# Артыкул VII

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/artykul-vii/
- Published: 1924-06-13T19:15:00+00:00
- Updated: 2026-10-23T21:00:51+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/article-vii.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/statya-vii.md

> Расейскі ўрад дабіваецца выкананьня рыжскага дагавору, які гарантуе беларусам правы на мову, школу і веру. Газэта падае ўвесь тэкст сёмага артыкулу і бачыць у адказе Варшавы ўхіленьне ад размовы.

Як ужо вядома нашым чытачом, Чычэрын 10 мая г. г. паслаў польскаму ўраду ноту з пратэстам проці нарушэньня Польшчай арт. VII польска-расейскага міравога трактату, падпісанага ў Рызе ў 1921 годзе. Нарушэньне гэтае радавы ўрад бачыць у фактах уціску Польшчай нацыянальных меншасьцяў—беларусаў, украінцаў, расейцаў, а таксама праваслаўнае царквы, ня гледзячы на тое, што міравы трактат забясьпечывае ім усе свабоды.

Польскі ўрад у гэтым выступленьні ССРР у абарону беларусаў, украінцаў і расейцаў, якія жывуць пад польскаю ўладаю, убачыў жаданьне ўмяшацца ў унутраныя справы Польскае Рэспублікі і ўхіліўся ад абгавору паказаных у ноце Чычэрына фактаў нацыянальнага і рэлігійнага ўціску.

Чычэрын 23 мая г. г. выслаў новую ноту, у якой, паміж іншым, гавора:

„Урад ССРР самым рашучым спосабам адкідае абвінавачываньне яго ў жаданьні мяшацца ў унутраныя справы Польскае Рэспублікі нотай з дня 10 мая г. г. № 769. Гэная нота абаперта была на неляяльным выпаўненьні польскім урадам артыкулу VII рыжскага трактату, які выразна кажа аб абавязку польскага ўраду надзяляць — на аснове раўнапраўнасьці нацыянальнасьцей—асобы расейскай, украінскай і беларускай нацыянальнасьцей у Польскай Рэспубліцы ўсемі правамі, забясьпечаваючымі свабоднае разьвіцьцё культуры, мовы і выпаўненьня рэлігійных абрадаў.

Памянёныя саюзным урадам у сказанай ноце з 10 мая г. г. факты нябывалага ўцісканьня мовы, школы і рэлігіі расейцаў, украінцаў і беларусаў, абапертыя на далёка ня ў поўнай меры выкарыстаным матэрыяле, які мае народны камісарыят заграничных спраў, зусім не адкінуты нотай польскага ўраду, што зьяўляецца бязсумліўным доказам правільнасьці заяваў саюзнага ўраду.

„Заява польскага ўраду, што выступленьне ўраду Саюзу Сацыялістычных Радавых Рэспублік у абарону патаптаных правоў нацыянальных меншасьцей у Польшчы, якія забясьпечаны вышэйпамянёным артыкулам VII рыжскага трактату, зьяўляецца ўваходжаньнем у ўнутраныя справы Польскае Рэспублікі, — пярэчыць тэксту і духу артыкулу VII, які дае саюзнаму ўраду фармальнае права абароны правоў нацыянальных меншасьцей дарогай вымаганьня ад польскага ўраду точнага выпаўненьня яго“.

Адказ, дадзены на ноту з 10 мая польскім урадам, Чычэрын разглядае, як „доказ таго, што — на погляд польскага ўраду—ня ўсе артыкулы рыжскага трактату павінны быць выпаўнены. Гэтакую апінію польскага ўраду саюзны ўрад прыймае да ведама“.

На гэтую ноту польскі ўрад у ноце сваей з 27 мая г. г. адказаў, паміж іншым, гэтак:

„Польскі ўрад рашуча засьцерагаецца проці неўласьцівага тлумачэньня саюзным урадам заявы, зьмешчанай у ноце з дня 15 мая г. г. № Д. 2310, а таксама проці неўласьцівага тлумачэньня артыкулу VII рыжскага трактату, які забясьпечаньне свабод, узаемна прызнаных нацыянальным меншасьцям, стаўляе ў залежнасьць выключна ад унутраных законаў цанае дзяржавы.

