# Хроніка: зачынены „Голас Беларуса” і іншыя навіны

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/chronika-zachynieny-holas-bielarusa-i-inshyja-naviny/
- Published: 1924-05-18T16:55:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T19:50:36+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/chronicle-holas-belarusa-closed-and-other-news.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/khronika-zakryt-golos-byelarusa-i-drugiye-novosti.md

> Суд зачыніў „Голас Беларуса”, дэпутаты хадайнічаюць за арыштаваных на 1 траўня, у Майстроўні — лекцыя Луцкевіча пра Купалу і канцэрт расейскай музыкі. Кароткія навіны з Вільні.

![Хроніка: зачынены „Голас Беларуса” і іншыя навіны](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-576-2-1024x585.webp)

• „Голас Беларуса” зачынены. З 21 нумароў „Г. Б.” былі сканфіскаваны №№ 14, 15, 19 і 21. За артыкул „Незалежнасьць і залежнасьць” у № 14 газэта зачынена судовымі ўладамі.

• Беларускія дэпутаты ў Дэлегата Романа. Дэпутаты Тарашкевіч і Ярэміч 13. V. зрабілі інтэрвенцыю ў Дэлегата Польскага Ураду на Віленшчыну (ваяводы) Романа ў мэтах прысьпяшэньня разгляду справы заарыштаваных уначы на 1 мая М. Кэпеля, М. Косьцевіча, А. Салагуба і др. і выпушчэньня іх на волю. Дэлегат дакляраваў зрабіць захады да ўскарэньня разгляду справы заарыштаваных.

• 11-га траўня ў Беларускай Драматычнай Майстроўні адбылася чародная лекцыя гр. А. Луцкевіча „Аб драматычнай творчасьці Я. Купалы”. Пасьля лекцыі быў канцэртны аддзел.

• У нядзелю, 25 травеня 1924 г. у залі Майстроўні (Вострабрамская № 9) ладзіцца Вечар расейскае музыкі. У праграме: Глінка, Даргамыжскі, Рахманінаў, Чайкоўскі, Арэнскі, Кюі, Рубінштэйн, Балакіроў.

У канцэрце прымаюць удзел Віктар і Тамара Бэйэры, Вінчас-Войчыс і хор Драмат. Майстроўні.

Збор пойдзе на карысьць незаможных вучняў Віленскае Белар. Гімназіі.

Пачатак а 8 гадз. ўвечары.

• Цэнтральная Беларуская Школьная Рада складае шчырую падзяку ахвярадаўцам украінцам, прыслаўшым праз газэту „Украінскі Голас” 50 мільёнаў п. м. і Беларускім студэнтам у Празе за прысланыя 25 даляраў і 580 чэскіх каронаў на разьвіцьцё беларускіх школаў.

• Паседжаньне Беларускага Пасольскага Клюбу ў Вільні адбылося 12 траўня. Прынята шмат важных пастановаў. Паседжаньне з малым перарывам цягнулася ад 12 гадз. дня да позьней начы.

• У Віленскім Апэляцыйным Судзе мае разглядацца 22. V. 24 г. справа Дварэцкіх, Шлойдаў, Шацёра і інш. беларускіх юнакоў з акалічных вёсак каля ст. Аляхновічы. Віл. Акр. Судом гэтыя хлапцы засуджаны былі свайго часу на кару 6—8 гадоў кожны „за ўчасьце ў загаворы, які меў на мэце адарваньне беларускіх зямель ад Польшчы і рабунковыя напады”, як сказана ў прыгаворы Акружнага Суда.

Абаронцам выступае віл. адв. Т. Урублеўскі.

• У тым-жа судзе 27. V. 24 г. будзе разглядацца справа Міколы Якімовіча з Горадні, які Горадз. Акр. Судом быў засуджаны на 2½ гады крэпасьці. Абаронцамі маюць выступіць віленскія адвакаты Т. Урублеўскі і С. Міцкевіч.

• Арышт вучня Віл. Бел. Гімназіі. Уначы з 30. IV на 1. V. г. г. Ашмянскай паліцыяй заарыштаваны ў вёсцы Зарудзічы Беніцк. гміны Ашм. павету вучань IV кл. Віл. Бел. Гімн. Ал. Салагуб. Прычыны арышту невядомы. Заарыштаванага Салагуба трымаюць дагэтуль у Віленскай турме на Лукішках.

• „Перахварбоўка”. Карэспанд. „Dz. Wil.” меў гутарку з дэлегатам ураду, п. Раманам, які сказаў, што ў хуткім часе Віленскі Адміністрацыйны Округ мае быць перайменаваны ў Віленскае Ваяводзтва.

Ведама, гэта ня мае ніякага практычнага значэньня. Але цікава другое. Дагэтуль польскі ўрад разглядаў Віленшчыну, як нейкую асобную краіну, і называў яе не ваяводзтвам, а адміністрацыйным округам, з дэлегатам ураду замест ваяводы на чале. Цяпер, як відаць, улада хоча адзначыць, што Віленшчына бясспрэчна належыць да Польшчы.

Цікава, чаму дзеля гэтага выбраны толькі цяперашні мамэнт?

• 1-га мая і школы. Як нас паведамляюць, у дзень работніцкага сьвята 1-га мая паліцыя абыходзіла школы і правярала, хто з вучыцялёў у гэты дзень не зьявіўся на заняткі.

Адна жыдоўская газэта падае вестку, што віленскае куратарыум разаслала ў урадовыя школы цыркуляр, каб кіраўнікі іх надалі сьпісак вучыцялёў і вучняў, якія ня былі ў школах 1-га мая без паважнае прычыны. Як відаць, куратарыум, замест займацца прасьветнымі справамі, ператвараецца ў экспозытуру палітычнае паліцыі. Ня многа-ж яно навучыць народ!
