# Каапэратыўны зьезд

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/kaaperatyuny-zjezd/
- Published: 1924-06-21T18:20:00+00:00
- Updated: 2026-11-10T01:39:27+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/cooperative-congress.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/kooperativnyy-sezd.md

> У суботу, 21 чэрвеня, у Вільні збіраецца зьезд беларускіх каапэратараў з Саюзу Каапэратываў. Паведамляецца парадак нарады і заклік не даць польскім нацыяналістам заняць кіраўніцтва.

![Каапэратыўны зьезд](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-2575-1024x585.webp)

У суботу, 21-га чэрвеня, адчыняецца зьезд прадстаўнікоў каапэратываў, якія належаць да Саюзу Каапэратываў (Малая Пагулянка 12). Зьезд будзе адбывацца ў памешканьні польскага Клюбу Працоўнае Інтэлігенцыі (вул. сьв. Анны № 2) і пачнецца а 5 гадз. папал.

Парадак дня:

1). Адчыненьне і выбары прэзыдыуму.

2). Зацьверджаньне наказу аб парадку працы зьезду.

3). Чытаньне пратаколу папярэдняга зьезду.

4). Справаздача Управы аб дзейнасьці Саюзу.

5). Справаздача Надзорчае Рады.

6). Зацьверджаньне балянсаў і праекту падзелу зыску.

7). Плян дзейнасьці і бюджэт Саюзу на 1924 г.

8). Справа далучэньня да Рэвізыйнага Саюзу.

9). Зьмены ў статуце.

10). Справа павялічэньня паёў.

11). Справа Касы Працаўнікоў Саюзу.

12). Падняцьце вышыні пры пазыках.

13). Выбары Рады і Управы.

14). Вольныя прапазіцыі.

З гэтага сьпіску спраў відаць важнасьць зьезду. На ім-жа адбудуцца і выбары Рады і Управы Саюзу.

З прычыны таго, што польскія каапэратары стараюцца „выкурыць“ з Саюзу беларускі дух і абярнуць яго ў „пляцоўку польскасьці“, каапэратары-беларусы павінны пільна ўважыць, каб іх не пакрыўдзілі і каб Саюзу не апанавалі людзі, якія імкнуцца да спольшчаньня яго.

Асабліва трэба на гэта ўважаць пры выбарах Рады і Управы, каб туды не папалі польскія нацыяналісты, варожыя да нашага сялянства, якое складае вялікшую частку сябраў каапэратываў.
