# Яшчэ праекты камісіі «крэсавых экспэртаў»

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/prajekty-kamisii-kresavych-ekspertau/
- Published: 1924-06-30T19:40:00+00:00
- Updated: 2026-11-09T23:00:13+00:00
- Section: Архівы
- Language: be

> Камісія, зьвязаная з прэм’ерам Грабскім, падрыхтавала некалькі праектаў законаў для меншасьцяў: пра мовы ў адміністрацыі і судзе і пра школы. Пасольскія паны-пэпээсы адмовіліся ўдзельнічаць у камісіі.

![Яшчэ праекты камісіі «крэсавых экспэртаў»](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6853-1024x585.webp)

Камісія „крэсавых экспэртаў“, пакліканая, як ведама, асабіста п. Грабскім, паводле яго асабістага смаку і складаючаяся з п. Стан. Грабскага, лідэра эндэкаў, п. Тугута, лідэра вызваленцаў, і яшчэ двух „спэцыялістаў па Малапольшчы“, выпрацавала ўжо тры, ці нават чатыры праекты новых законаў для меншасьцяў.

Першы праект датычыць карыстаньня украінскай і беларускай мовай (газэты няправільна падавалі аб расейскай і літоўскай) у адміністрацыі і самаўрадах; другі праект датычыць карыстаньня гэтымі мовамі ў судзе; трэці датычыць беларускай і ўкраінскай школы; чацьверты праект, вельмі голасна рэклямаваны афіцыяльным агенцівам, (відаць, „на вываз“—за граніцу…), як прынцыповае вырашэньне справы обыватэльства на Усходніх Крэсах паводле Вэрсальскага Трактату, дае п.п. старостам права, калі яны хочуць і лічуць магчымым, даваць обыватэльства, пашыраючы трохі выпадкі, калі жыхары маюць права зьвярнуцца з адпаведным паданьнем.

Кажуць, быццам два першыя праекты ўжо зацьверджаны радай міністраў. Дзіўна аднак жа, як гэта п. Тугутт згадзіўся працаваць у цішы і пацёмках канцэлярыі мін. ўнутраных спраў, не патрэбаваўшы публікаваньня дыскусіяў камісіі. Паны пэпээсаўцы аказаліся больш адпавядаючымі годнасьці народнага прадстаўніка і адмовіліся ад удзелу ў гэтай „камісіі пры п. Гюбнэры“. Бо-ж і для дзіцяці ясна, што новыя ўставы будуць выпаўняцца адміністрацыяй акурат таксама, як цяпер выпаўняецца ею польская канстытуцыя…
