# Расчараваньне

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/rascharavannie/
- Published: 1924-06-21T20:00:00+00:00
- Updated: 2026-11-10T01:36:31+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/disappointment.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/razocharovanie.md

> Праз два гады пасьля выбараў у Сойм беларусы бачаць, што іх паслы ня здолелі нічога дамагчыся: польская ўлада адкідае аўтаномію і роўнасьць нацыянальных меншасьцяў. Аўтар шукае выйсьце ва ўзаемным разуменьні працоўных масаў.

![Расчараваньне](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1303-1024x585.webp)

Два гады таму назад, калі пачалася падгатоўка да выбараў у варшаўскі Сойм, сярод беларускага насяленьня Заходняе Беларусі панавала цьвёрдая вера, што і для яго настануць лепшыя часы.

— „Блага было дагэтуль, бо ня было ў нас сваіх заступнікаў у Сойме“,—думалі людзі, шчыра спадзяючыся, што ўваход у Сойм беларускіх паслоў рашуча перамяніць бяспраўнае палажэньне нашае краіны.

Вось гэтая вера і вяла беларускае сяляніства да выбарных урн і ўкладала ў іх рукі картачкі з нумярамі, пад якімі ў выбарных сьпісках стаялі беларускія імёны.

Бліскучая выбарная перамога беларусаў яшчэ больш узмацавала веру народу ў магчымасьць паправы ягонае долі праз Сойм. Людзі йшлі да паслоў з сваімі скаргамі і пажаданьнямі, слалі прыгаворы і наказы, ў якіх дамагаліся роднае школы, зямлі, грамадзянскае свабоды і, урэшце, аўтаноміі для Заходняе Беларусі, каб сам наш народ быў гаспадаром у сваей Бацькаўшчыне.

Але йшоў месяц за месяцам, год за годам, а палажэньне беларускіх працоўных масаў пад уладай Польшчы станавілася ўсё цяжэйшым і цяжэйшым. Голас беларускіх паслоў у Сойме аказаўся „голасам гукаючага ў пустыні“. Польская дзяржава вустамі свайго „першага грамадзяніна“—прэзыдэнта Войцеховскага—рашуча заявіла, што „прыражоным гаспадаром“ у межах Польшчы ёсьць і будзе выключна польскі народ. Жыцьцёвая-ж практыка паказала, што такая „няпісаная канстытуцыя“, абярнуўшая няпольскія нацыянальнасьці ў нявольнікаў „прыражонага гаспадара“, шмат мацней за пісаную, якая ўрачыста абвяшчала роўнасьць усіх грамадзян дзяржавы, незалежна ад іх нацыянальнасьці і веры.

І разьвеяліся надзеі на паляпшэньне бяспраўнага жыцьця беларускіх рабачаяў, і памерла вера ў Сойм, у Канстытуцыю, у аўтаномію. Дый не магло быць інакш: што можа быць варта аўтаномія, калі-б яе нават зацьвярдзіў той Сойм, які перакананы, што польскі народ прызваны панаваць над намі, а мы павінны служыць яму за той гной, на каторым узыходзе і расцьвітае „вялікая польская культура“?

Ніводзін з пунктаў беларускае выбарнае праграмы ня зьдзейсьніўся праз Сойм. І вось нашы паслы адкрыта заяўляюць з соймавае трыбуны, што народ наш зьняверыўся ў „дэмакратызьме“ Польшчы, зьняверыўся і ў тэй польскай дэмакраты, якая так многа салодкіх слоў умела казаць перад выбарамі. Няма надзеі на лепшую будучыну ў сучаснай Польшчы, хоць-бы яна нават і „аўтаномію“ дала сваім „крэсам“….

Зусім такія самыя заявы робяць украінскія паслы ад іма свайго народу. Усюды — поўнае расчараваньне, поўнае зьняверэньне ў магчымасьць лепшага жыцьця ў межах польскага гаспадарства.

І вось, замест зусім умяркаваных клічаў: родная школа, зямля, аўтаномія,—з соймавае трыбуны падаюць лёзунгі, якія йдуць шмат далей, чым усе выбарныя праграмы і клічы. Украінскія паслы гавораць аб вылучэньні ўкраінскіх зямель з складу Польскае Рэспублікі: Павло Васыньчук—дарогай плебісцыту, Войтюк—жадаючы вываду польскіх войск, польскае адміністрацыі і далучэньня да Радавае Украіны. Беларускі пасол Тарашкевіч ускладае свае надзеі на палітычную і сацыяльную рэвалюцыю ў Польшчы.

Адзначаем гэтыя факты, як „знаменьні часу“, як канкрэтныя вынікі ўсяе дасюлешняе польскае палітыкі на „крэсах“. Лятуценьні апошняга „рамантыка ў палітыцы“, п. Язэпа Пілсудскага, што Польшча зробіцца тым асяродкам, які сілай сваей культуры і панующай у ёй свабодай будзе прыцягіваць да сябе суседнія народы,—разьбіты ўшчэнт рэальным жыцьцём. Польшча рэальная, Польшча, якая фактычна істнуе, аказалася такой далёкай ад Польшчы ідэальнай, высьнёнай барацьбітамі за яе незалежнасьць, што расчараваньне абхоплівае ня толькі прыгнечаныя „нацыянальныя меншасьці“, ня толькі традыцыйных загранічных прыяцеляў Польшчы, але і лепшыя элемэнты самога-ж польскага грамадзянства. А перад усім абхоплівае яно польскія працоўныя масы—польскіх работнікаў ад станка і ад ралі, якія прадстаўляюць зусім рэальную сілу. І не „палітычныя рамантыкі“, а хіба толькі гэтая сіла здолее збудаваць такую Польшчу, якая ня будзе ўжо „турмой народаў“, а справядліва, па-брацку разьвяжа справу аднасін з сваімі тэрыторыяльнымі і нетэрыторыяльнымі меншасьцямі.
