# Панскія машэнствы

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/panskija-mashenstvy/
- Published: 1924-06-28T18:05:00+00:00
- Updated: 2026-11-08T22:48:53+00:00
- Section: Архівы
- Language: be

> У мястэчку Даўгінава запужаныя бандытамі жыхары пачалі збор грошай, але двое мясцовых „пісараў“ напісалі пэтыцыю супраць самых паслоў. Сход парваў гэты ліст і даручыў напісаць новы сваім людзям.

![Панскія машэнствы](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6720-1024x585.webp)

(М. Даўгінава, Вялейскага пав.).

Неяк праз тыдзень пасьля адбыўшагася тут беларускага пасольскага веча, 15 мая, у нашым Даўгінаве ўзьнялася трывога: зьнекуль разыйшліся чуткі аб спадзяваным нападзе бандытаў. Чуткі гэтыя падмацавала паліцыя: у мястэчка пачалі прыбываць паліцэйскія з суседніх пастарункаў, і праз усю ноч па мястэчку адбывалася страляніна. Тое-ж было і назаўтрае, 16 мая. А ў начы з 18 на 19 адбыўся запраўды бандыцкі напад, толькі ня тут, дзе яго чакалі, а на Крывічы, дзе ніхто яго не спадзяваўся.

Ды ня ў гэтым справа, — а справа ў тым, што жыхары нашага мястэчка, перажыўшы дзьве трывожныя ночы і запужаныя выпадкам у Крывічох, пастанавілі шукаць нейкага ратунку для сябе. У Даўгінаве з‘арганізаваўся камітэт абароны ад бандытаў. Сябры яго пачалі зьбіраць грошы на пасылку дэлегацыі ў Варшаву — да цантральнага ўраду. Людзі ахвотна давалі грошы. Пасьля камітэт гэны склікаў грамадзян на сход у валасьць—пісаць пэтыцыю да ўлады, каб забясьпечыла жыцьцё і маемасьць нашага жыхарства. Пісаць даручылі адвакату Казлоўскаму і аднаму асадніку-афіцэру. І што-ж тыя напісалі? Калі пачалі чытаць іх пісаньне, дык выбухнула праўдзівая бура абурэньня: бо гэныя паны, замест прасіць абароны ад бандытаў, напісалі, што быццам у бандытызьме вінаваты… ну, хто-б вы думалі? Ня больш і ня менш, як нашыя паважаныя паслы, што рабілі 8 мая веча, — кс. Станкевіч і А. Аўсянік! І гэныя эндэкі, што пісалі пэтыцыю, прасілі ў ёй урад, каб такіх „бунтаўшчыкоў“ пасадзілі хутчэй у вастрог!

Так польскія панкі хацелі надужыць і выкарыстаць трывогу насяленьня дзеля сваіх подлых плянаў! Але ня тут тое было! Усе сабраныя гарача запратэставалі проці гэткага машэнства, а пісаньне гэных панкоў парвалі на дробныя кусочкі і патаптале нагамі.

Напісаць новую пэтыцыю даручылі тады ўжо сваім, тутэйшым людзям, якія гэта і зрабілі.
