# Польскі бюджэт у Сойме

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/polski-biudzhet-u-sojmie/
- Published: 1924-06-21T19:45:00+00:00
- Updated: 2026-11-10T01:38:04+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/polish-budget-sejm.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/polskiy-byudzhet-seyme.md

> Газэта пераказвае спрэчкі ў Сойме вакол бюджэту ўраду Грабскага: як выступалі правіца, лявіца, жыдоўскія, расейскія і «Вызваленьня» паслы, і што яны казалі пра падаткі, школы і зямлю.

![Польскі бюджэт у Сойме](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1312-1024x585.webp)

1. Правіцы—„палітыка“, лявіцы—„санацыя“.

Апошнія паседжаньні Сойму амаль ня выключна заняты агульнымі спрэчкамі аб бюджэце і зьвязанай з апошнім крытыкай палітыкі ўраду п. Грабскага і яго дамаганьня прадоўжыць і пашырыць тыя надзвычайныя паўнамоцтвы, якімі ўрад карыстаўся дзеля направы скарбу праз гэтае паўгоду.

Амаль ня ўсе прамовы слушна адзначалі, што ў сваей вялікай справаздаўчай прамове п. Грабскі выступаў толькі, як міністар фінансаў, як добры спэцыяліст у падатковай тэхніцы, але зусім не як палітычны галава ўсяго ўраду: ён не парушыў ані воднага з найбольш палючых палітычных пытаньняў Польшчы.

І гэта—зусім ня дзеля таго, што п. Грабскі — „зусім аполітычны“, што яго ўрад „мае выключна фінансава-санацыйную задачу“, як падсоўвае думку сам прэм'ер і яго калегі… — Каму-ж ня ясна, што ўрад п. Грабскага—выразна палітычны, што прэм'ер вядзе яскрава рэакцыйную, нацыяналістычную палітыку?.. Але слушна кажуць, што спрытны прэм'ер сваей сьвядомай рэакцыйнай палітыкай падкупае правіцу, якую як-ні-як прыходзіцца скубсьці дзеля направы скарбу, а з другога боку п. Грабскі аж надта добра ведае, што польская лявіца за „направу скарбу“ лёгка прабачыць яму зьвярыны нацыяналізм яго палітыкі.

І гэтае дасьціпнае балянсаваньне „назначанага п. Прэзыдэнтам“ непарляманцкага прэм'ера паміж правіцай і лявіцай вельмі добра адбілася ў агульных бюджэтных спрэчках. Агульны характар і вынікі апошніх можна было лёгка прадбачыць: правіца бурчэла на міністра фінансаў Грабскага за яго падатковую палітыку, але прэм'еру Грабскаму выразіла даверые, а лявіца кідала, як звызайна, свае бутафорскія пяруны і маланкі на тых „калегаў прэм'ера“, якія вінаваты ў дрэннай палітыцы ўраду, але самога п. прэм'ера Грабскага, як жонку цэзара, ставіла вышэй усялякіх падазрэньняў…

З паасобных цікаўных мамэнтаў у агульнай масе шэра-няздарных прамоваў правіцы і лявіцы адзначым ніжэй падане.

2. Пяруны і маланкі з пэпэсаўскай хмары.

Барліцкі (П.П.С.) выразіў трывогу за будучыну направы скарбу: бюджэтная раўнавага дасягнута толькі праз надзвычайны падатак з маемасьці. Калі яна ня ўтрымаецца, дык ізноў наступіць папяровая паводка, упадзе марка і злоты. Дарагоўля ня меншае, бо ўрад не вядзе з ёй барацьбы, аднэй рукой змушае маючыя клясы плаціць падаткі, а другой дазваляючы ім багацець коштам працоўнага насяленьня. Урад нічога ня робіць дзеля безработных… П. Барліцкі прапануе вельмі рацыкальныя спосабы: аддаць пад „дзяржаўна-грамадзкі кантроль усю прамысловую прадукцыю і гандаль“, добра ведаючы, што ня толькі ўрад п. Грабскага, але і ніводная з партыяў у Польскім Сойме, навет сама П.П.С., ня зробіць гэтага, як не зрабіў таго і „сацыялістычны“ ўрад Англіі…

П. Барліцкі вінаваціць — камісара ашчаднасьці Маскалеўскага, што гоніць са службы дзеля „эканоміі“ толькі лявіцоўцаў, лае мін. справядлівасьці, які ў сваіх судах „іначай судзіць рэдактара „Газ. Варшаўскай“, а іначай рэд. „Роботніка“;—вінаваціць мін. прасьветы, што „зьніштажае беларускую і украінскую нацыянальныя школы“, слушна пагражаючы ўраду, што „справа меншасьцяў“ са справы ўнутранай можа зрабіцца замежна-палітычнай і выклікаць міжнародную інтэрвэнцыю…

П. Барліцкі радзіць п. прэм'еру Грабскаму „даць аўтаномію ўсходнім землям—беларускім і украінскім“, а іншым меншасьцям „даць пачуць дух Польскай канстытуцыі“. („Kur. Polski“).

П. Барліцкі вінаваціць п.п. Замойскага, Скірмунта і Хлапоўскага, якія на радыкальныя зьмены ў заходня-эўрапэйскіх урадах глядзяць, як на „часовае не паразуменьне“… Вінаваціць навет зусім безадказную па канстытуцыі асобу „высокага дастойніка, які сваімі фразамі задзіўляе сьвет“…

Але п. пасол з П.П.С. не вінаваціць толькі аднаго: таго самага п. прэм'ера Грабскага, які паводле Канстытуцыі нясе першую і найвялікшую адказнасьць за ўвесь урад. Рэзалюцыя П.П.С., не адмаўляючы даверыя п. Грабскаму, адмаўляе толькі прадаўжэньня надзвычайных паўнамоцтваў яго ўраду.

