# Інтэрпэляцыя ў справе кайданоў пасла Сяргея Барана

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/interpeliacyja-u-spravie-kajdanou-pasla-siarhieja/
- Published: 1924-06-13T19:30:00+00:00
- Updated: 2026-10-23T21:00:35+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/interpellation-in-the-matter-of-the.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/intyerpyellyatsiya-po-dyelu-o-kandalakh-na.md

> Паслы пратэстуюць супраць таго, што паліцыя ў Горадні закавала ў кайданы пасла Сяргея Барана, які сам прыйшоў на ваенны суд сьведкам, і патрабуюць пакараць вінаватых.

Паслы Ярэміча і тав. з Беларускага Клюбу да п. п. міністраў справядлівасьці і ўнутраных спраў—у справе наляжэньня кайданоў паслу Сяргею Барану.

Ваенны суд у Горадні вызваў на дзень 10 мая пасла Сяргея Барана, як сьведку. Вядучы яго ў 10 гадз. раніцы, гарадзенская паліцыя асьмеліліся узьдзець яму кайданы, пры чым, як-бы дзеля зьдзеку, вяла яго сярэдзінай вуліцы.

Пасол С. Баран, сталы жыхар м. Горадні, якое зьяўляецца яго родным местам, вядомы ўсей тутэйшай люднасьці, як заслужоны грамадзкі дзеяч і праўдзівы абаронца беларускага народу ў Польшчы. Дзеля гэтага ён і быў выбраны за пасла ў сваім вокрузе.

Як ведама, пасол С. Баран ў свой час самахоць зьявіўся на суд, што даводзіць што ён ня зьбіраўся ўкрывацца ад „вымеру справядлівасьці“; ён зьяўляецца палітычным вязьнем, а не крымінальным, дык закаваньне яго ў кайданы мы лічым за зьдзекаваньне паліцыі над беларускім паслом.

Факт гэты сьведчыць ня толькі аб наруганьні паліцыі над паслом Бараным, але і аб непашанаваньні дзяржаўнай адміністрацыяй высокага і сьвятога ўчуцьця беларускага працоўнага народу ў Польшчы, якое ён мае да свайго выбранца. Гэты факт яшчэ больш паглыбіў істнуючую прапасьць паміж польскай адміністрацыяй і беларускім народам.

Дзеля вышэйсказанага ніжэй падпісаныя пытаюцца ў п. п. міністраў: 1) ці ведама ім аб вышэйшым факце? 2) ці вышэйшая ўлада выдала загад узьдзець паслу Барану кайданы? 3) ці маняцца яны пацягнуць да адказнасьці вінаватых у надужыцьці над беларускім паслом? 4) ці маняцца далей дапускаць накладаньне кайданоў палітычным вязьням?

Варшава, 10 чэрвеня 1924 г.
