# Перамены ў складзе ўраду

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/pieramieny-u-skladzie-uradu/
- Published: 1924-05-18T19:35:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T14:58:02+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/changes-in-the-composition-of-the-government.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/pyeryemyeny-v-sostavye-pravityelstva.md

> Пасьля паразы францускай правіцы Варшава зьбіраецца памяняць міністраў-„нарадоўцаў”: ідуць чуткі пра адстаўку Замойскага, Гюбнэра і Міклашэўскага. Ці стане ад гэтага лягчэй беларусам, газэта ня ведае, — але дзякаваць, калі што, трэба будзе Парыжу.

![Перамены ў складзе ўраду](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-486-3-1024x585.webp)

Той сьмяротны ўдар, які нанясьлі францускай „правіцы” толькі што адбыўшыяся выбары, даўшыя знамянітую перамогу сацыялістычнай лявіцы, не маглі прайсьці бяз рашучага ўплыву на Польшчу. На выбарах рашуча пабітай аказаліся якраз усе падтрымліваючыя Польшчу партыі, і да ўлады падойдуць амаль ня „ворагі”, калі ня Польшчы, дык ужо бязумоўна тэй польскай палітыкі, якая толькі што была якраз лідэрамі ўсіх цяпер перамогшых на выбарах групаў і кіраўнікоў заклеймяна, як палітыка „белага тэрору”…

І вось — зусім зразумела, што орыентаваўшыся на гэтую, толькі што кіраваўшую Краем „народную Францыю”, польскі ўрад пачуў сябе вельмі нялоўка і нямоцна. Трэба дапасоўвацца неяк да новых настрояў вялікага „пана”, ад якога незалежная Польшча знаходзіцца ў вельмі яўнай залежнасьці. І вось газэты падаюць, што найбольш важныя кіруючыя міністэрскія пасты, як мін. загран. спраў, унутран. спраў і прасьветы, якія заняты якраз найбольш яскрава афарбаванымі „нарадоўцамі”, атрымаюць новых кіраўнікоў.

На мейсца гр. Замойскага называюць наступнікам б. мін. загран. спраў у габінэце Сікорскага п. Скшыньскага, наместа толькі што назначанага мін. ўнутр. спраў б. пракурора Гюбнэра, якому было толькі што дадзена спэцыяльнае заданьне „падцягнуць” Усходнія Крэсы, дух якога яскрава праявіўся ў расправах паліцыі з мірнымі першамайскімі паходамі па ўсей Рэспубліцы, і ў далейшым „фаршаваньнем” польскіх вастрогаў „камуністамі”, намячаюць быццам „свайго” Тугута…

Нарэшце, быццам гоняць у заслужаную адстаўку, можа найбольш яскравага прадстаўніка „белага тэрору” ў галіне „прасьветнай” палітыкі Польшчы мін. Міклашэўскага…

Ці будзе лепш ад гэтых пераменаў для нас беларусаў? Сьпярша пабачым, тады скажам…

У-ва ўсякім разе, калі будзе лягчэй, дык ня Польшчы прыдзецца нам за гэта дзякаваць, але „новай” Францыі… І, трэба дадаць, — невялікую пашану да сябе ўзбуджае той, што робіцца лепшым ня з унутранага імкненьня і пашаны да дабра, але з аглядкі на нейкае вонкавае „начальства”, — са страху перад тым, каб ня „ўсыпалі”…