3. Жыдоўскія прароцтвы.

Цікавую па свайму крытычнаму пэсымізму прамову сказаў жыдоўскі пасол Райх. Ён сказаў, што ў выніку „санацыі скарбу“ ня будуць мець грошаў ані польскія грамадзяне, ані польскі скарб… Далей п. Райх казаў, што ў Польшчы няма ніякай кіруючай палітычнай ідэі, апроч антысэмітызму і байкоту жыдоў, што Польшча мае амбіцыю „быць народам сільным толькі пасярод слабых“…

4. Расейскія скаргі.

Расеец Сярэбрэнікаў заявіў, што, калі беларусаў і ўкраінцаў у Польшчы трахтуюць, як грамадзян II клясы, дык расейцаў у Польшчы лічаць грамадзянамі яшчэ ніжэйшага—бо аж III сорту!.. У выніку гэтага і вочы расейцаў зварачаюцца на Ўсход, адкуль павінна прыйсьці апека…

5. Даверые пакрыўджаных „хлопаў“.

Пас. Плюта з польскага „Хлопскага Саюзу“ сьцьвярдзіў, што для польскай вёскі ўрад Грабскага не зрабіў нічога: аграрная рэформа ня скранулася нават з месца. Але ўсё-ж такі „да п. Грабскага „хлопскі“ саюз мае поўнае даверые“…

6. „Пяруны“ правадыра „Вызваленьня“.

Цікавую па сваей далікатнай крытыцы ўраду п. Грабскага прамову сказаў правадыр „Вызваленьня“, пас. Тугут, які, як кажуць, спадзяецца, што п. Грабскі можа запрасіць яго самога ў склад свайго габінэту. Дзеля таго п. Тугутт перадусім нападаў на п. мін. ўнутраных спраў, слушна лічучы сябе кандыдатам іменна на гэтае месца…

П. Тугутт падаў паміж іншым вельмі цікавую вестку аб тым, як разьдзяляюцца крэдыты дзяржаўнага скарбу (пазыкі народных грошаў на льготных варунках). — Апошнія 50 мільёнаў злотых былі панам Грабскім „падзелены“ так, што дробныя земляробы, з якіх складаюцца тры чверці насяленьня Польшчы, даталі ад дзяржавы на падтрыманьне сваей гаспадаркі штосьці каля 2 міл. злотых, інакш кажучы, штосьць каля 200,000 марак на душу, а рэшту ўзялі прамыслоўцы і абшарнікі…

Няма што і казаць аб тым, што з гэтых мільёнаў беларускі хлебароб дык не атрымаў ані воднай маркі!..

На зямельную рэформу ў бюджэце п. Грабскага няма ані воднай маркі, калі ня лічыць… асадніцтва! Але на апошняе п. Тугут неяк зусім не абураецца. На павялічаньне капіталу Польскага Банку асыгнавана 1333 злот., а вось на вяселыя паляваньні п Прэзыдэнта Рэспублікі, паноў міністраў і іх гасьцей у Белавежскай Пушчы, ці дзе інш. пан „санатар“ дзяржаўнага скарбу выкінуў народных грошаў аж 40.000 злотых ..

— „Гэта-ж папросту зьдзек“—кажа пасол Тугут.

У мініст. ўнутраных спраў—такі „дух“, што нават прышлы міністар п. Тугут, гэты прыхільнік італьянскіх фашыстаў, радзіць папросту — „біць у ім вокны“…

„У мін. справядлівасьці, кажа пасол Вызваленьня, ня будзе дабра, пакуль судзьдзя мае адвагу пытацца у падсуднага, за які сьпісак ён падаваў голас“…

Міністэрства прасьветы „дзеля эканоміі“ звольніла 2.000 вучыцялёў, пазачыняла шмат школаў і ня  

збіраецца адчыніць ніводнай новай. На пазашкольную прасьвету асыгнавана ў тры разы менш, як на „мысьліўскія разрыўкі“ найвышэйшых дастойнікаў. „Дзеяльнасьць міністра прасьветы папросту праступная“—заключае пасол. (Галасы на лявіцы: „у адстаўку“!..)

Але-ж з усіх гэтых „пяруноў“ п. Тугут не зрабіў падказанага яму вываду.

7. Хто-ж выклікае з магілы „Кацярыну“?

Вельмі цікавы абраз быў у прамове пястоўца Дэмбскага, калі ён, вялікадушна згаджаючыся на „раўнапраўнасьць меншасьцяў“, трэбаваў ад гэтых меншасьцяў „ляяльнасьці адносна да большасьці“ (нешта—зусім новае, бо датаго была мова аб „ляяльнасьці да Польскага гаспадарства“)… Пасьля п. Дэмбскі пачаў крычаць: „Не пазволім рабіць з гэтай справы атута палітычнай барацьбы Радавай Расеі ці Нямеччыны“… „Гэта ня тая справа, якую расейскі ўрад можа вясьці, як калісь вяла Кацярына“!

Няхай жа п. Дэмбскі запытае сябе добра, хто-ж гэта дае ў рукі Расеі ці Нямеччыны гэтыя „атуты“, і хто выклікае „Кацярыну“ з магілы“…

На ўсе гэтыя вокрыкі далі адпаведны адказ нашыя і ўкраінскія паслы…
