# Хроніка: Сэмінарыя, арышты, суды і чуткі пра высяленьне

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/chronika-seminaryja-aryshty-sudy-i-chutki-pra-vysialiennie/
- Published: 1924-05-22T17:55:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T19:51:04+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/chronicle-seminary-arrests-trials-and-rumours-of-eviction.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/khronika-syeminariya-aryesty-sudy-i-slukhi-o-vysyelyenii.md

> Віленская праваслаўная сэмінарыя пераходзіць на польскую мову, звольнілі Кэпеля і ізноў арыштавалі Канчэўскага, памёр літовец Кімонт, студэнты ўварваліся ў рэдакцыю. Кароткія весткі з Вільні.

![Хроніка: Сэмінарыя, арышты, суды і чуткі пра высяленьне](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-770-1024x585.webp)

• Агульны сход Т-ва Беларускае Школы адбудзецца, як ужо абвешчана ў папярэднім нумары, 24-га мая а 4 гадз. папалудні ў памешканьні Т-ва, Віленская вул. 12, кв. 6.

• Скарынінская камісія. У сувязі з 400-гадовым юбілеем беларускага друку ў Вільні, які прыпадае ў 1925 годзе, Беларускае Навуковае Таварыства ўзяло на сябе арганізацыю сьвяткаваньня гэтага вялізарнага беларускага культурнага сьвята. Згодна з пастановай агульнага сходу Таварыства, створана адумысная „Скарынінская камісія”, якая складаецца з гэткіх асоб: старшыня — дырэктар Віленскае Беларускае Гімназіі Р. Астроўскі, віцэ-старшыня — сэнатар В. Багдановіч, скарбнікі — паслы Б. Тарашкевіч і кс. А. Станкевіч, сэкрэтар — пасол С. Рак-Міхайлоўскі, сябры: адвакат Казлоўскі і каапэратар Э. Будзька.

Камісія ўжо адбыла некалькі нарад, на якіх пачала распрацоўку пляну дзейнасьці. План гэты хутка будзе закончаны, і тады падамо яго ў газэце.

• Аб долі Віленскае Праваслаўнае Сэмінарыі мы з зусім верыгоднае крыніцы даведываемся, што справа пераходу яе ў рукі дзяржавы ўжо аканчальна вырашана. Ад гэтае восені навука ў першых дзьвюх клясах сэмінарыі будзе адбывацца папольску, пашыраючыся з кожным годам на адну наступную клясу.

Але ў гэтай справе асабліва характэрна тое, што за рэктара ўрадовае сэмінарыі сьвецкая ўлада назначае старага рэктара а. Піліпа, вядомага сваімі варожымі адносінамі да беларусаў, якога духоўная ўлада ў асобе сыноду звольніла з гэтага становішча! Астаецца на сваім месцы, як урадовы служачы, таксама і інспэктар Дзічкоўскі. Дагэтуль з старых вучыцялёў, апрача гэтых двух, залічаны ў штат яшчэ два; рэшта мае быць ад восені звольнена, і іх месцы займуць вучыцялі, якія будуць вучыць ужо папольску.

Як нас паведамляюць, адміністрацыя сэмінарыі стараецца гэта ўкрываць перад грамадзянствам, каб не ўзьняліся пратэсты на праектаваным улетку эпархіяльным зьезьдзе.

Гэтак тыя людзі, што змагаліся з ідэяй зьбеларушчаньня сэмінарыі, дапялі сваей мэты: замест беларускае сэмінарыя будзе польскай.

• Адгалоскі маёвага сьвята. У справе нападу банды эндэцкіх студэнтаў і гімназістаў на работніцкі мірны паход 1 мая выясьняюцца цікавыя падробнасьці.

Банды напасьнікаў зьбіраліся на Дабрачынным завулку. Паліцыя іх бачыла, але ім не перашкаджала, дый не адганяла, калі кідаліся на дэманстрантаў.

На Віленскай вуліцы каля Мястовае аптэкі „пшодовнікі” успакаівалі публіку, кажучы, што банды напасьнікаў „idą bić żydów”.

