# Доля быўшых панскіх батракоў-чэляднікаў

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/dolia-byushych-panskich-batrakou-cheliadnikau/
- Published: 1924-05-18T17:30:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T19:50:19+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/the-lot-of-former-manorial-farmhands.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/dolya-byvshikh-panskikh-batrakov-chyelyadnikov.md

> Былыя батракі з вёскі Вётхава на Ашмяншчыне пасьля адмены паншчыны атрымалі па тры дзесяціны на сям’ю. Цяпер пан Высоцкі дзеліць сэрвітут, і вёска можа страціць апошняе — пашу для жывёлы.

![Доля быўшых панскіх батракоў-чэляднікаў](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-557-2-1024x585.webp)

Вёска Вётхава Беніцкае воласьці Ашмянскага павету (1 вярста ад ст. Залесьсе) дастала пасьля скасаваньня паншчыны на 16 паасобных сямействаў былых батракоў толькі 48 дзесяцін зямлі, г. зн. па 3 дзесяціны на сямью. І з таго часу аж да гэтага году не прырэзана вёсцы ані воднай пядзі зямлі, а купіць ня маюць за што. У вёсцы налічаецца цяпер 22 паасобныя двары. Марнеюць людзі, чакаюць лепшых дзён, і з году ў год прадаюць за бясцэн сваю працу на дворнай зямлі акалічных паноў. А панская зямля абкружыла вузенькія палеткі вётхаўцаў з усіх бакоў. Вётхава — маленькі мужыцкі востраў у моры панскай зямлі двара Залесьсе кн. Агінскіх, а цяпер п. Высоцкага. Гэтаму пану закарцела раптам развязаць справу сэрвітутную з былымі „падданымі” двару вёскамі Міхневічы, Зарудзічы і Алянец. І мае намер выдзяляць прыналежную вёскам зямлю з сэрвітуту там, дзе ён хоча. Сяляне памянёных вёсак на падзел сэрвітуту не згаджаюцца — і добра робяць, бо інакш загубяць вётхаўцаў. Справа ў тым, што Вётхава не залічана было да лічбы тых вёсак, якія маюць права карыстацца ўсім сэрвітутным абшарам для пасьцьбы сваей жывёлы. І калі вётхаўцы і карысталіся сэрвітутам, дык толькі дзякуючы салідарнасьці і падтрыманьню сваіх суседніх вёсак. Калі-ж цяпер непамысна для вётхаўцаў разьвяжацца сэрвітутная справа, дык „крышка” беднай вёсцы: трымай жывёлу цэлы год у хлеве, альбо прадавай і гінь сам, альбо адрабляй двару Залесьсе за дазвол пасьцьбы гэтулькі дзён, колькі пану захочацца.

Калі-ж, урэшці, прыдзе лепшая доля для беднай вёскі Вётхава?
