# Інтэрпэляцыя ў справе разгону веча ў Даугінаве

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/interpeliacyja-u-spravie-razhonu-viecha/
- Published: 1924-06-26T19:45:00+00:00
- Updated: 2026-11-11T01:46:28+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/dispersal-meeting-daugienava.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/interpellyatsiya-po-delu-razgona-vecha.md

> Паслы Беларускага клюбу пытаюцца ў міністра, ці сапраўды існуе цыркуляр, што забараняе пасольскія справаздаўчыя вечы. Падставай стаў разгон паліцыяй веча кс. Станкевіча ў Даугінаве.

![Інтэрпэляцыя ў справе разгону веча ў Даугінаве](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-5792-1024x585.webp)

Паслоў з Беларускага Клюбу да п. міністра ўнутраных спраў у справе разгону паліцыяй пасольскага справаздаўчага веча ў м. Даугінаве 8 мая 1924 г.

8 мая г. г. ў м. Даугінаве, Вялейскага пав., пасламі кс. Ад. Станкевічам і Ант. Аўсянікам было зарганізавана справаздаўчае веча. З прычыны таго, што тутэйшае насяленьне зьявілася на сход у вялікай лічбе,—было больш за 2.000 ўчасьнікаў,—веча распачалася на рынковым пляцу. У часе прамовы другога з чароду пасла, кс. А. Станкевіча, зьявілася пешая і конная паліцыя і распачала наступленьне на вёўшы сябе зусім спакойна народ, стараючыся разагнаць веча. Паліцыя, аружная вінтоўкамі і голымі шаблямі, пачала атакаваць грамаду людзей, якая, разумеючы зусім добра незаконнасьць паступкаў паліцыі, вельмі слушна дала адпор гэным выхадкам паліцыі і прымусіла яе ўшанаваць права вячуючых і адступіцца ад імкненьня да разгону веча.

Пасьля, пры выясьненьні гэткага паступку паліцыі, аказалася, што даўгінаўская паліцыя загад разьвязаць веча мела ад п. вялейскага старосты, п. староста—ад п. дэлегата ўраду ў Вільні, які, даючы адпаведны загад, быццам-то апіраўся на істнуючым цыркуляры міністэрства ўнутраных спраў, якім забараняюцца пасольскія вечы пад адкрытым небам.

Дзеля гэтага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п. міністра: 1) ці запраўды міністэрства ўнутраных спраў выдала цыркуляр, забараняючы справаздаўчыя пасольскія вечы? 2) калі так, дык на якой падставе міністэрства выдала гэты цыркуляр?

Варшава, 5 чэрвеня 1924 г.
