# ### Прамова Б. Тарашкевіча

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/pramova-b-tarashkievicha/
- Published: 1924-06-21T19:55:00+00:00
- Updated: 2026-11-10T01:40:01+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/speech-of-b-tarashkevich.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/rech-b-tarashkevicha.md

> Пасол Тарашкевіч у Сойме разбірае бюджэт Грабскага і пераконвае, што польскі скарб аздараўляецца коштам вёскі, а дзяржава жыве вайсковымі выдаткамі. Далей ён крытыкуе палітыку ў школьніцтве.

![### Прамова Б. Тарашкевіча](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1304-1024x585.webp)

13. VI. 24 г. у Сойме ў часе дыскусіі над exposé прэм. мін. Грабскага.

Маршалак: Голас мае п. Тарашкевіч.

п. Тарашкевіч: Высокі Сойме. Занархізаваная шляхта XVIII ст. мела тое вельмі згубнае ў сваіх вынніках перакананьне, што Польшча „nierządem stoi“. Сяньня ўцёрлася іншае, думаю, што ў будучыне ня менш фатальнае і згубнае, перакананьне, сягаючае аж да вышынь палітычнае мысьлі, што

Польшча стаіць цудам.

Маем: цуд зьмёртвыхустаньня Польшчы, цуд ацаленьня Польшчы, або цуд над Вісьлай, і апошні цуд аздараўленьня скарбу, ці фінансавая санацыя.

Нельга думаць, што галоўная хвароба сяньняшняга гаспадарчага жыцьця—гэта благія гропы.

Прычына хваробы ляжыць куды глыбей — у глыбокім гаспадарчым крызісе. Ужо самая вайна—гэта пачатак гаспадарчага крызісу. Распачаўся ён дзеля таго, што народныя промыслы, промыслы нацыянальныя і нацыяналістычныя, канкуруючы паміж сабой, давялі да аружнае барацьбы.

Заключэньне міру ніякай дарогай ня спыніла гаспадарчага крызісу, але скарэй увяло ў новую фазу, паглыбіла яго ў цэлай Эўропе, а нават у цэлым сьвеце. Ведама, што вялікія эканамічныя багатыры Эўропы, якімі ёсьць Англія, Францыя і Нямеччына, утраціліі значную частку сваіх рынкаў у калёніях, якія ў часе сусьветнай вайны, творачы свае ўласныя промыслы, вызваліліся ад залежнасьці ад эўрапэйскіх дастаўшчыкаў.

Прашу паноў, пасьля пэрыаду інфляцыі, пасьля пэрыаду ўпадку валюты наступіў другі пэрыад—пэрыад гаспадарчага крызісу. Гаспадарчы крызіс і інфляцыя—гэта два канцы таго самага кія, якія сяньня б'юць папераменну па няшчаснай Эўропе.

Паміж гэтай Сцыльляй і Харыбдай інфляцыі з аднаго боку і гаспадарчага крызісу з другога можна надта зручна выкручывацца; прыклад—Чэхаславакія.

Паглядзім-жа, як гэты патэнтаваны ўжо фінансавы геній, п. Грабскі, выкручываецца паміж гэтымі небясьпекамі.

Падаткі вядуць да зьнішчэньня вёскі.

П. Грабскі, як ведама, сягнуў ня толькі да доходаў, але да часьці маемасьці. І як-жа гэтая часьць маемасьці бярэцца? Бярэцца, так сказаць, „на ўзьвей вецер“.

Мэтады агентаў Міністэрства Скарбу, галоўным чынам на вёсцы, вельмі часта папросту гранічаць з ашуканствам.

Перад усім платнік ня ведае, сколькі, калі і ў якім часе будзе магчы плаціць свае падаткі.

Далей, вышыня апададкаваньня ў краі зруйнаваным і зьнішчаным вайной даходзіць да такое меры, якая істнуе ў краі, красуючым дабрабытам, як Італія. Апроч таго, мусіў-бы сказаць, што падатковая сыстэма Польшчы ў сяньняшняй хвілі—нязьмерна дражнючая, асабліва на нашых беларускіх землях. У той час, калі сяляне прывыклі плаціць падаткі ад зямлі, яны сяньня плацяць нязьлічаную лічбу розных падаткаў: „państwowych i komunalnych“ — так, што запраўды няма тыдня, калі-б ня трэба было плаціць падатку. А ёсьць, напрыклад, такія падаткі, якія ў вачох падатнікаў выклікаюць прост абурэньне. Такім падаткам ёсьць напрыклад падатак „spadkowy“.

У той час, як у сялянскай сям'і паміраець бацька і пакідае па сабе ўдаву і дзеці сіроты, тады гэты падатак „spadkowy“ выдаецца запраўды карай за сьмерць, ды так гэты падатак і разумеюць сяляне.

Усюды ведама і сьцьверджана, што мэтады аздараўленьня Скарбу п. Грабскага вядуць да поўнага абядненьня вёскі і да прамысловага крызісу.

Бюджэт польскі—бюджэт вайны.