Паліцыя адабрала ў дэманстрантаў некалькі чырвоных сьцягаў, у тым ліку па Вялікай вуліцы быў забраны сьцяг прафэсіянальнага саюзу будаўляных работнікаў з надпісам: „Niech żyje rewolucja socyalna!” Цікава, што гэты самы сьцяг насілі і на леташнім сьвяткаваньні работніцкага сьвята, але тады ніхто яго не чапіў. Цяпер, відаць, павеяў новы вецер….

• Звальненьне гр. Кэпеля. У пятніцу 16. V. звольнены з Лукішскай турмы Старшыня Бацькаўскага Камітэту пры Віл. Бел. Гімназіі, грам. Мітрафан Кэпель, які быў заарыштаваны ўначы з 30. IV. на 1. V г. г. Беларускае грамадзянства Вільні пераконана, што грам. Кэпаль быў заарыштаваны дзякуючы блізкім стасункам да віленскай дэфэнзывы аднаго віленскага панка, якога выкрыта, урэшці, нават і клічка: „Jacek”. Данос на Кэпеля быў зроблены праз помсту, бо Кэпель свайго часу, на сходзе 3. II. 24 г., раскрыў, як старшыня Рэвізыйнай Камісіі, карыгодную дзеяльнасьць „Старшыні старшынь” так званага Бел. Грамадз. Сабраньня ў Вільні, пана Станіслава Валэйшы.

• Паўторны арышт. Уначы з 14 на 15 траўня г. г. у другі раз пасьля дэталічнае рэвізыі памешканьня на Антокалі быў заарыштаваны Канчэўскі, сябра Цантральнай Беларускай Школьнай Рады ў Вільні, і пасаджаны ў Віленскую турму на Лукішках. Прычыны арышту невядомы.

• Цягнуць пад суд пана Уладыслава Лапурку. Ужо тры тыдні, як адвакатам Т. Врублеўскім пададзена ў суд ад імя дэпутатаў Сойму Пётры Мятлы, Сым. Рак-Міхайлоўскага, дырэктара Віл. Бел. Гімн. Р. Астроўскага і др. 15 асобаў на аднаго з „grona слаўных”, прадстаўніка „польскай партыі”, як ён сябе называе, у так званым Бел. Грамадз. Сабраньні, Уладыслава Лапурку, скарга за клевету.

• Сьмерць літоўскага дзеяча Я. Кімонта. 18-га мая памёр стары заслужоны літоўскі дзеяч Ян Кімонт, пражыўшы 70 гадоў.

Нябошчык паклаў многа працы дзеля літоўскае справы ў Вільні, ператрываўшы на становішчы ў часе ўсіх акупацыяў. Калі Вільню займалі Літвіны, п. Кімонт быў прэзыдэнтам места.

З беларускім грамадзянствам нябошчык быў у вельмі блізкіх адносінах, бо жонка яго, нябошчыца Марыя Кімонтовая (Ячыноўская), была беларуска і вядома, як кампазытарка, улажыўшая музыку да апэркі В. Дунін-Марцінкевіча „Залёты”.

Пахавалі Яна Кімонта 20 мая.

Хай лёгка будзе яму родная зямліца!

• Обыск у літоўскім інтэрнаце. У начы 11 мая, як паведамляе „Lietuv. Rytas”, паліцыя зрабіла обыск у літоўскім інтэрнаце пры Панамарскай вул. Як відаць, некага шукалі, ды не знайшлі.

Цікава, што ў тую-ж ноч, як мы ўжо пісалі, некага шукалі і ў беларусаў.

• Суд над літоўскім рэдактарам. 13 мая Віленскі Акружны Суд засудзіў на 5 месяцаў у вастрог грам. Яна Кукліса, рэдактара літоўскае газэты „Vilniaus Kelias”, за надрукаваньне стацьці „На сьвяткаваньне 600-лецьця закладзінаў Вільні”. Справу разглядалі пры зачыненых дзьвярох. Бараніў падсудзімага вядомы адвакат Т. Врублеўскі.

• Працэсіі з Літвы ў Кальварыю. З Літвы пробавала прайсьці цераз граніцу, кіруючыся да Кальварыі пад Вільняй, каталіцкая працэсія з крыжам і штандарамі, сьпяваючы польскія касьцельныя песьні. Пагранічная варта не прапусьціла іх. Тады працэсія прапяяла набожную песьню і спакойна вярнулася назад.

