# Пратаярэй Міхал Пліс: некролёг

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/pratajarej-michal-plis-niekrolioh/
- Published: 1924-05-25T18:40:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T21:00:49+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/archpriest-michal-plis-an-obituary.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/protoiyeryey-mikhail-plis-nyekrolog.md

> Памёр сябра Віленскай кансысторыі пратаярэй Міхал Пліс, адзін з нямногіх старых сьвятароў-беларусаў. Некролёг прыгадвае яго шлях ад сэмінарыі да першых беларускіх набажэнстваў і выкладаньня ў гімназіі.

![Пратаярэй Міхал Пліс: некролёг](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1008-1024x585.webp)

(Нэкролёг)

29-га красавіка 1924 г. памёр сябра Віленскае Духоўнае Кансысторыі і Ключар Катадральнага Сабору, пратаярэй Міхал Пліс.

Нябошчык належаў, разам з памёршым раней пратаярэям А. Белавенцам, да невялічкай ужо жмені старых сьвяшчэньнікаў-беларусаў.

Нарадзіўся айцец Міхал у Горадзеншчыне і атрымаў адукацыю ў Віленскай (тады Літоўскай) Духоўнай Сэмінарыі, якую скончыў у 1879 годзе. З гэтага часу, на працягу сарока пяцёх гадоў, ідзець працоўнае жыцьцё нябошчыка—спачатку на вёсцы (ў Ашмяншчыне), а потым у Вільні. І вось трэба дзівіцца і брань сабе за прыклад ідэолёгію гэтага чалавека, калі ўспомніць, у якіх варунках прыйшлося жыць яму і працаваць. Малады хлапец, які ня ведаў у роднай хаце іншае мовы, апрача беларускае, старанна апрацоўваецца ў тутэйшай сэмінары, гэтай знанай фабрыцы „русскаго духа і самодержавнаго православія“. Але, усё гэта не зламіла моцнага духу айца Міхала і ён здалеў правезьці, блізка праз паўсотні гадоў, шчырую любоў да роднае культуры і стварыць ідэолёгію роднае беларускае царквы.

Здольнасьці нябошчыка неаднакроць зварачывалі на яго ўвагу выдатных сьвяціцеляў, займаўшых Віленскую катадру. Урэшце Архіяпіскап Літоўскі і Віленскі Ціхан (цяперашні Маскоўскі Патрыярх) вызначыў яго сваім прадстаўніком на Маскоўскім Царкоўным Саборы 1917—1918 г. г.

У апошнія гады айцец Міхал моцна стануў на шляху адраджэньня беларускае царквы і сьмела і цьверда сказаў аб неабходнасьці мець яе, рашуча адхіляючы чужую апеку, з якога-б боку яна ня йшла.

Дорага для нас, беларусаў, адзначыць яшчэ і тое, што памёршы пратаярэй быў першым вучыцелем Закону Божага ў Віленскай Беларускай Гімназіі і што ён першы ўвеў у царкве пяньне рэлігійных песьняў у роднай беларускай мове.

Хой-жа лёгкая будзе табе, дарагі наш айцец Міхал, родная зямелька! Думак тваіх мы не забудзем!
