# Дзісеншчына

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/dzisienshchyna/
- Published: 1924-05-25T18:15:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T21:01:36+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/the-dzisna-region.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/disnyenshchina.md

> Карэспандэнт адказвае польскай газэце, што ў Дзісенскім павеце рух не замёр: на сьвяткаваньне 3 траўня сагналі солтысаў і войтаў, а паны-абшарнікі ўціскаюць сялян.

![Дзісеншчына](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-959-1024x585.webp)

У № 102 ад 7. V. г. г. газэты „Dziennik Wileński“ была надрукована карэспад. пад псэўданімам „Р. К.“ аб сьвяткаваньні 3. V. і наагул аб настроі ў Дзісенскім павеце. Хаця, звычайна і ня прыходзіцца зварачываць увагі на плявузганьне пісакаў у „D. W.“ але я затрымаюся на гэтай карэспандэнцыі дзеля таго, што яна адначасна дае повад паказаць праўдзівы стан рэчы. Пан „Р. К.“ мусіць вельмі ўсьцешыў сябе і сваіх „przyjaciołów“ што ў павеце ўсё ідзе як па маслу. „Шаснастка“ і „Wyzwolenie“ уплыў на сялянства страцілі, а на іх места, пад агульнае вітаньне выляз—„пан абшарнік“, што рух беларускі зусім замёр, а „korytarzowe powiaty“ адысківаюць сваю польскаесьць і г. д. Відаць, што пан „Р. К.“ сваей дутай радасьцю наўмысьля марочыць публіку, і забыўся старую прыказку, што адшукаць таго, чаго ня губляў, немагчыма. Няхай „macierz szkolna“ карыстаецца дапамогай усяго сьвету, каб зьнішчыць беларусаў, няхай дзяцей беларускіх заганяюць хоць штрафамі ды і нагайкамі ў польскія школы, — нічога не паможа: душа беларуса будзе жыць, пакуль жыве яго цела. Пана „Р. К.“ радуе грамада на вуліцы ў дзень 3 траўня. Але паглядзім, з каго яна складалася: з войтаў, солтысаў і іх заступнікаў, якія былі вызваны ў Глубокае, часта за 60 вёр. (гм. Мікалаеўская). Дзеля таго, каб даставіць іх у Глубокае, адрываліся па 3—4 гаспадароў з вёскі, якія мусілі бяззплатна весьці начальства на польскае сьвята ды яшчэ ў самае бездарожжа. Праўда, чыном гэтым заплацілі, здаецца, па 4 міл. мар., але аплата гэта ізноў такі лажыцца на карк селяніна. А дзеці са школаў? Ці-ж яны такеама хадзілі без прымусу?!

Ну, але аб гэтым досыць. Вернемся зноў да нашых паноў-абшарнікаў якіх нібы вітае наша сялянства і дзеля якога яны, гэта значыць абшарнікі, зрабілі добрае жыцьцё?! Паглядзеце—што гэта за жыцьцё? У той час, калі наш сялянін ня можа дастаць дрэва, каб пабудаваць сабе хату, бо гніць і чахнуць каторы год у зямлянцы ужо няма магчымасьці, паны замест памагчы заняліся адбудоваю сваіх тартакоў, а пабудаваўшы — абы скарэй сплавіць лес загранішу ці куды там яшчэ, каб толькі ня дастаўся нашаму гаротнаму народу. Альбо возьміце жыцьцё батракоў, запашнікаў, ці нават дробных арандатараў — паны іх запраглі ў такое ярмо, што, паміма волі, успамінаецца праклятай памяці „панщчына“. Але каб апісаць усе тыя крыўды і зьдзекі, дык не хваціла-б валовае скуры.
