# Рэзалюцыя Зьезду сялян і работнікаў Баранавіцкага павету

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/rezaliucyja-zjezdu-sialian-i-rabotnikau-baranavickaha-pavietu/
- Published: 1924-05-22T19:55:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T19:50:44+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/resolution-of-the-congress-of-peasants-and-workers-of-baranavichy-county.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/ryezolyutsiya-syezda-kryestyan-i-rabochikh-baranovichskogo-uyezda.md

> Зьезд у Баранавічах пералічыў дзевяць крыўдаў: раздачу зямлі асаднікам, высечку лясоў, падаткі, закрыцьцё школаў і арышты інтэлігенцыі. Выснова — Беларусі трэба палітычная аўтаномія з уласным Соймам.

![Рэзалюцыя Зьезду сялян і работнікаў Баранавіцкага павету](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-707-1024x585.webp)

На зьезьдзе ў Баранавічах, аб чым мы пісалі ў № 1 „Сына Беларуса“, прынята гэткая рэзалюцыя:

Зьезд беларускіх сялян і работнікаў Баранавіцкага павету 4. V. 1924 г., заслухаўшы справаздачу паслоў Беларускага Пасольскага Клюбу аб іх працы ў Сойме і Сэнаце і аб палажэньні Беларускай справы ў Польшчы, пастанавіў:

Прымаючы пад увагу ствараўшаеся ў Польшчы для беларускага народу палажэньне, якое выяўляецца ў тым, што:

1) землі беларускія раздаюцца асаднікам, а ня тутэйшаму малазямельнаму і беззямельнаму беларускаму сялянству,

2) лясы беларускія бязлітасна нішчацца і вывозяцца за граніцу, і нават Белавежская пушча ўжо прададзена чужаземцам, а на адбудову зруйнаваных вайною гаспадарак амаль нічога не выдаецца, а ў той самы час

3) на зруйнаванае вайною нашае сялянства накладаюцца непасільныя падаткі,

4) не дапушчаюцца беларускія школы, а зачыняюцца нават і тыя, якія ўжо існавалі падчас нямецкай акупацыі або „Сярэдняй Літвы“, і ў той самы час проці волі народу адчыняюцца польскія школы,

5) пасьледуецца беларуская прэса,

6) пасьледуецца беларуская праваслаўная царква,

7) беларуская інтэлігэнцыя не дапушчаецца амаль ні да якой грамадзянскай і дзяржаўнай працы, ў значным ліку пазбаўлена абыватэльства і знаходзіцца у вастрогах,

8) „крэсовая“ польская адміністрацыя адносіцца да нашага народу з надзвычайнай самаволяй,

9) сучасныя самаўрады ёсьць фальшаваньнем голасу нашага народу, а праэкт новага закону аб самаўрадах яўна імкнецца да такога-ж сфальшаваньня волі Беларускага народу, —

зьезд прызнае, што толькі тады, калі землі беларускія, якія знаходзяцца у межах Польшчы, здабудуць сабе шырокую палітычную аўтаномію, з сваім асобным Соймам, — толькі тады і можна будзе урэгуляваць стасункі на Беларускай тэрыторыі ў Польшчы.
