# Інтэрпэляцыя ў справе катаваньня бязьлетніх у Аношках

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/interpeliacyja-u-spravie-katavannia/
- Published: 1924-06-26T19:40:00+00:00
- Updated: 2026-11-11T01:45:36+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/interpellation-torture-of-minors-anoshki.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/interpellyatsiya-po-delu-pytok-nesovershennoletnikh.md

> Пасьля забойства вучыцеля і солтыса паліцыя арыштавала моладзь і катавала яе ў двары Каменкі. Паслы жадаюць ведаць, ці будуць пакараныя паліцыянты і ці хутка пойдзе судовае сьледзтва.

![Інтэрпэляцыя ў справе катаваньня бязьлетніх у Аношках](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-5795-1024x585.webp)

Паслоў з Беларускага Клюбу да п. п. міністраў справядлівасьці і ўнутраных спраў—у справе біцьця і катаваньня бязьлетніх беларусаў: Валадзімера Пракажына, Мікалая Шарапы, Яна Карачуна і Юстына Акуліка.

З дня 4 на 5 мая г. г. ў вёсцы Аношкі, Сноўскае гм., Нясьвіскага пав., былі забіты польскі вучыцель п. Кавальскі і солтыс Тамаш Хоміч.

Забойства здарылася пры гэткіх акалічнасьцях: 4 мая ў вёску Аношкі прыбыў вывядоўца павятовае паліцыі ў Нясьвіжы, Мельнік, і зажадаў у солтыса падводу. Дастаўшы яе, выбраўся ў дарогу; аднак, крыху счакаўшы, загадаў селяніну ехаць назад у вёску Аношкі, гдзе папрасіў у солтыса вызначыць яму кватэру, якую дастаў у народнай школе. З прычыны набліжэньня ночы,—была ўжо 8 гадз. вечара,—вывядоўца Мельнік пайшоў з солтысам у народную школу.

Назаўтрае раніцай да ведама жыхараў вёскі Аношкі дайшло аб забойстве ў народнай школе солтыса Тамаша Хоміча і вучыцеля Кавальскага.

У сувязі з гэтым пачаліся масавыя арышты мясцовае люднасьці. Арыштавалі кольідзесят асоб, якіх катавалі і пасьля звольнілі. Спаміж арыштаваных дагэтуль астаюцца ў вастрозе Валадзімер Пракажын — 16 гадоў, Мікалай Шарапа—19 гадоў, Ян Карачун — 24 гадоў і Юстын Акулік—20 гадоў, якіх перавезьлі ў двор Каменкі, пасадзілі ў склеп пад зямлёй, закавалі ў кайданы, абкруцілі іх цела мокрым шмацьцём і пачалі страшэнна катаваць, каб прымусіць іх прызнацца да віны. Ня гледзячы на тое, што нявінныя стараліся давясьці, пазываючыся па сьведкаў, што Пракажын, Карачун і Акулік у часе, калі было ўчынена забойства, былі на вечарыне ў доме Анны Пракажын, а Шарапа езьдзіў у вёску Квачы па дровы, ды там і начаваў, паліцыя не схацела папытацца ў сьведкаў, а далей катавала, даводзячы арыштаваных да стану ўтраты прытомнасьці. Учыніўшы гэты праступак зьдзекаваньня, біцьця і катаваньня бязьлетніх беларусаў пасадзілі ў вастрозе ў Нясьвіжы.

Дзеля вышэйшага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п. п. міністраў: 1) ці маняцца яны ўрэшце прыступіць да выкараненьня ў Польшчы зьдзекаў, біцьця і катаваньня арыштаваных? 2) ці маняцца яны ўраз-жа аддаць пад суд агентаў паліцыі, якія катавалі бязьлетніх беларусаў? 3) ці маняцца прыспешыць судовае сьледзтва ў справе западозраных у забойстве вучыцеля і солтыса?

Варшава, 3 чэрвеня 1924 г.
