# Чародны крок

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/charodny-krok/
- Published: 1924-06-30T20:00:00+00:00
- Updated: 2026-11-09T10:10:23+00:00
- Section: Архівы
- Language: be

> Аўтар адказвае віленскаму „Крывічу”, які бачыць у пашырэньні Беларускай СРР «новы падзел Беларусі». Па даных фабрычнай статыстыкі 1906–7 гадоў цэнтральная Беларусь амаль не мае ўласнай прамысловасьці, і далейшы рух павінен ісьці на ўсход.

![Чародны крок](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6736-1024x585.webp)

Розныя бываюць у розных людзей настроі, хаця і выкліканыя аднэй прычынай.

Гэтак, пад той час, як уся Заходняя Беларусь выяўляла сваю вялізарную радасьць з прычыны пашырэньня межаў Беларускае Сацыялістычнае Радавае Рэспублікі,—група ковенскіх беларусаў, згуртаваная каля „Крывіча“, на страніцах гэтае часопісі „разьдзірала шаты свае“, бачучы ў акце ачывістае важнасьці для беларускага дзяржаўнага і культурна-нацыянальнага будаўніцтва толькі . . . „новы падзел Беларусі“.

„Знает кошка, чьё сало с'ела“, можна бы сказаць аб гэных дзеячах, якія толькі і здольны былі дагледзіць у тым вялікім акце „падзел“: бо-ж пару гадоў таму назад іменна самі яны „дзялілі“ Беларусь (на шчасьце, толькі на паперы!), „падараваўшы“ Літве Віленшчыну і Горадзеншчыну….

Аднак, ня гледзячы на аднабокасьць падыходу „Крывіча“ да выпадкаў на Усходзе, нельга моучкі прайсьці міма надрукаванае ў № 1 (7) гэтага журналу стацьці В. Л-скага пад загалоўкам „Новы падзел Беларусі“. Той факт, што, як аблічае „Крывіч“, Маскоўшчына „анэктавала“ каля 75.000 кв. вёрст беларускае тэрыторы з 3 злішкам міліёнамі душ насяленьня, якія не далучаны йшчэ да Радавае Беларусі,—запраўды, зьяўляецца для Беларускае Сацыялістычнае Радавае Рэспублікі вельмі шкодным. І мы пастараемся выясьніць, у чым тут справа.

Вось-жа кожная краіна, залежная, ці незалежная, зусім натуральна і справядліва імкнецца да гаспадарчае самавыстарчальнасьці ў сваіх межах, прынамся хаця бы ў адносінах да прадметаў першае патрэбы. Кожны край стараецца так наладзіць сваю эканамічную гаспадарку, каб мець свой хлеб і галоўныя фабрыкаты, без якіх абсалютна нельга абыйсьціся ў штодзенным жыцьці. І затымто Беларусь яшчэ ў даваенныя часы, маючы даволі хлеба, старалася разьвіваць у сябе прамысловасьць.

Каб зразумець, якое значэньне наагул мае прамысловасьць для кожнага краю, скажам, што збору хлеба няма магчымасьці павялічываць у такой меры, як-бы мы хацелі: ён залежыць перш за ўсё ад абшару зямлі і на тым самым прасторы можа павялічывацца вельмі нязначна, хоць-бы нет ведама якія кошты былі зроблены дзеля падняцьця ўраджаю. Затое прамысловасьць можа разьвівацца, паскольку няма пабочных перашкод (канкурэнцыя суседзяў!), неабмяжована, можа лёгка павялічыцца ў два, тры, дзесяць разоў,—а гэта ізноў дае магчымасьць ператвараць у цэннасьці (тавары) нявычарпаны запас працы людзкой. І для Беларусі, дзе лічба насяленьня ўзрастае шмат шыбчэй, чым у Заходняй Эўропе (на 1.000 душ насяленьня прыбывае ў год 20 душ), разьвіцьцё прамысловасьці толькі і можа пракарміць на месцы штогодны прыбытак насяленьня.

Як-жа выглядае беларуская прамысловасьць?

