# Інстытут Беларускае культуры

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/instytut-bielaruskaje-kultury/
- Published: 1924-06-08T17:55:00+00:00
- Updated: 2026-10-23T07:35:20+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/institute-of-belarusian-culture.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/institut-byelorusskoy-kultury.md

> Сябры агранамічнае сэкцыі Інбелькульту абмеркавалі даклад пра сельскую гаспадарку Беларусі да 1917 году і падзел краіны на шэсьць раёнаў. Лясьнічы Троська прадставіў праект беларускае тэрміналёгіі лясной справы.

![Інстытут Беларускае культуры](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1189-1024x585.webp)

У агранамічнай сэкцыі Інбелькульту адбыўся сход сяброў, на якім сэкратар сел.-гасп. сэкцыі Дзяржпляну Бонч-Асмалоўскі зрабіў даклад на тэму: „Палажэньне сельскае гаспадаркі на Беларусі па ведамасцях 1917 г.“.

Дакладчык акуратна выявіў падзел Беларусі ў пашыраных межах на 6 сельска гаспадарчых раёнаў: 1) Палескі (экстэнсыўнай гадоўлі жывёлы), 2) Паўднёва Ўсходні (грачана-бульбяны), 3) Паўночна-Магілёўскі (інтэнсыўнага земляробства), 4) Слуцкі (земляробства), 5) Паўночна Менскі (3-х палёвы) і 6) Віцебскі (льнаводны і травапольны з разьвітай малочнай гаспадаркай).

У спрэчках па дакладу прымалі ўдзел—А. Смоліч, Я. Пятровіч, Я. Дыла, Е. Трахімаў і Х. Тарэшчанка.

Лясьнічы Парыцкага лясьніцтва, Бабруйскага павету, Я. Троська прадставіў у Інбелькульт праэкт беларускай тэрміналёгіі па лясной гаспадарцы і лесагадоўлі. Праэкт абхоплівае сабой 2 з паловай тысячы слоў, сабраных ім на працягу часу сваёй працы ў Бабруйшчыне.

Гэта праца мае быць у хуткім часе прарэдагавана спэцыяльнай камісіяй Інбелкульту і выпушчана ў сьвет.
