# Пісьмо Б. П. К. да Пэнлевэ

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/pismo-b-p-k-da-penlieve/
- Published: 1924-06-21T19:50:00+00:00
- Updated: 2026-11-10T01:36:38+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/letter-b-p-k-painleve.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/pismo-b-p-k-penleve.md

> Беларускі пасольскі клюб дзякуе францускаму дзеячу Пэнлевэ за пратэст супраць „белага тэрору“ ў Польшчы і просіць перадаць падзяку ягоным палітычным сябрам. Пісьмо падпісаў старшыня клюбу Базыль Рагуля.

![Пісьмо Б. П. К. да Пэнлевэ](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1309-1024x585.webp)

Старшыня Беларускага Пасольскага Клюбу паслаў вядомаму францускаму дзеячу Пэнлевэ, падпісаўшаму пратэст проці „белага тэрору“ ў Польшчы, гэткае пісьмо:

У той мамэнт, калі Заходняя Беларусь, адарваная Рыжскім Трактатам ад сваей Маткі, надарэмна дабівалася праз сваіх прадстаўнікоў у польскім Сойме і Сэнаце сваіх патаптаных элементарных правоў, мы з аблягчэньнем пачулі голас пратэсту проці істнуючага ў Польшчы белага тэрору,—пратэст, пад якім не вагаліся падпісацца найбольш сьветлыя прадстаўнікі сучаснае Францыі.

Ад імя Беларускага Народу і яго парляманцкага прадстаўніцтва ў Сойме і Сэнаце Польскае Рэспублікі лічу сваім пачэсным абавязкам выказаць Вам і Вашым калегам, Пане Пасол, нашу глыбокую ўдзячнасць і высокае прызнаньне за гэты так шляхотны одрух людзкага ўчуцьця.

Пры гэтай нагодзе я пазваляю сабе пераслаць Вам, Пане Пасол, найшчырэйшыя павіншаваньні з прычыны Вашай і Вашых палітычных прыяцеляў перамогі на парляманцкіх выбарах, а таксама выказаць перакананьне, што Францыя, ідучы шляхам сваіх высокіх ідэалаў Вялікае Рэвалюцыі, на дзеле захоча падтрымаць справядлівыя імкненьні Беларускага Народу да ўладжаньня сваей долі згодна з воляй сваей.

Прыміце, Пане Пасол, словы шчырага шацунку і паважаньня.

(—) Базыль Рагуля, Старшыня Беларускага Пасольскага Клюбу ў Сойме і Сэнаце Польскае Рэспублікі, Пасол на Сойм.

Варшава, 28 мая 1924 г.
