# Інтэрпэляцыя аб забароне зьбіраць ахвяры для галодных беларускіх дзяцей-сірот

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/interpeliacyja-zabaronie-zbirac-achviary/
- Published: 1924-06-30T19:50:00+00:00
- Updated: 2026-11-09T22:40:08+00:00
- Section: Архівы
- Language: be

> Паслы пытаюцца ў міністраў, чаму нясьвіскі стараста не дазволіў Беларускаму Таварыству помачы ахвярам вайны збор грошай на сірот, і канфіскаваў выданае паўнамоцтва. Яны просяць загадаць старосьце ня перашкаджаць збору.

![Інтэрпэляцыя аб забароне зьбіраць ахвяры для галодных беларускіх дзяцей-сірот](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6763-1024x585.webp)

паслоў з Беларускага Клюбу да пана Міністра Працы і Грамадзкае Апекі і да пана Міністра Ўнутраных Спраў—у справе бязпраўнага недапушчэньня Старостай у Нясьвіжы зьбіраньня ахвяр на галодных беларускіх дзяцей—сірот.

Самавольнае гаспадараньне адміністрацыйнае ўлады на Беларускіх Землях пераступае ўсе граніцы справядлівасьці і няраз даходзіць ня толькі да гвалтаваньня правоў тутэйшае люднасьці, але і да выразна процігуманітарных учынкаў, не адпавядаючых годнасьці культурнага чалавека.

Беларускае Таварыства помачы ахвярам вайны ў Вільні, якое апякуецца прытулкам з сотняй дзяцей — пераважна сірот па ахвярах сусьветнае вайны, упаўнамочыла Пётру Гаўрыка, жыхара вёскі Зарэчча, Гарадзейскае гміны, Нясьвіскага пав., зьбіраць у павеце ахвяры на карысьць бедных дзяцей—сірот.

Упаўнамочаны Гаўрык зьвярнуўся да Старосты ў Нясьвіжы аб пазваленьне на зборку ахвяр на карысьць беларускага прытулку. Староства зажадала прадстаўленьня паўнамоцтва і просьбы Беларускага Т-ва пом. ахв. вайны. Калі ўсе фармальнасьці 23 лютага г. г. былі выпаўнены, дык Староста сказаў, што перашле пазваленьне праз гміну.

Цераз некалькі месяцаў Староста не пазволіў Гаўрыку зьбіраць ахвяры на галодных беларускіх дзяцей і сканфіскаваў паўнамоцтва, выданае Беларускім Таварыствам пом. ахв. вайны.

Дзеля вышэйшага ніжэйпадпісаныя пытаюцца ў п.п. Міністраў: 1) На якой падставе нясьвіскі Староста забараніў Белар. Т-ву пом. ахв. вайны зьбіраць ахвяры на галодных дзяцей-сірот? 2) Ці маняцца яны ўраз-жа загадаць Старосьце ў Нясьвіжы даць усялякую дапамогу і аблягчыць справу зьбіраньня Гаўрыкам ахвяр для беларускага прытулку?

Варшава, 27 чэрвеня 1924 г.