Паводле даваенных даных, наша прамысловасьць была йшчэ толькі „ў пялёнках“. Але ўжо тады выявілася адна цікавая рыса ў разьвіцьці яе: прамысловасьць, ня зьвязаная беспасярэдня з сельскай гаспадаркай, найвышэй разьвіта была ў Заходняй Беларусі (Беласточчына, Горадзеншчына, Віленшчына); ідучы на Усход, яна ўсё паніжаецца (у Меншчыне ўжо шмат слабей); зусім нізка стаяла ў Віцебшчыне і Магілёўшчыне, ды йзноў узмацоўвалася на крайніх усходніх узьмежках (Гомель, Бранск, Клінцы і інш.). І толькі тыя галіны прамыслсвае вытворчасьці, якія зьвязаны з хлебаробствам (вінакурні, мліны, фабрыкі дрожджаў, крахмалю, патакі і інш.), разьмешчаны былі па краю больш раўнамерна.

Вось жменя цыфр з перадваеннае статыстыкі (1906—7 г. г.), якія пацьвярджаюць вышэй сказанае:

Горадзеншчына. Лічба фабрык — 3,733 з 22.000 работнікаў і прадукцыяй на23.600.000 руб. (золатам) у год. Галоўны прамысловы цэнтр—Беластох: у 1907 г. тут былі 334 фабрыкі з 6.000 раб. і вытворчасьцяй на 4½ міліона руб., у тым ліку: ткальняў 175 з вытворчасьцяй на 374.000 руб., прадзільняў — 51 з вытворчасьцяй на 860.000 руб., фабрык сукна—18 з вытворчасьцяй на 670.000 руб. Апрача Беластоку, важнейшымі цэнтрамі прамысловасьці былі Крынкі з іх гарбарнямі і Берасьце з 78 фабрыкамі, 600 работнікаў і гадавой вытворчасьцяй на 360.000 руб.

Віленшчына. Лічба фабрык — 1,846 з 13.000 работнікаў і гадавой вытворчасьцяй на 17,335,000 руб. золатам. Галоўныя прамысловыя цэнтры — Вільня, Нова-Вілейск, Смаргоні.

Меншчына. У 1906 г. было ўсяго 464 фабрыкі з 10.000 работнікаў і прадукцыяй на 31.000.000 руб. золатам. Галоўныя цэнтры: Менск (45 фабрык), Пінск (21) і Бабруйск (20).

Віцебшчына. Галоўныя цэнтры прамысловасьці—Дзьвінск (на ўзьмежжку з Латвіяй) і Віцебск. Лічба работнікаў—6.000, гадавая вытворчасьць—каля 7.000.000 руб. золатам.

Магілёўшчына. Яшчэ слабей за Віцебшчыну. Галоўны прамысловы цэнтр—Гомель.

Гэтак Цантральная Беларусь, якая зыходзіцца з межамі цяперашняе Беларускае Сацыялістычнае Радавае Рэспублікі, блізу зусім ня мае сваей прамысловасьці: Заходняя Беларусь (з Беластокам, Берасьцем, Крынкамі, Вільняй, Нова-Вілейскам, Смаргонямі) належыць да Польшчы, Пауночная (з Дзьвінскам)—да Латвіі, а крайнія усходнія узьмежкі з такімі прамысловымі цэнтрамі, як Бранск і Клінцы, а таксама Гомельскі павет „анэктаваны“ вялікарусамі….

Такім парадкам эканамічнае палажэньне Беларускае Сацыялістычнае Радавае Рэспублікі ў сучасных яе межах прадстаўляецца вельмі сумна. І Менск, які ўжо зрабіў першы крок на дарозе зьбіраньня Беларусі, павінен паважна задумацца над гэтым і, загаспадарыўшыся на новадалучаных усходніх абшарах, сягнуць далей, — у першы чарод па Гомель, Бранск, Клінцы і рэшту усходніх акраін, прырэзаных да саюзнае і братняе Расейскае Сацыялістычнае Радавае Рэспублікі.
