# Інтэрпэляцыя ў справе біцьця Яна Міхальчыка

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/interpeliacyja-u-spravie-biccia-jana-michalchyka/
- Published: 1924-06-26T19:35:00+00:00
- Updated: 2026-11-11T01:45:55+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/interpellation-beating-yan-mikhalchyk.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/interpellyatsiya-po-delu-yana-mikhalchika.md

> Селяніна, які вёз купленыя дровы на аплату падаткаў, паліцыя спыніла, а потым збіла да паўсьмерці. Паслы пытаюцца, ці будуць пакараны вінаватыя і ўзнагароджаны страты.

![Інтэрпэляцыя ў справе біцьця Яна Міхальчыка](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-5800-1024x585.webp)

Паслоў з Беларускага Клюбу да п. міністра ўнутраных спраў — у справе біцьця паліцыяй Яна Міхальчыка і канфіскацыі дрэва на апал.

Дзяржаўная паліцыя на Беларускіх землях не перастае зьдзекавацца над беларускай люднасьцяй. Гэтаму перасьледаваньню падлягаюць навет сяляне, якія спакойна займаюцца работай на гаспадарчым полі.

Вось у месяцы сакавіку г. г. селянін Ян Міхальчык, селянін вёскі Залесьсе, Жыровіцкае гміны, Слонімскага пав., каб прыдбаць грошы на аплату падаткаў, вёз дровы на апал у м. Жыровіцы, купленыя перад тым у дварэ п. Ал. Мікульскага. Не даяжджаючы да Жыровіц, Міхальчыка затрымаў камандант мясцовага пастарунку і, праверыўшы квіт, пусьціў селяніна ў мястэчка. У м. Жыровіцах, аднак, ня гледзячы на довад уласнасьці дроў, паліцыянт № 1551 загадаў Міхальчыку весьці дровы на пастарунак і злажыць тамака. Праз некалькі дзён пацярпеўшы дастаў вызаў на пісьме, каб прыбыў на пастэрунак і забраў свае дровы. Аднак, замест выдаць дровы, Яна Міхальчыка завялі ў асобны пакой, дзе паліцыянт № 2487 збіў яго да паўсьмерці.

Дзеля вышэйшага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў пана міністра: 1) ці вядома яму вышэйшае? 2) ці маніцца ён пацягнуць да судовага адказу паліцыянтаў № № 1551 і 2487 за біцьцё селяніна Яна Міхальчыка і за бязпраўную канфіскацыю дроў? 3) ці маніцца нагародзіць маральныя і матэрыяльныя крыўды, учыненыя Я. Міхальчыку паліцыяй?

Варшава, 3 чэрвеня 1924 г.
