# Калечаньне моладзі

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/kaliechannie-moladzi/
- Published: 1924-06-28T20:00:00+00:00
- Updated: 2026-11-12T01:47:28+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/crippling-our-youth.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/kalechenie-molodyozhi.md

> Польская школа на Захадзе выхоўвае беларускую моладзь у духу шляхты, манархізму і каталіцтва, і гэта страшней за палітычны падзел Бацькаўшчыны. Газэта заклікае бараніць маладых ад духоўнага калецтва.

![Калечаньне моладзі](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6647-1024x585.webp)

Тая „кітайская сьцяна“, што падзяліла нашу Бацькаўшчыну на Усходнюю і Заходнюю Беларусь, разьбіўшы гэтак суцэльны гаспадарчы і нацыянальны арганізм Беларусі, суліць нам у будучыні нязвычайна цяжкія і грозныя вынікі. На адным з іх мы сяньня затрымаемся.

Справа йдзе аб нашую моладзь, якая узгадовываецца па гэты і па той бок гранічнае мяжы. Бо пад той час, як там, на Усходзе, моладзь наша ўзгадовываецца на шырокіх агульналюдзкіх ідэалах, як там у аснову ўсяе ідэалёгіі яе пакладаецца пашана да працоўнага народу, што зьяўляецца сам для сябе „богам“, — тут, на Захадзе, бачым нешта прост процілежнае.

Кажучы аб узгадаваньні нашае моладзі ў Заходняй Беларусі, трэба агаварыцца, што толькі зусім малая частка яе мае шчасьце вучыцца ў роднай, беларускай школе, вернай вялікім вызвольным ідэалам—агульналюдзкім і сваім, беларускім. Прычына гэтага — тое, што беларускіх школ вельмі мала. Затое вялізарная большасьць нашае моладзі прымушана йсьці ў польскія школы, і аб іх і будзем тут гаварыць.

Ужо самыя назовы польскіх школ красамоўна гавораць аб іх кірунку і духу. Возьмем адну толькі Вільню: унівэрсытэт—караля Стэфана Баторыя, гімназія—караля Зыгмунта Аўгуста, вучыцельская сэмінарыя для дзяўчат—каралевы Ядвігі і г. д. Культ каралёў, культ ідэі манархізму пранікае і ў школьныя падручнікі,—і вось нашы хлопцы і дзяўчаты, што чарпаюць навуку з польскае крыніцы, даведываюцца ў школе, што кожын кароль быў шляхотны, мудры, адважны, поўны ўсіх цнот, быццам нейкая панадлюдзкая істота, — затое тыя, хто адважаўся волі караля проціпаставіць волю народу, хто падыймаў народныя масы на барацьбу за вызваленьне,— усе яны нягоднікі, здраднікі і г. д. А побач з каралеўскаю ўладаю ідэалізуецца польская шляхта і каталіцтва. Калі да гэтага патройнага культу манархіі, панскасьці і каталіцкае царквы дадаць хваравіты нацыяналізм, які ўбівае дзецям у галовы перакананьне, што няма нічога на сьвеце вышэй за польскую культуру,—дык вось і ўсё тое, на чым грунтуецца ў польскай школе гуманістычнае узгадаваньне.

Мы павінны, аднак, адзначыць, што польская творчая мысьль, якая выяўлялася найбольш у польскай літэратуры, не магла абмяжовывацца падобнымі вузкімі рамкамі і ў-ва ўсе часы шукала для сябе больш прастору, залятала на найвышэйшыя вяршыны чалавечага духа. Вось-жа, польская школа імкнецца да таго, каб вучні такіх „вольнадумных“ твораў, якія запраўды маглі-бы пашырыць сьветагляд моладзі, ня чыталі. Прыглядзьцеся толькі да праграм чытаньня польскіх аўтараў. З трох вялікіх рамантыкаў: Красінскага, Міцкевіча, Славацкага — у школах асабліва чытаюцца і разьбіраюцца два апошнія, як найбольш нацыянальныя,—затое толькі зьлёгка, як-бы нехаця, праграмы лектуры затрымліваюцца на Красінскім — гэным бунтарскім духу, што ўмеў падняцца панад сваім народам і агарнуць сваім паглядам увесь сьвет, усю людзкасьць! А Сенкевіч? Яго нацыяналістычная трылёгія — апотэоза шляхты, манархізму і каталіцтва—перажоўваецца на ўсе лады, яе чуць што не напамяць ведаюць вучні. Таксама „Rodzina Połanieckich“, самае яркае адбіцьцё польскіх буржуазных ідэалаў. Затое ня чытаюцца зусім ані сусьветнае славы твор таго-ж Сенкевіча „Quo vadis?“, перакладзены блізу на ўсе эўрапэйскія мовы, ані „Faraon“ Пруса, ані „Popioły“ Жэромскага, ані „Eros i Psyche“ Жулаўскага, ані, наагул, усе другія творы навейшых польскіх пісьменьнікаў, дзе выяўляюцца вялікія парываньні вольнае душы чалавека. Бо не чалавека хоча ўзгадаваць польская школа, а—добрага ўрадоўца, паліцэйскага, жандара, добрага буржуя, які-бы, адпаведна ўзгадаваны, быў шчырым абаронцам сучаснага сацыяльнага і палітычнага ладу ў Польшчы.

Вось, у якім духу ўзгадовываецца і наша моладзь у польскай школе. „Будзь ты паляком, і больш табе нічога ня трэба!“ — так можна высказаць тое, чым прапітываецца беларускі хлопец і беларуская дзяўчына, скончыўшыя навуку ў польскай школе. І ці-ж трэба дадаваць, што на гэтым грунце у іх вытвараецца пагляд, што ўсё не-польскае, не-панскае, не-каталіцкае — нічога ня варта? Што яны навучаюцца пагарджаць свой народ і працоўнага чалавека наагул? Што яны зусім шчыра плююць на сваіх-жа навет польскіх работнікаў, як плявалі ў Вільні 1 мая з вакон на работніцкі паход вучаніцы аднае тутэйшае польскае школы?!…

Як бачым, той дух, якім прапітываюць нашу моладзь у польскай школе на Захадзе, запраўды рэзка пярэчыць усяму таму, што ідэалізуецца на Усходзе. І гэта зьяўляецца для нас вялізарнай пагрозай, што сыны нашага народу, вырасшыя наабапал гранічнае мяжы, стаўшыся сталымі людзьмі, ня будуць разумець адны адных, — што фізычны падзел Беларусі правядзе мяжу і між душамі нашымі.

Гэтая пагроза шмат страшней, чым самы толькі палітычны падзел нашае Бацькаўшчыны. І з гэтай небясьпекай трэба змагацца усемі сіламі, трэба бараніць нашу моладзь ад гэткага духовага калецтва, якое, паміж іншым, ужо выяўляецца на Захадзе, прыкладам, у нашых віленскіх студэнтах-беларусах. Трэба, каб нашае грамадзянства усьвядоміла сабе, да чаго гэта вядзе, і каб асаблівую ўвагу зьвярнула на тую нашу моладзь, якую калечыць духова сучасная польская школа.

Моладзь—гэта-ж наша будучына. І ўся наша гэраічная праца для сучаснасьці ня будзе мець вагі, калі мы не забясьпечым сабе будучыны.
