# Беларусы ў Латвіі: беларусы і палякі

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/bielarusy-u-latvii/
- Published: 1924-06-26T19:50:00+00:00
- Updated: 2026-11-11T01:46:09+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/belarusians-in-latvia.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/belorusy-v-latvii.md

> Аўтар апавядае, як палякі ў Латгаліі спрабавалі абаперціся на каталікоў і як беларускі рух пасьля 1921 году сарваў іх пляны. Пасьля адчыненьня школаў і тэатру палякі адказалі агітацыяй і даносамі.

![Беларусы ў Латвіі: беларусы і палякі](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-5790-1024x585.webp)

З мамэнту заснаваньня Беларускага Аддзелу палякі вядуць самую непрымірымую з ім барацьбу.

Ненавісьць іх да беларусаў тлумачыцца тым, што нараджэньне беларускага нацыянальнага руху ў Латвіі разьбіла ўсе пляны і надзеі палякоў на хуткі зварот і далучэньне да Польшчы „Інфлянтаў Польскіх“ (гэтак палякі да гэтага часу завуць Латгалію).

Яшчэ ў 1917 годзе ўтварылі палякі ў Латгаліі, па прыкладу Галіцыі, Віленшчыны і Пазнані, сваю тэрыторыяльную арганізацыю „Рада Польская ў Інфлянтах“ і сталі рыхтавацца да далучэньня гэтае краіны да Польшчы.

Аб‘ектыўныя варункі нібыта складаліся на карысьць палякам. — З паўмільённага жыхарства Латгаліі найвялікшую групу складаюць каталікі, якіх налічываецца больш за 300.000 чалавек; рэшта 200.000 душ падзелена паміж: стараверамі, праваслаўнымі, лютаранамі, рознымі сэктантамі і жыдамі.

Пераважаючая каталіцкая група мае ў сваім складзе: тысяч 40 праўдзівых палякоў, тысяч 40 беларусаў каталікоў, мала сьвядомых у сваей нацыянальнасьці і іншы раз склонных залічываць сябе таксама да палякоў, некалькі тысячаў літвіноў, таксама значна спольшчаных, ды тысяч 220—латгальцаў каталікоў.

Дзякуючы таму, што ў польскіх дварох усюды чутна была польская мова, якой карысталіся таксама і ў большасьці касьцёлаў,—польскія ўплывы ў Латгаліі былі дужа моцныя. Калі-ж прыняць пад увагу, што і самы лік палянізаванага жыхарства быў таксама дужа значны (40.000 палякоў, 40.000 беларусаў-каталікоў, ды яшчэ літвіны), дык выходзіла, што палякі маюць у Латгаліі ня толькі культурныя ўплывы, але і значную лічэбную моц.

У 1919 годзе жаданьні палякоў збыліся — Дзьвінск і частка Латгаліі былі заняты польскім войскам.

Невядома, як злажыліся-б далейшыя падзеі гісторыі і польскія аднасіны да Латвіі, каб ня здарылася новае наступленьне бальшавіцкае коньніцы Будзеннага, якое прымусіла палякоў кінуць Латгалію.

Дзьвінск і ўся Латгалія аканчальна былі заняты Латвійскай арміяй.

Аднак палякі, адкінутыя бальшавіцкім войскам, не пакідалі лічыць Латгалію (Інфлянты Польскія) сваей краінай і рыхтаваліся да яе захвату.

У 1920 годзе, падпісываючы мір з Масквой, яны вытаргавалі сабе вузенькую палоску зямлі, якая праз усю Горадзеншчыну і Віленшчыну, быццам доўгая рука, цягнулася да Латгаліі і падтрымлівала зьвязок паміж ёй і Польшчай.

У 1921 годзе гэты паясок, або—мост, палякам удалося значна пашырыць і ўмацаваць, далучыўшы да Польшчы Віленшчыну.

Далей быў чарод за шасьцьма латыскімі гмінамі Курляндыі, што аддзяляюць Віленшчыну ад ракі Дзьвіны і места Дзьвінску, а там прыйшоў-бы ўжо чарод і за Інфлянтамі Польскімі.

Але ў тым-жа 1921 годзе нарэшце прачнулася нацыянальная думка і ў беларускае меншасьці ў Латвіі.

Заварушыліся адначасна і беларусы-праваслаўныя, і беларусы каталікі. — Заснавалася культурна-прасьветнае т-ва „Бацькаўшчына“ ў Латгаліі.

Прыпозьнены беларускі рух быў спатканы іранічнымі жартамі, як з боку палякоў, так і расейцаў.

Але, калі т-ву „Бацькаўшчына“ ўдалося дабіцца адчыненьня Беларускага Аддзелу, калі пачалі адчыняцца беларускія школы і вучыцельскія курсы, калі паявіўся беларускі тэатр, і калі, нарэшце, палякі ўбачылі, што 40.000 беларусаў-каталікоў ужо выходзяць спад іх уплываў і тым жорстка разьбіваюць рады тых лічэбных сілаў, на якія палякі разьлічалі крэпка абаперціся, — тады пачалося самае воястрае змаганьне з маладым беларускім рухам. — Усё было пушчана ў ход: і агітацыя рэлігійная, і даносы ўраду, і цкаваньне ў прэсе.

Але пачаўшыся народны рух спыніць цяжка, асабліва, калі права і праўда на баку гэтага руху.

Сьледам за беларусамі рушылі літвіны, якія зажадалі школы літоўскае, а ня польскае.

Паяўленьне ў Латгаліі беларускае нацыянальнае меншасьці было цяжкім ударам для польскіх уплываў і плянаў.

Пасьля таго, як беларусы больш-меньш здолелі наладзіць працу ў Люцынскім і Дзьвінскім паветах, яны павінны былі перанесьці яе ў Ілукштскі павет і самы горад Ілукшт, дзе беларускія сяляне яшчэ да гэтага часу неміласэрна апалячываюцца. Прыймаючы-ж пад увагу тое, што апошнія часы палякі адкрыта пачалі прэтэндаваць на Ілукштчыну, стане ясным, чаму іменна цяперака палякі са скуры лезуць, каб як небудзь спыніць беларускую працу і не дапусьціць далейшага яе пашырэньня, асабліва-ж на Ілукштчыну.
