# Як вядзе сябе Нясьвіжская шляхта

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/jak-viadzie-siabie-niasvizhskaja-shliachta/
- Published: 1924-05-18T17:10:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T19:50:07+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/how-the-nyasvizh-szlachta-behaves.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/kak-vyedyot-syebya-nyesvizhskaya-shlyakhta.md

> Шляхта на Нясьвіжчыне помсьціць беларусам, якія бароняць сваіх паслоў, — піша на іх даносы. Праз такі данос тыдзень у арышце правёў Янка Новік з хутара Залуж’е.

![Як вядзе сябе Нясьвіжская шляхта](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1022-1024x585.webp)

Нясьвіжская шляхта страшэнна абурана на нашых беларускіх паслоў, якія 16 сакавіка ў Нясьвіжы на беларускім зьездзе рабілі справаздачу. Гэта справаздача не спадабалася, разумеецца, панам-абшарнікам, адміністрацыі, паліцыі і іншым, хто так ці інакш апякуецца тутэйшымі земляробамі-беларусамі. Засьцянковая шляхта таксама лічыць сябе палякамі і паўтарае ўсякую „брахню” на нашых паслоў, абзываючы нашых выбраньнікаў самымі няпрыстойнымі словамі. І лаюцца яны ўсюды. Калі-ж хто з беларусаў часамі адважыцца бараніць сваіх прадстаўнікоў, дык шляхта ўсякімі срэдствамі стараецца напакасьціць яму. Яны падаюць даносы ў паліцыю, што такі-то і такі ёсьць бандыта, бальшавік, лае польскую ўладу і агітуе проціў Польшчы.

І зусім вядома, што фальшыва абвінавачанага арыштоўваюць і водзяць па сьледчай паліцыі, каб той сазнаўся да якой „банды” належыць.

Гэтак было з адным сьвядомым беларусам Новікам Янкам з хутара Залуж’е Ланьскай гміны, які адважыўся бараніць гонар беларускіх прадстаўнікоў у Сойме. Суседняя шляхта зрабіла данос, і Новіка арыштавалі, але праз тыдзень звольнілі з-пад арышту, бо сьледавацель віны ў ім не знайшоў. А даносчыкі з шляхты застаюцца, вядома, непакаранымі.
