# Для нас зямлі няма

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/dlia-nas-ziamli-niama/
- Published: 1924-06-26T20:00:00+00:00
- Updated: 2026-11-11T01:50:25+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/no-land-for-us-2.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/dlya-nas-zemli-net.md

> Генерал Сікорскі ў Сойме абвесьціў, што вайсковыя асаднікі-палякі маюць права на зямлю, а беларусам яе чакаць няма чаго. Аўтар бачыць у гэтым не самавольства адміністрацыі, а прадуманую дзяржаўную сыстэму ўціску.

![Для нас зямлі няма](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-5736-1024x585.webp)

Генерал Сікорскі, найшчырэйшы прыяцель і аднадумец пана маршалка Пілсудскага, ды поўафіцыяльны прадстаўнік польскага дэмакратызму, у бытнасьць сваю галавой польскага ўраду „услаўіўся“ тым, што, абяцаўшы з соймавае трыбуны беларусам і украінцам здаволіць іх слушныя дамаганьні і гэтай цаной купіўшы галасы беларускіх і украінскіх паслоў, пасьля нават і не падумаў выпаўніць сваё абяцаньне, пасьмяяўшыся толькі над даверчывымі прадстаўнікамі беларускага і ўкраінскага насяленьня Польскага гаспадарства.

Есьць дужа ўдачная расейская народная прыказка: „ложью весь свет пройдешь, да назад не воротишь“. І цяпер, калі ген. Сікорскі ізноў вярнуўся да ўлады, як ваенны міністар у габінэце п. Грабскага, — ён ужо і не прабуе пяяць старую песьню аб сваей „прыхільнасьці“ або „справядлівасьці“ адносна да беларускага і ўкраінскага народаў. І слушна: другі раз ані беларусы, ані украінцы не пападуцца на мякіну „салодкіх слоў“! Дык ген. Сікорскі скінуў непатрэбную ўжо яму пры цяперашніх варунках маску і ў апошняй сваей вялікай прамове ў Сойме, кажучы аб вайсковым асадніцтве, выявіў цалком сваё палітычнае аблічча.

Агульная думка ген. Сікорскага, якую ён высказаў, баронячы слушнасьць насыланьня да нас асаднікаў-палякоў, зводзіцца да таго, што беларусам нельга і спадзявацца на зямлю ў Польскай Рэспубліцы. Дворная зямля ў Заходняй Беларусі, якая павінна-б была быць падзелена між працоўным народам, па думцы ген. Сікорскага—не беларуская, (бо-ж абшарнікаў-беларусаў у нас няма!), а належыць да абшарнікаў польскае і маскоўскае нацыянальнасьці, дык толькі палякі і могуць мець права на яе!

Коратка кажучы: беларускі селянін, які ад вякоў потам сваім паліваў суседнія з вёскай ягонай панскія гоні, ня мае права на гэтую самую зямлю, бо на ёй засеў абшарнік-паляк, хаця па паходжаньню свайму той абшарнік—пераважна беларус, толькі адрокшыся ад свайго народу.

Гэтае дзікое становішча прадстаўніка сучаснага польскага ўраду, як паказуюць факты, падзяляецца ўсімі сябрамі ўраду п. Грабскага і, што горш, выяўляецца ня толькі на славах, алі і на дзеле. Як сказаў ген. Сікорскі ў памянутай прамове сваей у Сойме, з агульнае лічбы 6,704 надзеленых на Беларускіх і Украінскіх землях вайсковых асаднікаў тутэйшых жаўнераў усяго толькі 1,459, а навезеных з глыбіні Польшчы—5,245.

Заява ген. Сікорскага, якая адбірае ў беззямельнікаў і малаземельнікаў беларусаў нават надзею на тое, што іх слушнае дамаганьне зямлі будзе здаволена, не зьяўляецца, аднак, нечым новым і неспадзяваным. Яна толькі стаўляе кропку над і да нашумеўшае заявы п. Прэзыдэнта Войцеховскага, што толькі палякі зьяўляюцца „прыражонымі гаспадарамі“ ў межах Польскае Рэспублікі.

Але заява ген. Сікорскага зьяўляецца запраўды гістарычнай, бо паказуе з поўнай ачывістасьцяй, што уціск „нацыянальных меншасьцяў“ у Польшчы—гэта вынік не аднаго толькі самавольства крэсовае адміністрацыі, як гэта крывадушна заяўлялі англійскае дэмакраты пасьлы Недзялковскі (з П. П. С.) і Тугут (з Вызволеня), а вынік акуратна, ува ўсіх падробнасьцях прадуманае дзяржаўнае сыстэмы, рэзка супярэчнае, як з польскай канстытуцыяй, так і з міжнароднымі трактатамі аб правох „меншасьцяў“ Польшчы.

У гісторыі Расейскага гаспадарства, з якой на працягу палутараста гадоў была зьвязана і наша ўласная гісторыя, быў мамэнт, які вельмі напамінае сучаснае палажэньне ў Польшчы.— 17 кастрычніка 1905 году рэвалюцыйны рух працоўных масаў усіх нацыянальнасьцяў Расейскае Імпэрыі вырваў быў у цара Мікалая Апошняга маніфэст, у якім абвяшчаліся народу ўсе палітычныя і грамадзкія свободы. Але ажно да Рэвалюцыі 1917 году расейская ўлада і ня думала аб тым, што гэны маніфэст можа каго-колечы абязываць,—перадусім яе, уладу. І сьледам за маніфэстам пасыпаліся на народ дзікія рэпрэсіі, масавыя арышты і расстрэлы, — запанавала страшэнная палітычная рэакцыя, давёўшая ўканцы да новага рэвалюцыйнага выбуху ў 1917 годзе,—выбуху нязвычайна крывавага і да самых асноў разьвярнуўшага стары лад.—Вось, нешта дужа падобнае дзеецца ў сучаснай Польшчы. І за зямлю, „прынцыпова“ (на паперы!) аддаваную народу, і за выпаўненьне абвешчанае канстытуцыі і падпісаных Польшчай міжнародных трактатаў, і за зьдзейсьненьне прызнанага ўсенькім сьветам і самай-жа Польшчай права паняволеных народаў на самавызначэньне тутака прыходзіцца йшчэ вясьці ўпорлівую, цяжкую барацьбу. Але вынік гэтае барацьбы можа быць толькі адзін: на гэта паказуе ход выпадкаў у Расеі за апошнія гады…
