# Польская прэса аб камісіі дзеля спраў „меншасьцяў“

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/polskaja-presa-ab-kamisii-dzielia-sprau-mienshasciau/
- Published: 1924-05-25T18:30:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T21:01:05+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/the-polish-press-on-the-commission-for-the-affairs-of-the-minorities.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/polskaya-pryessa-o-komissii-po-dyelam-myenshinstv.md

> „Kurjer Polski“ і Hołówko скептычна ставяцца да ўрадавых „рэформаў“ на Крэсах: кажуць, што канстытуцыя парушаецца штодня. Пасол Воевудзкі ўвогуле адмовіўся ўдзельнічаць у камісіі аб меншасьцях.

![Польская прэса аб камісіі дзеля спраў „меншасьцяў“](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-949-1024x585.webp)

Больш паважная і шануючая сябе польская прэса глядзіць на ўрадовыя мяркаваньні „уладжаньня“ справы аб „нацыянальных меншасьцях“ дужа пэсымістычна.

„Kurjer Polski“, даўшы абраз шырокае беларускае культурна-нацыянальнае працы ў Радавай Беларусі, а таксама адзначыўшы галоўныя факты уціску „меншасьцяў“, а ў тым ліку і беларусаў, у Польскай рэспубліцы, кажа ў стацьці „Iskry w prochowni“ гэтак:

Перад гэтымі абразамі і фактамі як-жа годным жалю зьяўляецца прыгатаўленьне (польскім урадам) раформы адміністрацыі, як быццам перамены на становішчах ваяводаў, старостаў ці начальнікаў паліцыі маглі сяньня хоць-бы ў найменшай меры ўхіліць тое зло, што грунтуецца ў самай аснове крэсавых адносінаў! Мы ўжо ня раз адзначалі, што ў гэтай страшэнна распаленай, небясьпечнай і чаднай атмасфэры адна толькі раформа адміністрацыі, якая мо‘ мела-бы некаторае пазытыўнае значэньне пару гадоў таму назад, сягоньня прадстаўляла-бы толькі простае вонкавае перастаўленьне фігураў бяз нікага ўплыву на думкі насяленьня, а перад усім ня ўхіліла-бы тых прычын, якія ператвараюць крэсы ў адзін вялізарны склад выбуховых матар‘ялаў.

Калі запавяданы праект аздараўленьня ня будзе закроены на такую вялікую меру, каб адкрываў новыя шырокія кругазоры ў крэсавай палітыцы, калі ўрад ня пойдзе сьмела, без фальшывае саромлівасьці, пагарджаючы палавіннымі спосабамі, па шляху запраўдных рэформ і не ўвядзе par force у жыцьцё канстытуцыйных гарантыяў, дык перамена ў палажэньні на крэсах будзе і надалей прадстаўляць вельмі імсьцівую ілюзію…

А аб гэных „канстытуцыйных гарантыях“ грам. Tadeusz Hołówko піша ў „Robotniku“:

Польская дзяржава стаіць сяньня на фальшу (kłamstwie). Трэба гэтае шчыра сказаць. І гэта нас перасьледуе. Пахваляемся перад Эўропай канстытуцыяй 17 сакавіка, але на дзеле яе топча безкарна ня толькі кожны паліцэйскі, але топчуць яе і міністры. Канстытуцыя шумна гаворыць аб рэлігійнай цярпімасьці, а тымчасам міністар народнае асьветы бязчынна глядзіць, як на жаданьне ксяндзоў выганяюць з Польшчы мэтадыстаў, перасьледуюць нацыянальны касьцёл, дасьледчыкаў сьвятога пісаньня. Канстытуцыя гаворыць аб свабодзе прэсы,—а ў судох чуць не што-дня адбываюцца працэсы левых газэт. Канстытуцыя пекна гаворыць аб шанаваньні правоў нацыянальных меншасьцяў, а на дзеле…

„Robotnik“ дыпляматычна не дагаварывае! Ня дзіва, што пасол Воевудзкі, паляк з Лідчыны, добры знаўца „крэсавых“ адносінаў, катэгарычна адмовіўся ад запросін п. Грабскага да ўчасьця ў урадовай камісіі аб „меншасьцях“: дэклямацыя аб канстытуцы, якой ніхто ў адносінах да „меншасьцяў“ ня трымаецца, ужо ўсім абрыдла. І п. Воевудзкі зусім справядліва тлумачыць сваю адмову карэспандэнту газэты „Nasz Przegląd“:

Я лічу, што, калі запраўды хочуць дабіцца разьвязкі пытаньня аб нацыянальных меншасьцях, дык нельга адсунуць ад учасьця ў нарадах іменна прадстаўнікоў зацікаўленых нацыянальных меншасьцяў. Гэта ня толькі абмылкова, але прост непрылічна. Стоючы на гэтым грунце, я і пастанавіў ня прыймаць учасьця ў нарадах. Паступаньне ўраду прадстаўляе далейшае ўжываньне мэтадаў, уведзеных прэзыдэнтам Рэчыпаспалітае, якія станоўча асуждаю.

Галасы эндэцкае прэсы стараюцца давясьці ўраду, што ніякіх палітычных і сацыяльных рэформ для „крэсаў“ ня трэба: трэба толькі „зялезны кулак“, ды, як пісала надовячы „Gazeta Poranna“, stan wyjątkowy!

Фактычна, такі іменна стан у нас увесь час і істнуе, бо „канстытуцыйных гарантыяў“ мы, беларусы, ў адносінах да нашага народу дагэтуль ня бачылі!
