# Вынікі і значэньне выбараў у Нямеччыне

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/vyniki-i-znachennie-vybarau-u-niamiechchynie/
- Published: 1924-05-22T19:50:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T19:51:10+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/the-results-and-significance-of-the-elections-in-germany.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/itogi-i-znachyeniye-vyborov-v-gyermanii.md

> У новым Рэйхстагу нацыяналісты зраўняліся з сацыял-дэмакратамі, а камуністы ўзялі 62 мандаты. Газэта лічыць, што ўлада застаецца ў цэнтру, але ён будзе дрэйфаваць управа пад націскам нацыяналістаў.

![Вынікі і значэньне выбараў у Нямеччыне](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-710-1024x585.webp)

Як ведама, 4-га траўня адбыліся ў Нямеччыне агульныя выбары да яе парлямэнту (Рэйхстагу).

Вынікі гэтых выбараў можна было лёгка прадбачыць, дзякуючы сталаму ўплыву зусім выразных унутраных палітычных сілаў і ня менш акрэсьленых вонкавых абставінаў, — з якіх складаецца сацыяльна-палітычнае жыцьцё сучаснай Нямеччыны.

Найбольш моцны ўплыў на ўклад сілаў, на выбарныя лёзунгі і вынікі кампаніі мела тая фатальная палітыка ваеннай — пасьля міру! — акупацыі, якую практыкаваў адносна да пабітага мілітарна, але безупынна перамагаючага эканамічна пераможцаў, нямецкага народу — урад п. Пуанкарэ…

Агульны характар тэй эвалюцыі, якая адбываецца ў Нямеччыне, — таго безупыннага нарастаньня пачуцьця сваей сілы і свайго права на жыцьцё і разьвіцьцё — пасярод усё пагаршаўшыхся вонкава-палітычных варункаў, абражаючых, паміма рэальных крыўдаў, нацыянальную самапашану і гордасьць нямецкага грамадзяніна, — з усей дакладнасьцю і няўхільнай лёгікай зазначыўся ўжо ў выбарах 1920 г., — а яшчэ яскравей адбіўся ў апошніх.

Гэтая эвалюцыя настрояў грамадзянства адбілася на складзе новага парлямэнту далейшым, хаця, можа, меншым, як прарочылі, усіленьнем абодвух крайніх флянгаў, на якіх папіханы на рызыку выбаршчык заўсёды спадзяецца больш энэргічнай акцыі, можа цаной меншай адказнасьці… І, зразумела, гэтае ўсіленьне флянгаў адбываецца коштам заўсёды больш пасыўна-зраўнаважанага цэнтру, якому нямецкі выбаршчык востра закідаў залішнюю павольнасьць адносна да гвалтаў акупацыйнай палітыкі Францыі.

І ў запраўднасьці найбольш пацярпелі ў выбарнай барацьбе нямецкія сац.-дэмакраты, якія ў вачох сярэдняга выбаршыка зьяўляюцца найбольш адказнымі за першы пэрыад істнаваньня Рэспублікі, і — нямецкія людоўцы, што дзялілі гэтую адказнасьць з с.-д. за апошнія 4 гады…

Аб складзе новага парлямэнту паданыя ў польск. газэтах галоўныя лічбы кажуць так: сац.-дэм. 100, каталіцкі цэнтр — 62, дэмакраты — 24, людоўцы — 45.

Усяго — каля 240 паслоў…

З гэтых групаў і складаўся дагэтуль урадовы „цэнтралёв“.

Групы апазіцыі лічбова выражаюцца так: нацыяналісты, якіх у папярэднім Сойме было зусім мала, атрымалі столькі мандатаў, як і сац.-дэмакраты, — больш як 100; гітлераўцы — 33; калі да гэтага дадаць некалькі дробных групаў, як буйныя абшарнікі і інш. дык правая апазіцыя вырасьце ў зусім паважную сілу — больш, як 160 паслоў.

Але найбольш цікавым і паказальным сымптомам нарастаньня „сацыяльнай вагі“ і краху толькі што ўсемагутнай сац.-дэмакратыі зьяўляецца ўвайшоўшая ў новы Сойм моцная група камуністаў у нябывалай яшчэ ў вялікіх дзяржавах лічбе 62 паслоў…

З гэтых лічбаў вынікае перадусім, — што ўлада пакуль што асталася ў руках таго самага цэнтру, які меў яе дагэтуль.

Бо кожнаму зразумела, што ўтвараньне ўрадовага аб’яднаньня нацыяналістаў з камуністамі — рэч зусім немагчымая, ня гледзячы на тое, што іх лучыць іх баявы настрой проці „акупантаў на захадзе і ўсходзе“, рашучая барацьба за скасаваньне Вэрсальскага Трактату і адмоўнае становішча адносна прапазыцыяў рэчазнаўцаў у справе адшкадаваньняў, — гэта значыць лучаць справы вонкавай палітыкі…

Адзіным вынікам такога складу палаты зьявіцца моцнае аслабленьне гэтага ўрадовага цэнтру і, наадварот, моцныя ўплывы на яго з боку абедзьвюх опозыцыйных групаў — правай і левай…

Ясна, што справы нацыяналістаў будуць рашуча ўплываць на штрэзэманаўскіх людоўцаў і блізкія ім сацыяльныя групы цэнтру, як злева камуністы будуць яшчэ мацней націскаць на страціўшых добрую частку сваей „фантазіі“ сац.-дэм…

А дзеля таго, што камуністы, як мы казалі, прымаюць загранічную праграму нацыяналістаў, якая сілаю рачаў высоўваецца на першы плян, дык ясна, што далейшая эвалюцыя палітычных настрояў і ўрадовай лініі навядзеньня ў Нямеччыне павінна пайсьці ў напрамку і пад лёзунгамі і моцнымі ўплывамі нацыяналістаў…

Урадовы „цэнтралёв“ няўхільна будзе ператварацца — шляхам перагрупіровак у Сойме — ў усё больш фактычна падбіраючы ў рукі ўладу „цэнтрапраў“… Вось, зусім выразны агульны вынік выбараў.

Вестка аб тым, што лідэр нацыяналістаў Гэргт мае быць шэфам габінэту, найляпей пацьвярджае нашыя вывады.

У нямецка-антанцкіх адносінах неяк дзіўна памяняліся месцамі кіруючыя групы: дагэтуль правыя прэм’еры Антанты дагаварываліся з нямецкімі ўрадамі ў большай ці меншай меры; цяпер будзе наадварот…

Ці прывядзе новая камбінацыя да разьвязаньня фатальнай для ўсей Эўропы праблемы адшкадаваньняў і наагул да ліквідацыі страшэннай спадчыны Вялікай вайны, пабачым.

Але ня можа быць сумліву ў тым, што цяпер усе тры найважнейшыя ў Эўропе ўрады — Нямеччыны, Францыі і Англіі — запраўды зробяць рашучую і шчырую спробу неяк вырашыць — хаця пакуль што чыста тэхнічным кампрамісам — гэтую фатальную праблему. Бо запраўды трывалае — бо радыкальнае — разьвязаньне агульна-эўрапэйскай блутаніны, у зьвязку з рашучым пераглядам Вэрсальскага трактату, магчыма толькі тады, калі на талерцы вагаў эўрапэйскай раўнавагі заважыць усёй сваёй вагай адбудаваўшая сваю сілу да канца — наша ўсходняя суседка.
