# Мікіта. Байка

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/mikita-bajka/
- Published: 1924-05-18T18:15:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T14:40:18+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/mikita-a-fable.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/mikita-basnya.md

> Байка пра мядзьведзя Мікіту, які трапіў у воўчую яму і застаўся ў ваўкоў за парабка — аж пакуль ня ўчуў, як ваўчыха называе яго дурнем.

![Мікіта. Байка](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-649-1024x585.webp)

Жылі-былі мядзьведзь з мядзьвядзіхай. Жылі яны ў вялікай пушчы. Радзіўся ў іх сынок Мікітка. Мядзьвядзянё было шустрае, здаровае, вясёлае. Рос Мікітка, рос, што дня быў большы і здаравейшы. І вот вырас на вялікага мядзьвядзя — Мікіту. Бацькі не маглі нацешыцца з яго: такі ўжо быў удалы і прыгожы ну — проста кроў з малаком. Але не пад сілу зрабілася бацьком выкарміць яго; дык стары мядзьведзь і кажа: „Слухай, сынок! ты ўжо вялікі Мікітка, а мы старыя. У цябе сіла вялікая, а раўнеш мацней за мяне: можаш сам на сябе зарабіць. Ідзі на свой хлеб”.

Што зробіш? Выбраўся Мікіта ад старых бацькоў. Бацька яму адмерыў кавалак лесу, кусок пасекі, полаць пацяробу ды хмызнякоў паласу. Усяго з усім разам дык за месяцы тры ўкруг не абышоў-бы. Ідзе сабе Мікіта па сваей Бацькаўшчыне, разглядаецца, аж гоп! у воўчую яму і ўваліўся.

Тут ваўкі яго абскочылі, завылі, забрахалі: прасілі быць госьцям. Гасьцілі доўга, кармілі смачна, клалі спаць у мягкую пасьцель. Неяк яно так злажылася, што мядзьведзь тамака саўсім зжыўся і астаўся: было яму добра і спакойна. Толькі-ж дзень па дні пераходзіць, а Мікіце работы даюць больш, а ежы меньш. Мікіта ваўчанят забаўляе, Мікіта старажыць ў ночы, Мікіта сьцеле пасьцель, папраўляе яму, ходзіць на паляваньне. Ды ўсё ён не дагодзіць; як не стараецца, а ўсё ня добра. Бывала плача бедны ў ночы, або стогне. Дык і тут на яго ваўчыха азьверылася: „ты, кажа, нам спаць у ночы не даеш”. Кляў мядзьведзь сваю долю. Але вось што было горш горшага, дык тое, што ваўкі забаранілі Мікіце раўці памядзьвежаму: казалі выць паваўчаму. Як ён не стараўся, а ніяк ня мог патрапіць: голас меў лішне грубы, дык воўчую ноту ня мог выцягнуць. Бывала, аж спацее, аж у горле баліць: так стараўся, каб было тонка, дык і то ваўкі злуюць і сьмяюцца. Адзін раз у ваўкоў было вясельле. Казалі Мікіце пяяць, танцаваць, а самі з яго сьмяюцца, дражняць. На заўтра мядзьведзь злавіў бычка, прынёс да ямы і аддаў ваўком. Ваўчыха наракае, што худога злавіў. Ну, ваўкі ядуць, балююць, гуляюць, а Мікіце далі пасмактаць толькі голую скуру. Жаль нейкі сьціснуў за горла Мікіту і ён ужо хацеў сабе сьмерць зрабіць.

Калі гэта раз Мікіта дрэміць каля ямы, а старая ваўчыха навучае ваўчанё, як жыць на сьвеце. Яна Мікіты ня прыгледзіла. Толькі гэта Мікіта чуе, як ваўчыха гаворыць свайму дзіцяці: „…ты нікога ня бойся! будзь сьмелы і хітры, дык тады цябе будуць баяцца ўсе. Вось мы маем на службе мядзьвядзя. Ён сільны; мог-бы нас усіх пабіць, але мы яго перахітрылі, бо ён дурны Мікіта”.

У Мікіты стала біцца сэрца; кроў ударыла ў галаву. „То так? думае Мікіта: яны павінны мне служыць, а не я ім. Ну, досыць я пакутаваў праз свой дурны розум!”

Схапіўся Мікіта, ды калі стукне кулаком ваўчаняці па галаве, дык яно і лапкі задзёрла. Ваўчыха да Мікіты, а ён як плясьне ёй лапай па мордзе, дык зубы й пасыпаліся. Ваўчыха завыла нямым голасам; адкуль узялася цэлая стада ваўкоў, ды да мядзьвядзя. А ён калі гэта вырве ёлку з каранём, ды як махне раз — палавіну палажыў; як махне другі раз, дык ані аднаго не асталося. Аж тут надбягаюць воўчыя сваякі: шакалы, ваўкалакі, гіены. Мікіта і тым галовы паскручаваў.

Тагды Мікіта зароў чыстым мядзьвежым голасам, ды так звучна, што рэха панясло той голас далей і далей, аж на край лесу. Задрыжэлі горы, затрасьліся дубы старыя, запужаліся ўсе зьвярата ў лесе. Тады ўсе пазналі, што Мікіта стаў вольным гаспадаром у сваей Бацькаўшчыне.

(„Krynica” № 6).
