# Новы габінэт у Японіі

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/novy-habinet-japonii/
- Published: 1924-06-26T18:15:00+00:00
- Updated: 2026-11-11T01:47:10+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/new-cabinet-japan.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/novyy-kabinet-yaponii.md

> У Японіі пасьля крызісу ўтварыў ўрад віцэ-граф Като, лідэр лібэралаў-канстытуцыяналістаў, што перамаглі на выбарах. Галоўнае ў праграме — новы выбарны закон.

![Новы габінэт у Японіі](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6159-1024x585.webp)

Пасьля доўгага крызісу нарэшце злажыўся ў Японіі новы ўрад. Дагэтуль у Японіі амаль ня выключна панавалі абшарнікі-кансэрватысты, якія ў паразуменьні з знамянітым Генро (ўсемагутная асабістая рада Мікады) трымалі народ у зялезных руках паліцэйскім тэрорам.

Вялікае трасеньне зямлі і апошнія выбары зрабілі страшэнны ўдар гэтай адвечнай дыктатуры. Цяпер да ўлады дайшлі не абшарнікі, але прамыслоўцы.—лібэралы-канстытуцыяналісты, якія перамаглі на апошніх выбарах, атрымаўшы каля 150 мандатаў (з агульнага ліку 460).

Лідэр гэтай партыі, віцэ-граф Като, атрымаў ад Мікада даручэньне стварыць урад. Ня маючы абсалютнай большасьці ў парляманце, ён зрабіў кааліцыю з трох буржуазных опозыцыйных партыяў, захаваўшы для сваей групкі рашучую перавагу ў габінэце.

Як бачым, аб учасьці народу ў уладзе яшчэ няма мовы, і гэта—дзеля таго, што Японія яшчэ ня мае агульнага выбарнага права. Прадстаўнікоў працоўных масаў зусім няма ў японскім парляманце. Але з гэтым лёзунгам агульнага выбарнага права выступіла ў часе выбараў партыя лібэралаў, і ён якраз і даў ёй перамогу.

Дык вось, галоўным пунктам праграмы новага ўраду і зьяўляецца выработка новага выбарнага закону. Урад п. Като мае ў парляманце большасьць 280 галасоў, ня лічучы безпартыйных, якія таксама абяцаліся падтрымаць лібэральныя рэформы ўраду. Замежныя справы даручаны быўшаму паслу ў Амэрыцы, і з гэтага відаць, што канфлікт з Амэрыкай будзе зьліквідаваны мірна.

Як мы калісьці прарочылі, зямлітрасеньне аказалася не бяз карысьці для Японіі…
