# Польскі бюджэт у Сойме

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/polski-biudzhet-sojmie/
- Published: 1924-06-28T19:50:00+00:00
- Updated: 2026-11-12T01:47:41+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/polish-budget-in-sejm.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/polskiy-byudzhet-seyme-2.md

> Заканчэньне разбору бюджэту: украінскія пасьлы патрабуюць плебісцыту і самавызначэньня, а Польшча, па іх словах, трымае войска за кошт сваіх меншасьцяў. Выступоўцы заяўляюць, што будуць галасаваць проці ўраду Грабскага.

![Польскі бюджэт у Сойме](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6651-1024x585.webp)

(працяг і канец агульнай дыскусіі над бюджэтам).

8. Дамаганьне плебісцыту.

Адну з бязсумліўна найцікавейшых прамоваў сказаў украінскі пасол Павал Васыньчук.

Польскія газэты вельмі скарочана падалі гэтую прамову,—дзеля таго падаем яе паводле украінскіх газэт.

„Галоўная прычына непакою ў Эўропе, гэта— штучна выкраеныя пасьля вайны дзяржаўныя граніцы. Гэта ў першую чаргу датычыць Польшы, якая захапіла вялізарныя абшары няпольскіх зямель.

І вось усё больш расьце патраба перагляду ваенных дагавораў і граніцаў. Аб гэтым кажуць ня толькі Троцкі ці Ракоўскі, але і англійскія міністры. Новыя кіраўнікі Францыі казалі калісь выразна, што Польшчы трэба было забясьпечыць зусім моцныя… — этнаграфічныя граніцы! Кожнаму ясна, што цяперашнія польскія граніцы зьяўляюцца прычынай ня толькі уціску меншасьцяў, але вечнай пагрозы вайной на Усходзе Эўропы. У Польшчы гэткая пастаноўка справы выклікае папросту паніку. Хаця Польшча дзеля свайго ўваскрасенья карысталася прынцыпам самавызначэньня народаў, аднак-жа, як толькі захапіла, дайшоўшы да сілы, вялізарныя прасторы украінскай і беларускай зямель, дык адразу адносна да нашых народаў адкінула гэты прынцып самавызначэньня. Але гэтым Польшча пазбавіла сябе ўсякай маральнай моцы. Яна страціла ўсякія уплывы за граніцай. Вы, паночкі, вінаваціце ў тым нашую „антыпольскую агітацыю“ за граніцай. Але-ж трудна. Вы-б можа хацелі душыць нас за горла, але каб мы ня крычалі і ня клікалі на помач. Самі вы выдаеце аб сабе сьвядоцтва для заграніцы.

Сыстэма паліцэйскага тэрору, што панує на нашых землях, даводзіць насяленьне да абурэньня і выбуху, а заразам выклікае слушныя пратэсты выдатных дзеячоў у Эўропе. Урэшце паны дачакаліся нават ад Радаў трох нотаў у абароне украінскай і беларускай люднасьці і праваслаўнай веры ў Польшчы. Хай п. Чычэрын і падпісаў Рыжскі Трактат, але там у супольным карані нашых брацкіх народаў б‘ецца жывое сэрца, якое чуе боль катаванага тут брата…

Польшча трымае войска панад свае фінансавыя сілы. Польшча вядзе палітыку выкараненьня меншасьцяў. Польшча ў XX веку крывёй перахрышчывае царквы на касьцёлы. Рукі п. прэм‘ера Грабскага забрызганы крывёй украінцаў-грамадзян Польшчы.

Вось, што дае нам Польская Рэспубліка.

Цяпер, пад націскам Эўропы, гэтая справа меншасьцяў ці „Крэсаў“ абвешчана „найбольш палючай“. Дык вось, сьмею запэўніць паноў, што ўсе украінскія партыі, пачынаючы ад камуністаў і канчаючы фашыстамі, стаяць няўхільна на грунце самавызначэньня народаў і трэбуюць прылажэньня гэтага прынцыпу цалкам да украінскага народу і іншых земляў,—у гэтым напрамку ўсе ўкраінцы зьяўляюцца нацыяналістамі.

Якраз цяпер пачалася новая хваля польскага тэрору на ўсіх украінскіх абшарах. Дзеля помсты за сваю немач польскі ўрад гняце кожную праяву народнага нездаваленьня—спосабамі папросту нячуванымі ў культурных краёх. Адначасна з палітычным, нацыянальным уціскам вядзецца плянова эканамічнае выніщчэньне нашых абшараў,—непасільныя падаткі ствараюць пагрозу узбурэньня і бунтаў.

У гэткім стане рачаў наіўна спадзявацца на паляпшэньне ад якойсь „рэарганізацыі адміністрацыі“, ці маніцца злавіць якуюсь з украінскіх партыяў на тыя ці іншыя салодкія абяцанкі!..

Не, мае паночкі, ніводная партыя ў нас ня пойдзе ўжо на ўгоду з вамі. Мы чуемося зашмат моцнымі, каб ісьці на якія-небудзь каншахты ў гэтым напрамку. Нам ня трэба ўжо вашай ласкі панскай; мы самі чуем сябе гаспадарамі на нашай зямлі. Мы ведаем на ўласным гістарычным дасьледзе, што часовыя няўдачы і паражэньні не забіваюць змаганьняў народу. Наадварот,—яны толькі загартовываюць і выкоўваюць нацыянальны характар. Цяперашні страшны рэжым на нашых землях ёсьць нішто іншае, як стан вайны паміж Польшчай і намі, вайны ціхай, але ня менш страшнай і заядлай. Ня можна сказаць, што гэтая вайна бязкроўна, але тым больш у ёй жаху.

