# Беларусы ў Латвіі

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/bielarusy-u-latvii-2/
- Published: 1924-06-28T19:45:00+00:00
- Updated: 2026-11-12T01:51:17+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/belarusians-in-latvia-2.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/belorusy-latvii.md

> Дэпутаты расеец Карэцкі і паляк Вержбіцкі змовіліся ў Латвіі супраць беларусаў, кожны цягнучы іх у свой бок. Аўтар лічыць, што латгальскія партыі беларусам ня сябруюць, а польскі ўплыў ідзе нават праз сем‘і інтэлігенцыі.

![Беларусы ў Латвіі](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6655-1024x585.webp)

(Глядзі № 7 „Сын Беларуса“).

Х.

Польска-маскоўскі хаўрус.

Змаганьне з беларускім нацыянальным адраджэньнем у Латвіі зрабіла нябачаны дагэтуль цуд: польска-маскоўскі хаўрус!

Памянёны ўжо расейскі дэпутат Сойму Карэцкі і польскі дэпутат Сойму Вержбіцкі падалі адзін аднаму руку ў агульным змаганьні з беларусамі.

„Паважаныя“ хаўрусьнікі падзялілі між сабою сфэры працы: гр. Вержбіцкі працуе над беларусамі-каталікамі, якіх хоча зрабіць „палякамі“, а гр. Карэцкі падбухторывае беларусаў праваслаўных і хоча зрабіць іх „просто русскими“.

Гр. Вержбіцкі пужае беларусаў каталікоў праваславіем, а дэпутат Карэцкі кажа беларусам праваслаўным, што іх хочуць перавярнуць на каталікоў.

Абодва зьбіраюць і вымагаюць розныя заявы, пушчаюць патрэбныя плёткі і абодва-ж адначасна і дружна выступаюць супроць беларусаў у Сойме і соймавых камісіях.

Да паноў дэпутатаў далучыліся нават Маскоўскі і Польскі Аддзелы пры Міністэрстве Прасьветы.—Са згоды гэтых Аддзелаў у Ілукштчыне, дзе яшчэ няма беларускіх школак, сярод беларускага жыхарства Маскоўскім Аддзелам утвораны асобнага тыпу расейска-польскія школы.

Вучацца ў гэтых школах беларусы каталікі, якія ня гутарыць ні папольску, ні парасейску.

Бацькі і дзеці добра разумеюць, што яны не расейцы, бо папершу ня ведаюць расейскае мовы, а гутарыць неяк па свойму — „папросту“, а па другое—яны ўсе каталікі. Па рэлігійнай адзнацы згодны-б, можа, былі яны залічаць сябе да палякоў, але польскую мову чуюць толькі ў касьцелі, ды ў польскім маёнтку, і гутарыць на ёй ня могуць.

І расейская мова для іх—чужая, і польская мова—незразумелая, але вучацца і тае і другое, бо беларускае школы ўсё яшчэ ў Ілукштчыне няма, а вучыцца-ж трэба.

Беларусы і Латгальцы.

У 1921 годзе, калі пачыналася беларуская нацыянальная праца ў Латвіі, найбольш моцнай Латгальскай партыяй лічылася Латгальская Сялянская Партыя, якая мела найбольшую фракцыю ў Устаноўчым Сойме.

Адносіны іншых Латгальскіх партыяў да яе былі дужа варожымі, і амаль што ўсе яны лічылі патрэбным з ёй, а таксама і з усім тым, што яна рабіла, востра змагацца.

Гэта партыя падтрымала беларусаў у іх дамаганьнях адчыненьня Беларускага Аддзелу і беларускіх школак.

Рэшта латгальскіх партыяў, змагаўшыхся з сялянскай партыяй, зараз-жа стала ў „апазіцыю“ і да беларускага руху ў Латвіі. Нават гэтакая партыя, як Латгальская Трудавая, і тая заняла да беларусаў нейкае нявыразнае становішча.

Латгальская Сялянская Партыя ў сучасным Сойме дужа слабая (мае ўсяго адно мейсца), але адносіны да яе іншых латгальскіх партыяў усё яшчэ тыя самыя.

Ну, зразумела, дастаецца, па старай памяці, і беларусам, як апякаваным калісьці гэтай партыяй у часе яе ўплываў і сілы.

Ёсьць два-тры гарачыя ворагі беларусаў.— Гэта гр. Кемп і дэпутат Трасун Старшы. Абодва падзяляюць (а мо‘ і ўдахнаўляюцца) думкі інспэктара Свэнэ аб тым, што „беларусаў у Латгаліі зусім няма“.

Гр. Кемп у сваей барацьбе з беларусамі ня спыніўся нават перад паклёпамі і закідамі ў друку на паасобных беларускіх дзеячоў, і ў хуткім часе ў Рыжскім Акружным Судзе будзе разьбірацца адна з гэтых спраў аб абразе ў друку. Да гонару Латвійскага Сойму трэба аднесьці тое, што ён пастанавіў выдаць гэтага дэпутата Суду.

Прынцыповых пазіцыяў проці беларусаў у латгальскіх партыяў няма, калі не лічыць голыя заявы гр. Кемпа аб тым, што беларусы—гэта не беларусы, а—„быўшыя латгальцы“…

Істнаваньне-ж агульнага змаганьня ў Латгаліі з польскімі ўплывамі павінна было-б, здаецца, утварыць нават супольнасьць інтарэсаў і тактыкі ў гэтым напрамку, але зразуменьня гэтае падсобнае ролі беларускага руху ў Латгаліі ў многіх латгальцаў яшчэ няма.

Магчыма, што некаторую (а мо‘ і дужа значную) ролю ў гэтым іграе той факт, што ў Латгаліі зьявілася цяперака новая форма польскае інтэрвэнцыі: інтэрвэнцыя сямейная.

Праяўляецца яна ў тым, што найбольш уплывовыя і энэргічныя прадстаўнікі латгальскае інтэлігенцыі часта густа аказваюцца жанатымі з заўзятымі польками. У гэтых сямейках чутна польская мова, чуецца польская ідэалёгія і пануюць выразныя польскія ўплывы.