На жаль, законы-законамі, але Чычэрын пратэстуе якраз ня проці іх, а проці іх невыпаўняньня. Як бачым, польскі ўрад нічога не гаворыць аб апошнім—і справу аб уціску нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў пераносе на зусім іншы грунт—на грунт спрэчкі аб тое, як разумець артыкул VII рыжскага трактату. Дзеля гэтага даем тутака точны зьмест гэтага артыкулу,—тым балей, што гэты іменна артыкул можа стацца гістарычным… Вось ён:

Арт. VII. 1. Польшча дае асобам беларускай, расейскай і украінскай нацыянальнасьці, якія знаходзяцца ў Польшчы, на аснове роўнапраўя нацыянальнасьцяў, усе правы, якія забясьпечаць вольнае разьвіцьцё культуры, мовы і выпаўненьня рэлігійных абрадаў. Узаемна Расея й Украіна забясьпечваюць асобам польскай нацыянальнасьці, якія знаходзяцца ў Беларусі, Расеі й Украіне, усе тыя самыя правы.

Асобы беларускае, расейскае й украінскае нацыянальнасьці ў Польшчы маюць права, у межах унутранага законадаўства, культываваць сваю родную мову, арганізоўваць і падтрымліваць свае школы, разьвіваць сваю культуру і закладаць дзеля гэтае мэты таварыствы й саюзы. Гэтымі самымі правамі, у межах унутранага законадаўства, будуць карыстацца асобы польскае нацыянальнасьці, якія знаходзяцца ў Беларусі, Расеі і Украіне.

2. Абедзьве дагаворныя староны ўзаемна абавязваюцца ні пасрэдна ні беспасрэдна не мяшацца ў справы, што датычаць устройства і жыцьця царквы (касьцёлу) і рэлігійных таварыстваў, якія знаходзяцца на тэрыторы другее стараны.

3. Цэрквы (касьцёлы) і рэлігійныя таварыствы, да якіх належаць асобы польскае нацыянальнасьці ў Беларусі, Расеі і Украіне, маюць права, ў межах унутранага законадаўства, самастойна ўстройваць своё ўнутранае царкоўнае (касьцельнае) жыцьцё.

Вышэйазначаныя цэрквы (касьцёлы) і рэлігійныя таварыствы маюць права, ў межах унутранага законадаўства, карыстацца і набываць рухомую і нярухомую маемасьць, неабходную дзеля выпаўненьня рэлігійных абрадаў, а таксама ўтрыманьня духавенства і царкоўных (касьцельных) інстытуцыяў.

На тых самых асновах яны маюць права карыстаньня цэрквамі (касьцёламі) і інстытуцыямі, неабходнымі дзеля выпаўненьня рэлігійных абрадаў.

Гэтымі самымі правамі карыстаюцца асобы беларускае, расейскае і ўкраінскае нацыянальнасьці ў Польшчы.

У-ва ўсей гэтай дыпляматычнай перапісцы, якую мы тут падалі, зварачае на сябе асаблівую ўвагу тое, што мы падчыркнулі ў канцавым вывадзе ноты Чычэрына: саюзны ўрад, лічучы, што польскі ўрад уважае патрэбным выпаўняць ня ўсе артыкулы рыжскага трактату, „прыймае гэтае да ведама“. Вось-жа ў гэтых славах зьмяшчаецца вельмі красамоўны недасказ: яго трэба разумець, як пагрозу, што і ўрад ССРР можа зьняць з сябе абавязак выпаўняць тыя свае забавязаньні, якія яму нявыгодны. Што гэта так, аб гэтым пасрэдна сьведчыць апошняя польская нота, якая асаблівы націск кладзе на абавязковасьці выпаўненьня „ўсіх пастановаў рыжскага трактату“.