Віленскія эндэкі зусім паважна пішуць, быццам працэсія мела на мэце… адабраць Вільню ад Польшчы! Дзеля гэтага „Dzien. Wil.” друкуе паскудны і дурны данос на віленскіх літвінаў, якія на Сёмуху маняцца ладзіць у Вільні „Сьвята Песьні”.

Цікава прыпомніць, што, калі ў 1911 годзе беларусы ў Вільні ладзілі на Вяллі Купальскае сьвята, маскоўскія чарнасоценцы друкавалі падобныя даносы, кажучы, быццам „беларусы хочуць заваяваць Вільню”.

Няўжо-ж справа Вільні стаіць для Польшчы так блага, што нават літоўская песьня можа ёй награжаць?!…

• Напад польскіх студэнтаў на жыдоўскую рэдакцыю. У рэдакцыю жыдоўскае газэты „Ці Цайт” колькі дзён таму назад уварваліся трое польскіх студэнтаў і зажадалі, каб ім сказалі, хто напісаў стацьцю, якая гэным студэнтам вельмі не спадабалася. Ім у гэтым было адмоўлена. Тады адзін з іх ударыў заступніка рэдактара. Прыбеглыя працаўнікі рэдакцыі і наборшчыкі хацелі затрымаць напасьнікаў і завясьці іх у паліцыю. Студэнты папробавалі сілай вырвацца і ўцячы і пачалі біць людзей палкамі. Ды ад гэтага самі вельмі пацярпелі, дый іх, пабітых, усё-ж завялі ў паліцыю і сьпісалі пратакол.

Прадстаўнікі рэдакцыі былі ў гэтай справе ў рэктара універсітэту, які заявіў, што студэнты будуць аддадзены пад дысцыплінарны суд.

„Dziennik Wileński”, баронячы „сваіх”, вінаваціць не „ваяўнічых” студэнтаў у нападзе на рэдакцыю, а… рэдакцыю ў нападзе на студэнтаў! Відаць, рэдактары эндэцкае газэты прызнаюць кулачныя расправы за дапусьцімыя і ў адносінах да іх самых!

• Безпадстаўныя паголоскі. Узноў пашыраюцца чуткі, паходзячыя з урадовых крыніц аб намячаным высяленьні ўсіх беларускіх інстытуцыяў з дому № 9 пры Вострабрамскай вуліцы. Надоўячы расейская газэта „Виленское Утро”, друкуючы заметку аб „высяленьні з казеннага дому”, нават вызначае тэрмін гэтага высяленьня — першыя лічбы ліпеня м-ца г. г.

Мы сьцьвярджаем, што чуткі аб „высяленьні” ня могуць мець пад сабой жаднае падставы. Беларускія інстытуцыі і ўстановы зьмяшчаюцца ў памянёных будынках на моцы кантракту з уласьнікам будынкаў — праваслаўнай эпархіяльнай уладай. Кантракт гэты мае сілу да канца 1926 году. Гэта гварантуецца істнуючымі цяпер законамі.

Праўда, на памянёныя будынкі прэтэндуе ўрад, але справа аб законнай прыналежнасьці гэтых будынкаў судом яшчэ ня вырашана. У кожным разе, калі-б, урэшці, удалося ўраду адабраць па суду гэтыя будынкі ад праваслаўнага духавенства, дык новы ўласьнік ня мае права ігнараваць кантракту аб арэндзе будынку беларускімі культурнымі і дабрачыннымі інстытуцыямі.

• У Віленскім Апэляцыйным Судзе мае разглядацца 22. V. 24 г. справа Дварэцкіх, Шлойдаў, Шацёра і інш. беларускіх юнакоў з акалічных вёсак каля ст. Аляхновічы. Віл. Акр. Судом гэтыя хлапцы засуджаны былі свайго часу на кару 6—8 гадоў кожны „за ўчасьце ў загаворы, які меў на мэце адарваньне беларускіх зямель ад Польшчы і рабунковыя напады”, як сказана ў прыгаворы Акружнага Суда.

Абаронцам выступае віл. адв. Т. Врублеўскі.
