: be

> Каля Нясьвіжа беларускія пачатковыя школы загінулі адна за адной, а замест іх з'явіліся польскія. Сяляне аддавалі дзяцей у польскую гімназію, але патрэбы і даўгі прымусілі іх забраць дзяцей дамоў.

![Беларуская народная асьвета навокала Нясьвіжа](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-2346-1024x585.webp)

У 1919 годзе, паблізу Нясьвіжа, у гмінах Ланьскай, Сноўскай, былі адчынены бел. пачаткавыя школы ў вёсках: Еськавічах, Малеве, Альхоўцы, Карпавічах, Высокай Ліпе, Вялікай Ліпе, Хваёве, а далей пэўне і болей. Я лічу толькі тыя, каторыя я сам добра ведаю. Але кароткі быў іх век: да 1921-га г. яны паўміралі, а нарадзіліся, як чужаядныя грыбы ў дождж, польскія. Што за хвароба была прычынаю сьмерці нашых першых веснавых красачак, кожны няхай дагадаецца сам. Ведама, што згінулі яны не сваею сьмерцяй. З усіх іх, як помнік на могілках, засталася і цяпер яшчэ жыве адна—на цэлы Нясьвіскі павет, ды, здаецца, і на ўсё Навагрудзкае ваяводзтва: гэта — ў в. Вялікай Ліпе, Сноўскае гміны.

Настаўнік гэтае школы, грам. тутэйшае вёскі, стары, шчыры і ведамы беларус, скончыў настаўніцкую сэмінарыю, любіць дзяцей і працу з імі вядзе на роднай мове.

Дзеці з суседніх вёсак: Еськавіч, Высокае Ліпы, Крутога Берага, папробаваўшы вучэньня на роднай мове, сталі прасіцца ў бел. школу, але школа ня прыймала, бо не стаяла мейсца для сваіх. Паняволі змушаны былі нашы дзеткі йсьці ў польскую школу.

Зірнем далей. Жаданьне вучыцца ў нашых грамадзян надта-ж вялікае. Многія захацелі сярэдняе адукацыі. Зьвярнуліся яны да павятовага м. Нясьвіжа. Там адчынілася ўрадовая польская гімназія і дажывалі свой век 2 расейскія, з каторых адна перарабляляся на польскую прыватную, а другая на беларускую. Пазьней адчынілася настаўніцкая польская сэмінарыя з двуклясовай прапарандай. Усім дзецям, а найбольш тым, каторыя папробавалі беларускага вучэньня, хацелася вучыцца ў беларускай гімназіі, але бацькі ім гаварылі: „Куды вы дзенецеся з беларускае школы, вам ніякае пасады не дадуць, і за навуку плаціць трэба, а ў польскай — вучаць дарма, ды яшчэ даюць каву салодкую, булку й зацірку амэрыканскую з малаком, адно трэба місачку з кубачкам мець“. Ну й кінуліся многія на гэту зацірку, як мухі на смалу. Наймалі рэпэтытараў і паўлазілі, хто ў прапаранду, а хто ў урадовую гімназію.

У першым годзе заўсёды можна было бачыць, як у гімназію беглі дзеці з місачкамі пад пахай па навуку й зацірку. Але прашоў год. Зацірка й кава прапала. Пачухалі патыліцы нашы беларусы, ды няма рады. Прадаюць кароўкі, сьвінкі, цягнуць апошнія пуды да Нясьвіжа, каб падтрымаць дзяцей у панскіх школах.

Прайшоў яшчэ год, ды трэба ўжо плаціць у „дармовых“ школах у год мільёнаў 30 — 70. Горкай становіцца салодкая кава. Пакідаюць школы некатарыя сярод году, а другія чакаюць і цягнуць да канца навуковага году. А ў канцы выйшла тое, што ніводнае бел. дзіця з цэлага дзесятка вучняў (я маю на думцы адну вёску) не пераводзена ў вышэйшую клясу.

А гэта значыць: „Nie wypędzam, ale proszę won“. Усім добра ведама, што трымаць дзяцей па 2 гады ў ваднэй клясе наш селянін ня можа, бо гэта яму, апроч харчоў, будзе каштаваць на год балей, як добрая карова, або пудоў 125 жыта. Але адкуль узяць гэтыя пуды на 1 — 3 дзесяцінах зямлі, ды калі падаткі без нажа рэжуць? Вот калі, забіраючы дамоў дзяцей, схамянуліся нашы беларусы, што ўлезьлі ў дарэмную зацірку, як лісіца ў саладуху.

Відаць, не спадабалася некаму, каб на аднэй школьнай лаве была „чорная“ і „белая“ костка. Моцна засьмярдзеў беларускі дух. Ды й на што беларусу сярэдняя асьвета, для яго даволі пачаткавае польскае школы, на што і ёсьць школьны прымус…

Есьць аднак-жа і цярплівыя беларусы, бо калі з леташняе восені ад розных перашкод зачынілася беларуская Нясьвіская гімназія, то яны сталі прыватна наймаць беларусаў настаўнікаў і вучыцца па беларуску, чакаючы прагавіта ўзнаўленьня гімназіі, на роднай мове.
