# Крэсовыя нарады

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/kresovyja-narady/
- Published: 1924-05-22T19:35:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T14:41:29+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/kresy-conferences.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/kryesovyye-sovyeshchaniya.md

> Грабскі склікаў камісію па Крэсах, але не запрасіў ніводнага прадстаўніка мясцовага насельніцтва — ні беларусаў, ні нават віленскіх палякаў. Замест выбраных паслоў ён падабраў сваіх.

![Крэсовыя нарады](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-715-1024x585.webp)

Польскі ўрад пад націскам з усіх бакоў рашуча быццам заняўся справамі „Kresów Wschodnich“.

Для папярэдняй нарады прэм. Грабскі арганізаваў досыць вялікую камісію, якая ўжо пачала працу, выслухаўшы абшырныя „рэфэраты“ міністраў аб агульным палажэньні на „Крэсах“ у галінах адміністрацыі, „стану беспячэнства“ і прасьветна-царкоўнай.

Вельмі цікавы склад „камісіі п. Грабскага“. Галоўнае ядро камісіі складае „палітычны камітэт“ Рады Міністраў. Другую групу сяброў складаюць паслы і сэнатары, якіх асабіста выбіраў і запрашаў п. Грабскі, паводле свайго густу…

І вось — найцікавейшае, — што да гэтай крэсовай камісіі не запрошаны ані адзін прадстаўнік Віленшчыны — сталічнага вокруга гэтых самых „Крэсаў“… не запрошаны — ня толькі паслы меншасьцяў, але нават „прыроджаныя гаспадары“ краю — паны палякі. Замест таго, — заміж ужо выбраных паслоў ад мясцовага насяленьня, якія, паводле Канстытуцыі, якраз і закліканы да таго, каб „radzić i rządzić“ перадусім ў справах краю, п. Грабскім асабіста, так сказаць, „выбраны нанова“ і закліканы да нарады „свае паслы“ ў камісію — п. п. Мэйштовіч, быўшы „прэм’ер Сярэдняй Літвы“, Раман Скірмунт, вялікі абшарнік з Піншчыны, якога вельмі выхваляе віленскае „Słowo“, як „аднаго з нялічных людзей, што маюць праграму ўпраўленьня для паўночных ваяводзтваў Польшчы“..; п. Бжостоўскі запрошаны па рэкамэндацыі групы „Пяста“; пан Wakar, нейкі „idejowy wyzwoleniec“, таксама запрошаны да камісіі разам з п. Świechowskim — будуць прадстаўляць у ёй „лявіцу“, ці як кажа „Słowo“ — „таго кірунку, які раскладае нашу дзяржаву і які зьгубіць Польшчу“…

Вось — усе „doradcy“ і рэчазнаўцы, якія будуць разважаць, а можа вырашаць аб „новым напрамку“ палітыкі адносна да нашага Краю… Аб нашым краі ізноў, як і заўсёды, будуць рашаць бяз нас, ці-ж у гэтым „новае“?!
