# Рэакцыя крапчэе

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/reakcyja-krapcheje/
- Published: 1924-05-22T20:00:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T14:45:18+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/reaction-grows-stronger.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/ryeaktsiya-kryepchayet.md

> Пасьля паразы Пуанкарэ польскі ўрад паслаў у Лёндан „лявіцу”, а палітыкі „Вызваленя” ўжо абеліваюць нацыянальны ўціск. Газэта бачыць у гэтым саюз з рэакцыяй супраць беларусаў і заклік да надзвычайнага палажэньня на Крэсах.

![Рэакцыя крапчэе](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-703-1024x585.webp)

Той паварот улева, які бачым у палітычным жыцьці Англіі і Францыі, знайшоў дужа яркі вотклік у Польшчы: віленская газэта „Słowo“ шчыра прызналася, што паражэньне Пуанкарэ і нацыянальнага блёку на апошніх выбарах у Францыі гэта паражэньне польскае палітыкі, якую вёў дагэтуль французскі ўрад.

Але трэба прызнаць, што п. Грабскі, як галава польскага ўраду, пры гэтым новым палажэньні выявіў сябе, як лоўкі палітык: ён зразумеў, што нельга ўжо прамаўляць да Эуропы языкам Дмовскага і польскіх фашыстаў, і вось мы бачым, што ў Лёндан едуць прадстаўнікі польскае „лявіцы“, каб сваей „фірмай“ бараніць сучасны буржуазна-нацыяналістычны ўрад у вачах новых кіраўнікоў палітыкі Англіі і Францыі.

За спэцыяліста па „абеліваньню“ польскае палітыкі ў адносінах да беларусаў і украінцаў абабраўся… галава партыі „Вызволене“, п. Тугут! Але з першых-жа крокаў сваей службы „радзімай“ рэакцыі п. Тугут страшэнна аскандаліўся. Мы маем уваччу яго адказ, дадзены п. Пэнлевэ на пратэст проці „белага тэррору“ ў Польшчы, надрукаваны ў французскай прэсе. П. Тугут напісаў п. Пэнлевэ, што гэны пратэст вельмі „перасолены“ і што цяпер над распазнаньнем спраў „нацыянальных меншасьцяў“ працуе адумысная камісія, у якой ёсьць прадстаўнікі „меншасьцяў“ — жыд і беларус. — Вось-жа п. Пэнлевэ мае ўжо ў руках сьпешныя запросы партыі „Вызволене“ ў сойме, каторыя ў поўнай меры пацьвярджаюць факты вастрожных зьдзекаў над палітычнымі вязьнямі, аб якіх гаворыцца ў пратэсьце. Што-ж датычыцца заявы п. Тугута, быццам у камісіі дзеля спраў „меншасьцяў“ ёсьць жыд і беларус, дык гэта самая бязглуздая мана: у гэтай камісіі няма ніводнага прадстаўніка „меншасьцяў“, і аб гэтым, як нам наказуюць, п. Пэнлевэ таксама ўжо павядомлены….

Як бачым, „Вызволене“, якое ў часе выбараў выступала ў нас у ролі абаронцаў беларусаў, цяпер выявіла свой запраўдны твар: „вызволенцы“ перад усім сьветам стараюцца „абеліваць“ тую палітыку нацыянальнага ўціску, проці якой так нядаўна саміж пратэставалі…

Гэты рэзкі паварот у палітыцы „Вызволеня“ дужа характэрны і красамоўны: ён паказывае, што польскі поступ пайшоў на хаўрус з „радзімай“ рэакцыяй, і ўсё гэта — дзеля барацьбы з „меншасьцямі“, а ў першы чарод — з беларусамі. Эндэцкія газэты нават наказуюць, што п. Тугут вёў гутаркі з эндэкамі аб ствараньні супольнага ўраду — ведама, пад старшынствам яго, Тугута… І такога прымірэньня з учорашнімі ворагамі „Вызволене“ маніцца дайсьці коштам „меншасьцяў“….

Палітычная крутня „вызваленцаў“, а таксама і „пэпээсаў“ з п. Недзялковскім напарадзі, дае толькі лішні доказ, што ад усіх урадовых камісіяў да спраў „нацыянальных меншасьцяў“ нам нельга нічога спадзявацца. Больш таго: эндэцкая „Gazeta Poranna“ проста заклікае ўрад, каб у Заходняй Беларусі завясьці чуць што не ваеннае палажэньне (stan wyjątkowy), тлумачучы гэта… патрэбай барацьбы з бандытызмам!

Што на нашай зямлі працьвітае бандытызм у самых разнародных відах, гэта пацьвярджаюць штодзенныя весткі аб нападах і рабунках. Але, шукаючы прычын гэтага зьявішча, трэба прызнаць, што яно сталася магчымым іменна і выключна затым, што польская ўлада ўвесь час ужывала і ўжывае сваю 48-тысячную армію паліцэйскіх (ня кажучы ўжо аб дэфэнзыве і яе „супрацоўніках“ ды „конфідэнтах“) ня так дзеля абароны меньня і жыцьця грамадзян, а перад усім на палітычную барацьбу з „меншасьцямі“ і з рэвалюцыйнымі партыямі. І цяпер, калі бандыты ўсіх гатункаў сьмела падымаюць галаву, эндэкі карыстаюцца гэтым ізноў-жа дзеля таго, каб узмацаваць уціск „меншасьцяў“ і апазіцыі, уводзячы „stan wyjątkowy“.

Што-ж: чыя сіла, таго і права! І мы можам спадзявацца, што вынікам тайных нарад урадовае камісіі да спраў „меншасьцяў“, робленых дзеля заграніцы, можа аказацца зьдзейсьненьне эндэцкае прапазіцыі. Але гэта ў свой чарод будзе толькі новы матэрыял для п. п. Пэнлевэ і… Чычэрына!
