# Як міністар унутраных спраў адказвае на інтэрпэляцыі паслоў

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/ministar-unutranych-sprau-adkazvaje-na-interpeliacyi/
- Published: 1924-06-26T19:25:00+00:00
- Updated: 2026-11-11T01:47:32+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/minister-interior-answers-interpellations.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/ministr-vnutrennikh-del-interpellyatsii.md

> Газэта высьмейвае адказ міністра Гюбнэра на скаргу аб паліцэйскіх гвалтах. Па яго логіцы, праз акно ўкрасьці немагчыма, а пабітыя самі ўдарыліся аб карабін.

![Як міністар унутраных спраў адказвае на інтэрпэляцыі паслоў](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-5803-1024x585.webp)

На апошнія інтэрпэляцыі пэпэсаўца Пужака ў справе гвалтаў паліцыі пры спагоне падаткаў у павеце Чэнстахоўскім (што ўжо казаць пра нашыя „Крэсы“!) п. мін. Гюбнэр даў гэткія адказы:

Інтэрпэляцыя кажа, што войт з паліцыянтам улезьлі да хаты праз вакно. П. міністар кажа, што гэта—няпраўда, бо яны толькі… „праз адчыненае вакно забралі з ложка, што стаяла каля вакна, падушку“…

„Забралі“ праз вакно з зачыненай хаты — гэта значыць, на мове Кодэксу Карнага ўсіх часоў і народаў, папросту ўкралі. І гэтую юрыдычную мову павінен ведаць польскі міністар, які датаго быў пракурорам і пэўне многа разоў дамагаўся за гэткае „забраньне“ суровых караў… А ці-ж кража перастае быць праступкам, калі яе ўчыняе п. войт у прысутнасьці узброенага паліцыянта?…

У другім выпадку маемасьць жыхара вёскі была, як кажа інтэрпэляцыя, зрабавана ў хаце ў адсутнасьці ўласьніка.— „Няпраўда“, — адказывае пан міністар Польскай Рэспублікі: „у хаце былі двое дзяцей: адно— 13 гадоў, другое—3“…

Пэўна-ж гэтае апошняе і падпісала пратакол аб канфіскацыі…

Але яшчэ цікавей пан міністар тлумачыць тыя нязьлічаныя выпадкі пабіцьця паліцыяй жыхараў пры „адбіраньні“ маемасьці… У часе эгзэкуцыяў „пачыналася шамотаньне з паліцыянтамі, у часе чаго ня выключана, што той ці іншы жыхар мог сам пабіцца аб карабін паліцыянта“…

І вось цяпер можна быць ужо зусім пэўным, што нідзе, ніколі і ніякага біцьця паліцыяй народу ў Польшчы ня будзе! Скончана! І ўсялякія Лігі ў Француі і ў Жаневе могуць ня траціць дарма пораху… Цяпер, з лёгкае рукі самага пана міністра, кожны паліцыянт будзе ў пратаколе зусім адкрыта сьцьвярджаць, як моцна і крывава ў часе „шамотаньня“ „ўдарыўся аб яго карабін“ той ці іншы нялоўкі селянін…

І гэткаму міністру даручаецца кіраваньне „ўнутранымі справамі“ у Рэспубліцы, ад гэткага пана чакаюць абароны „бясьпечнасьці“ насяленьня, ад гэткага пана нехта спадзяецца — „паправы“ стасункаў на Крэсах, „рэарганізацыі паліцыі і адміністрацыі“ і іншых добрых рэчаў!
