# Новыя адносіны да Нямеччыны

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/novyja-adnosiny-da-niamiechchyny/
- Published: 1924-06-28T18:35:00+00:00
- Updated: 2026-11-12T01:53:02+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/new-attitude-toward-germany.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/novye-otnosheniya-k-germanii.md

> Газэта разбірае спатканьне прэм‘ераў Англіі і Францыі: плянуецца лёнданская канфэрэнцыя, Бэрліну ставяць ультыматум, а ген. Ноле папярэджвае пра ваенны рэваншызм. Аўтар бачыць у гэтым зачатак новай вайны.

![Новыя адносіны да Нямеччыны](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6702-1024x585.webp)

1. Вынікі спатканьня прэм‘ераў Англіі і Францыі.

Англійскі ўрадовы камунікат падае, што абодва прэм‘еры ў прыязнай размове дайшлі да поўнага паразуменьня ва ўсіх справах, датычучых тактыкі адносна Нямеччыны, у частцы — спосабаў выкананьня праз апошнюю праграмы адшкадаваньняў, выпрацаванай камісіямі экспэртаў. Але абодва прэм‘еры, не паразумеўшыся з урадамі бельгійскім і італьянскім, ня могуць прыняць аканчальных рашэньняў.

Дзеля гэтага прэм‘еры прыйшлі да думкі склікаць у першай палове ліпня ў Лёндане канфэрэнцыю саюзьнікаў для аканчальнага ўстанаўленьня лініі паступаньня.

Апроч таго, абодва прэм‘еры пастанавілі асабіста прыняць учасьце ў працы агульнага сабраньня Лігі Народаў у верасьні.

Назаўтрае прэм‘еры дадалі да гэтага камуніката яшчэ і гэткае афіцыяльнае абвешчаньне вельмі важнага зьместу:

„Дзеля цяжкіх варункаў, у якіх знаходзяцца нашыя краі, мы пастанавілі заключыць маральны дагавор аб трывалай супольнай працы абодвух урадаў“.

Не дарма, відаць, працуюць над зброеньнем Нямеччыны нацыяналісты і не дарма запрошаны ў „радыкальна-сацыялістычны“ ўрад п. Эрыо ваенным міністрам найлепшы знаўца і галоўны ваенны кантралер над Нямеччынай, ген. Ноле…

Але-ж хто, як ня самі пераможцы, стварылі для сябе гэтыя „цяжкія варункі“?…

2. Новая нота да Нямеччыны.

Французскае тэлеграфнае агэнцтва дадае да павыжшага англійскага камуніката, што абодва прэм‘еры ўлажылі пры спатканьні і тэкст новай супольнай ноты да Нямеччыны, у якой саюзьнікі запрапануюць Нямецкаму ўраду аднаўленьне нармальных зносінаў — пад варункам, што нямецкі ўрад дасьць „матэр‘яльныя довады сваей добрай волі“, а перад усім выпаўніць усе тыя дамаганьні адносна разаружэньня, якія выставіла Рада Паслоў у сваей апошняй ноце. Паказаны ў гэтым праекце ноты тэрмін 30 чэрвеня, да якога нямецкі ўрад павінен даць адказ на ноту саюзьнікаў, прыдае гэтай ноце характар ультыматуму…

Усё гэта паказывае, што ў Эўропе зусім ня так спакойна, як выдаецца на першы погляд.

3. Рэвэляцыі ген. Ноле.

Усё, што напісана вышэй, будзе зусім зразумела, калі мы скажам аб камунікаце, які зрабіў англійскім журналістам сам ген. Ноле.

Ген. Ноле заявіў, што ваенная партыя ў Нямеччыне шпарка расьце ў сіле і высока падымае галаву. Нямецкая ваенная літэратура адкрыта апрацоўвае пляны нападаў… Усе ваенныя камандаваньні атрымалі новыя інструкцыі адносна да маланкава-хуткай мабілізацыі. Усе загранічныя консульствы адчынілі новыя рэгістрацыйныя бюро, каб у часе мабілізацыі выслаць да краю ўсіх здольных да вайны…

Лічба нямецкай арміі ўжо дайшла да 2 мільёнаў жаўнераў…

Ваенны кантроль над Нямеччынай фактычна немагчымы, бо набор навабранцаў адбываецца не ў назначаных тэрмінах. Немагчымы таксама кантроль над фабрыкамі ваенных матэр‘ялаў…

Вось які адказ ужо даў за Нямеччыну той самы ген. Ноле, які фактычна ўкладаў ноту Рады Паслоў нямецкаму ўраду адносна разбраеньня Нямеччыны…

4. „Новыя“ варункі выводу войск з абшару Руры.

Пасьля ўсяго гэтага асаблівы характар атрымлівае тое, што падае франц. газэта „Матэн“, быццам Эрыо і ген. Ноле ставяць канешным варункам ачышчэньня Рурскага раёну поўную згоду Нямеччыны на поўны і паўсюдны кантроль яе аружных сіл міжсаюзнай камісіяй.

Ды навет і тады ўсе рурскія жалезныя дарогі павінны будуць астацца „пад кантролем“ (папросту — ў руках) саюзьнікаў — „на выпадак ухіленьня Нямеччыны ад яе абязацельстваў“, — каб мець магчымасьць хутка выслаць па гэтых нямецкіх дарогах французскія войскі для расправы…

Вось якія „новыя“ варункі „паразуменьня“ з „новымі“ сацыялістычнымі ўрадамі прапануюцца вялікай сувэрэннай нацыі…

Ня дзіва, што немцы перакананы, што толькі новая вайна створа запраўды новыя і дастойныя вялікага вольнага народу варункі яго існаваньня…
