# Інтэрпэляцыя ў справе забароны вяртаньня Гаўрылы Косьцевіча

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/interpeliacyja-u-spravie-zabarony-viartannia-hauryly/
- Published: 1924-06-13T19:10:00+00:00
- Updated: 2026-10-23T21:00:57+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/interpellation-on-the-ban-on-the.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/intyerpyellyatsiya-po-dyelu-o-zapryeshchyenii.md

> Паслы пытаюцца, ці ўрад выканае міравыя дагаворы наконт грамадзянства беларусаў: Гаўрыле Косьцевічу, які жыве ў Югаславіі, адмовілі ў візе на вяртаньне ды яшчэ запатрабавалі штэмпельнай аплаты.

Паслоў Беларускага Клюбу да пана старшыні Рады Міністраў у справе непрызнаваньня ўрадам грамадзянскіх правоў беларусаў—грамадзян Польшчы, што знаходзяцца часова па за яе межамі.

На аснове Вэрсальскага Трактату (арт. 3 і 4) Польшча забавязалася прызнаць за сваіх грамадзян беларусаў, сталых жыхароў тэрыторыяў, якія ўваходзяць у склад Рэчыпаспалітай.

На жаль, гэны Трактат астаўся толькі падпісаным, а Польскі Урад зусім ня думае выпаўняць забавязаньні, якія выплываюць з Вэрсальскага Трактату.

Вось, Гаўрыла Косьцевіч, сталы жыхар (сялянін) вёскі Баброўні, Скідэльскае гміны, Горадзенскага пав., які часова знаходзіцца ў Югаславіі, 8-га жніўня 1922 г. зьвярнуўся ў консульства Польскае Рэспублікі ў Белградзе з просьбай даць яму візу на паварот да краю. Консуль ня мог прыхільна уладзіць гэту справу, пазываючыся на інструкцыі з Варшавы. На выступленьне ў гэтай справе Беларускага Пасольскага Клюбу 11-га красавіка 1924 году Міністэрства Загранічных Спраў прыслала 26. IV. 24 г. гэткі адказ:

„Міністэрства Загранічных Спраў паведамляе, што справа ўезду ў Польшчу Гаўрылы Косьцевіча разьвязана адмоўна. Адначасна Міністэрства Загранічных Спраў заяўляе, што пры вышэйшым паданьні няма штэмплёвае аплаты ў суме 3.800.000 мар. п., якую то суму пан Пасол будзе ласкавы пераслаць Міністэрству Загранічных Спраў, пазываючыся на № гэтага пісьма“.

Вышэйшы адказ Ураду выразна гаворыць аб няўважлівасьці яго да польскіх грамадзян беларусаў, бо нават беларускім паслом ня рачыць даць вычэрпываючага тлумачэньня датычна забароны павароту беларусаў у свой край.

Дзеля гэтага, пазываючыся на Канстытуцыю П. Р., а так-жа на Соймавы Рэгулямін. дамагаемся адказу на ніжэйшыя запытаньні: 1) ці Урад будзе выпаўняць адпаведныя артыкулы Вэрсальскага Трактату і Міравога Трактату, падпісанага ў Рызе, у справе грамадзянства беларусаў? 2) ці Урад маніцца ўзяць назад забарону Гаўрыле Косьцевічу вярнуцца ў свой край?

Варшава, 20 траўня 1924 г.
