# Беларусы ў Чэхіі

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/bielarusy-chechija/
- Published: 1924-07-03T17:30:00+00:00
- Updated: 2026-11-25T00:52:59+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/belarusians-czechia.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/belorus-chekhiya.md

> На зьезьдзе славянскіх этнографаў у Празе ад Радаў быў адзін беларус, праф. Карскі. Ён сустрэўся са студэнтамі-беларусамі і шчыра хваліў Коласа, а ў Вільню яму ўехаць не дазволілі.

![Беларусы ў Чэхіі](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-8919-1024x585.webp)

Нядаўна ў Празе адбыўся зьезд славянскіх этнаграфаў і геаграфаў. Было чалавек сто з іншых дзяржаваў і каля чатырохсот з Чэха-Славакіі. Ад ССРР быў толькі адзін дэлегат—вядомы беларускі вучоны, праф. Карскі, пасланы Пецярбурскай Акадэміяй Навук.

Па ініцыятыве праф. Карскага адбыўся сход студэнтаў-беларусаў, на якім дэлегат з Бацькаўшчыны знаёміў моладзь з беларускай працай у Радавай Беларусі. Сход цягнуўся гадзін чатыры.

Гаворачы аб нашых паэтах і пісьменьніках, праф. Карскі з асаблівай пашанай гаварыў аб творчасьці Якуба Коласа, які нязвычайна вырас: „Каласок наш расьце! Цяпер ужо можна сказаць, што гэта — сьветавая велічыня!“ Гаворачы аб беларускім адраджэнскім руху, ён закончыў сваю прамову славамі: „Народ наш ніколі ня можа ўжо загінуць!“

Студэнтамі тутэйшымі астаўся здаволены, дзівіўся выяўленай на сходзе сьвядомасьці іх. Адыходзячы сказаў: „Пацешылі старога, пацешылі!“

З Прагі праф. Карскі маніўся праехаць у Вільню, але польская ўлада ня пусьціла яго, адмовіўшы даць візу.

Аб студэнтах нашых можна сказаць, што для іх цяпер—самы гарачы час, асабліва для тэхнікаў: трэба да канца заняткаў здаць абавязковыя „залікі“. Дык усе рупна вучацца.

Малады наш паэт, Уладзімер Жылка, хворы на сухоты, выехаў у санаторыю па Pleszi. Там-жа знаходзіцца вядомы беларускі дзеяч, Леавард Заяц.

Студэнт.
