# Захват Весялушскае царквы — Дунілавіцкага павету

- URL: https://syn.by/historya/arkhivy/zachvat-viesialushskaje-carkvy-dunilavickaha-pavietu/
- Published: 1924-05-25T18:05:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T21:01:20+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/the-seizure-of-the-viasialushy-church-dunilavichy-district.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/zakhvat-vyesyelushskoy-tsyerkvi-dunilovichskogo-uyezda.md

> Павятовая ўлада аддала каталікам праваслаўную царкву, хоць дэлегацыя ў Варшаве мела слова, што справу перагледзяць. Больш за тры тысячы вернікаў засталіся без храма.

![Захват Весялушскае царквы — Дунілавіцкага павету](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-966-1024x585.webp)

Нямаль увесь летаішні год сярод парафіян Весялушскае царквы хадзілі поголоскі, што некалькі акалічных каталікоў на чале з мясцовым панам-абшарнікам агітуюць і зьбіраюць сярод каталіцкага насяленьня подпісы пад просьбай да польскае ўлады аб адабраньні ад праваслаўных Весялушскае царквы. Далей неяк усё нібы заціхла, але ў пачатку гэтага году ўсе парафіяне Весялушскае царквы балесна адчулі скуткі памянёнай агітацыі і просьбы. У канцы студзеня г. г. сьвяшчэнік Весялушскай царквы Ярм. Сурвіла атрымаў ад павятовага старасты прыказаньне, што на падставе распараджэньня Міністра Вераіспаведаньняў будынак царквы адымаецца ад праваслаўных, як былы касьцёл і як непатрэбная для іх, і перадаецца каталіком. 6-га лютага прыехала ў Варшаву дэлегацыя парафіян Весялушскае царквы і 7/II была ў дырэктара дэпартамэнту вераіспаведаньняў пана Пякарскага; з дэлегацыяй былі дэпутат М. Кахановіч і сэнатар В. Багдановіч. Дэлегацыя высьніла пана Пякарскаму, што ўсе падставы, апіраючыся на якія Міністэрства пастанавіла адабраць царкву, зусім неправідловыя і не адпавядаюць ані трохі фактычнаму стану рэчы, пры гэтым былі прадстаўлены сьцьвярджаючыя ўсе гэтае дакумэнты. Пан Пякарскі, выслухаўшы довады дэлегацыі, абяцаў перагледзіць справу, а да гэтага даў слова, што тэлеграмай ў гэты-ж самы дзень устрымае перадачу царквы. Дэлегацыя паверыла słowu honoru і, задаволеная, паехала дамоў. Але… царква ў назначаны раней тэрмін была адабрана, а з ёй разам уся зямля і будынкі.

Інтэрвэнцыя ў гэтай справе сэн. Багдановіча высьніла, што пан Пякарскі тэлеграмы ня даў, а распрадзіўся пану Стржалкоўскаму, свайму памоцніку, паслаць аб гэтым пісьменнае распараджэньне дэлегату Ураду ў Віленшчыне, пану Роману, якое ўсё роўна не пасьпела-б у патрэбны час. Але, урэшці, і гэта самае распараджэньне не было выканана, бо Дэлегат Роман, сам выпадкова быў у гэты час у Варшаве і, пабачыўшыся з Стржалкоўскім, пераканаў яго ўспомненага распараджэньня не пасылаць.

У хуткім часе ўрачыста была царква высьвенчана на касьцёл. У новую каталіцкую парафію разам з „мёртвымі душамі“ было запісана нешта каля 700 душ. А праваслаўных парафіян засталося без царквы, зямлі царкоўнай і будынкаў, якія яны будавалі сваімі ўласнымі рукамі, больш 3.000 чалавек, ня лічучы парафіян суседняй Стара-Мядзельскай парафіі, дзе таксама адабрана царква.