Дык вось—якіясь кампрамісы і паўмеры ў вырашэньні справы меншасьцяў ужо не дасягнуць мэты. Цяпер справу вырашыць толькі плебісцыт, ці ўсенароднае галасаваньне. Народ сам павінен адказаць на пытаньне, як хоча ён уладзіць і ўтварыць свой лёс. Мы трэбуем поўнага, нічым неабмяжованага самавызначэньня народу. Гэта—нашае першапачатнае права, ад якога мы не адступімся. Мір на Усходзе Эўропы можа быць захаваны толькі тады, калі Польшча прызнае гэты прынцып у цэлай поўні.

Палякі любяць гаварыць з запалам пра нейкую „культурна-гістарычную ролю Польшчы на Усходзе Эўропы“, пра нейкі „цывілізацыйны мэсыянізм Польшчы“, пра „заданье вызваленьня суседніх народаў“—пад лёзунгам „вольныя з вольнымі, роўныя з роўнымі“. Адным словам—усе ведамыя старыя літаніі…

І вось канкрэтныя вынікі гэтага рамантычнага „мэсыянізму“, як толькі рэальная Польшча дарвалася да ўлады.

За 4 гады панаваньня на нашых землях—на адной толькі Холмшчыне з 287 існаваўшых там адвеку цэркваў гвалтам адабраны 237. Ліецца кроў народная ў іх абарону дагэтуль. Адну з цэркваў высадзілі дынамітам у паветра. Гэта—„культурная місія“…

А вось і „цывілізацыйная роля“. На ўсю Холмшчыну, Падляша і Палесьсе на мільён украінцаў няма аніводнай украінскай школы. Зачынены нават тыя, што існавалі ў часе нямецкай акупацыі. На ўсей гэтай тэрыторыі няма ніводнай сярэдняй школы. Украінскі Унівэрсытэт і Палітэхніка істнуюць тайна, загнаныя польскай уладай у катакомбы. Польшча захапіла ўсю царкоўную (але толькі праваслаўную) зямлю і насадзіла на ёй асаднікаў. Прыналежнасьць да праваслаўя—гэта кляймо, якое зачыняе шлях да пасадаў ня толькі дзяржаўных, але і прыватных польскіх. Самы назоў „украінец“ наражае нас на зьдзекі і пера­сьледаваньні.

Вось, мае паны, як выглядае гэтая місія нясеньня на Усход заходняй культуры, вось якім зьяўляецца ў запраўднасьці гэты слаўны польскі „мэсыянізм“.

Дзеля гэтага ўсяго мы будзем галасаваць проці бюджэту і выражаем недаверые ураду п. Грабскага.

9. Да С.С.Р.Р.

Яшчэ больш яскравую прамову сказаў украінскі с.-д. пасол Войцюк. Падаем яе паводле газэты „Kurjer Polski“:

У Польшчы пануюць крызіс, голад, безрабоцьце, адчай, жалоба…

Ня Сойм, але біржа зьяўляецца запраўдным сэрцам капіталістычнага гаспадарства. Санацыя скарбу, нават калі ўдасцца, не прынясе ратунку. Наагул—сучасная капіталістычная Польшча ня мае ніякага мірнага выхаду… Як і ў пачатку Польшча шукала выхаду з крызісу праз вайну (авантуры Пілсудзкага), дык і цяпер крызіс паднімае авантурны дух польскіх міліярыстаў. Ваеннае асадніцтва сталася запраўднай правакацыяй. Польская лявіца падтрымлівае гэтае, зробленае паводле найгоршых кайзэрска-царскіх прыкладаў, асадніцтва яшчэ гарачэй, як правіца. Польшча зрабілася запраўдным вастрогам для меншасьцяў…

Але гэта толькі надае большай сілы імкненьням нашага народу да вольнасьці і незалежнасьці…

І вось народ украінскі адкідае ўсялякія лібэральныя абяцанкі аўтаноміі і заяўляе, што дамагаецца ў аб‘яднанай Украіне плебісцыту, каб далучыцца да Саюзу Радавых Рэспублік…

10. Цікавая драбяза.

Правадыр украінскіх „хлібаробаў“ (штосьці у родзе нашых „аляксюкоўцаў“) мімаходам сцьвярдзіў. што на „абяцаны ўжо аканчальна“ украінцам Унівэрсытэт у бюджэт аднак-жа ня ўстаўлена ні адна марка…

Знамяніты ксёндз Окань, танны і нясумленны дэмагог, пагражаў ураду Грабскага, крычучы, што „польскі хлоп яшчэ мае цапы ў руках“…

Камуніст Ланьцуцкі казаў. што ўрад Грабскага—той-жа „Хьена-Пяст“, толькі б‘е яшчэ мацней; што буржуазная Польшча можа істнаваць толькі, як калёнія заграничнага капіталу, але што ўвесь гэты эўрапэйскі капіталізм без расійскіх рынкаў здохне, як дыхавічная кабыла..

Жыд Прылуцкі дасьціпна казаў, што аб санацыі п. Грабскага можна паўтарыць вядомы анэкдот аб знамянітым прафэсару-хірургу: апэрацыя ўдалася бліскуча, але хворы памёр…

На гэтым скончана агульная дыскусія, і пачаліся даклады і дыскусіі па бюджэтах паасобных міністэрстваў.
