# Цяжкае прадвесьне ў Даўгінаўскай гміне

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/ciazhkaje-pradviesnie-u-dauhinauskaj-hminie/
- Published: 1924-05-18T17:55:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T19:51:52+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/a-hard-early-spring-in-dauhinava-gmina.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/tyazhyoloye-pryedvyesyenye-v-dolginovskoy-gminye.md

> Карэспандэнт з Даўгінаўшчыны: позьняя вясна, корм для жывёлы скончыўся, а ўсе грошы з’елі падаткі. Нават на сьвяце 3 мая сяляне маўчалі — бо ўсяго сказаць нельга.

![Цяжкае прадвесьне ў Даўгінаўскай гміне](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-541-2-1024x585.webp)

(Ад нашага карэспандэнта).

Тутэйшыя сяляне перажываюць цяжкія часы на прадвесьні. Вясна прыпозьнілася, і корму для скаціны не хапіла, дык шмат дзе рэзалі салому з стрэх на корм. Прыкупіць жа корму няма за што, бо грошы, якія ўдалося выручыць за свой хлеб, пайшлі ўсе на падаткі.

4 мая на ст. Будслаў прызыўныя крэпка пабілі некалькі жыдоў. Паліцыя не мяшалася.

Паміж Стахавам і Каралінай, ужо за гранічнай мяжой, нет-ведама кім забіта дзяўчына Бабарэка, з Туркі.

Сьвяткаваньне польскага сьвята 3 мая прайшло ў Даўгінаве даволі слаба. Прамаўляў адзін толькі прамоўца, уланскі афіцэр, які славіў тую волю, якой карыстаецца наш народ пад уладай Польшчы. Слухаючы гэта сяляне казалі між сабой, што аб гэтым шмат можна было-бы пагаварыць, ды ўсяго сказаць нельга…

Араць у полі ў той дзень не давалі, хоць цяпер кожны дзень дарагі. Паліцыя аб’яжджала ваколіцы Даўгінова і зганяла ўсіх з поля.