У той час, калі ў Заходняй Эўропе кінуты лёзунг міру, тады польскія палітыкі цьвердзяць, што „si vis pacem, para bellum“. А запраўды гэты прынцып давёў і вядзе да вайны. Хочучы ствараць мір, хочучы быць тварцом міру, трэба мір спраўна прыгатаўляць. Слушна гэта сказаў пасол Барліцкі, толькі, нажаль, ня зусім хацеў вывясьці з гэтага лёзунгу ўсе пасьледзтвы, бо, жадаючы чынна прыгатаваць мір, трэба хіба зьменшыць мілітарны бюджэт?! А бюджэт польскі—гэта выразна мілітарны бюджэт, дзеля таго, што найменш 57% бюджэту ідзець на ўзброеньне і на армію. Пытаюць часта, ці маець Польшча мілітарыстычныя замеры, ці вядзе Польшча імпэрыялістычную палітыку? Я-б сказаў, што

Польшча вядзе мілітарыстычную палітыку,

аднак-жа не патрабуе пакуль што мець мілітарыстычных замераў, а гэта дзеля таго, што сяньня Польшча цалком

насычана чужой люднасьцю і чужымі землямі

і іменна дзеля гэтага, каб гэтую чужую люднасьць, гэтыя меншасьці, перад усім тэрыторыяльныя, а значыць украінцаў і беларусаў, утрымаць у належнай карнасьці і паслухмянасьці і зламаць іх, дзеля гэтага патрэбны мілітарны бюджэт. А гэта ёсьць вынік вялікай сьлепаты палітыкі ўрадовых чыньнікаў, дзеля таго, што ніякая армія, калі-б Польшча азброіла з ног да галавы ўсю люднасьць—мужчын і жанок навет, то ніводная, кажу, армія ў недалёкай будучыне не патрапіць змагацца на два фронты, ці то з Расеяй, як такой, ці то з саюзам усходніх народаў, і не патрапіць змагацца з Нямеччынай з другога боку. Вось дзеля гэтага польская палітыка павінна быць — мірная, не мілітарная.

Паліцэйская палітыка ў школьніцтве.

Прашу паноў, паглядзімо, як гэты „апалітычны“ прэм'ер, каторы абяцаў з гэтай трыбуны быць безстароньнім і апалітычным, паглядзімо, якую ён вядзе ўнутраную палітыку ў галіне школьніцтва. Сьмела можна сказаць, што так „бязчэльнага“ міністра ў адносінах да школ народных меншасьцяў, як п. Міклашэўскі, дасюль ня было. (Крык на правіцы. Галасы: Як можна аб міністру сказаць, што ён бязчэльны?! Гэтага слухаць ня можна!)

Віцэ-маршалак Марачэўскі: (звоніць). Прашу Паноў супакоіцца. Калі моўцы сказаў штось неадпаведнага, то я даведаюся аб гэтым з стэнаграмы і прызаву да парадку.

П. Тарашкевіч. Калі ўжыў неадпаведнага слова, то гатоў даць за гэта сатысфакцыю, але няхай паны толькі паслухаюць, як п. Міністар Міклашэўскі, зачыняючы сыстэматычна школы, уводзіць да школы паліцэйскую сыстэму.

Вось-жа па дні 1-га мая беларускія і жыдоўскія школы ў Вільні атрымалі ад віленскага кураторыуму запытаньне, якія вучыцялі і вучні ў дзень 1-га мая ня прышлі да школы. Ня ведаю, як гэта маю назваць… (Крык, голас: Беларускае сьвята ёсьць 1-га мая.).

Зямельная справа.

Або зямля… Гэтае пытаньне ёсьць першае для шырокіх масаў люднасьці беларускай і ўкраінскай. Як гэтае пытаньне стаіць? Пастаянна абяцуецца зямельная рэформа. На пасьледак—ня віна ўраду і ня віна адміністрацыі, што справа зямельнае рэформы ў той ці ў іншы спосаб праведзена ў Сойме. Але як земскія ўрады трактуюць беларускага мужыка? Там перад усім пытаюць, хто ты такі: ці ты паляк, ці беларус? Адным памагаюць, другім ставюць перашкоды на кожным кроку.

Найвышэйшыя ўлады, найвышэйшыя панствовыя „czynniki“, пастаўленыя сьцерагчы лад, кажуць, што толькі палякі ў Польскай Рэчыпаспалітай маюць правы, толькі яны ёсьць гаспадары зямлі, а ўсе другія — грамадзяне другой клясы. Хто так казаў, дзе казаў, паново добра ведаеце. (Голас на жыдоўскіх лавах: той, каторага мы выбралі. Шчасьлівым ходам акалічнасьцяў ня быў забіты, як Нарутовіч). Каб утрымаць у паслухмянасьці люднасьць, якая запраўды ўтраціла цярплівасьць, якую дагэтуль мела, трэба сяньня легіёнаў паліцыі. Побач арміі, побач войска стаіць другая паліцэйская армія. На нашых вачох Польшча (голас на лавах меншасьцяў: палюець на людзей!) што раз выраджаецца ў паліцэйскае гаспадарства. (голас на правіцы: бароне вас ад бандытызму, які ёсьць у Расеі)! Што робіцца з гэтым бандытызмам, то зараз скажу. У прошлым годзе, чуючы а гвалтах паліцыі, выехаў я да паветаў: Пінскага і Косаўскага. Аб'ехаў два паветы, і там пасьля ведамага нападу ў Тэлеханах ня было бадай вёскі, а ў вёсцы ня было мужчыны, каторы-б ня быў у агідны, брутальны спосаб скатаваны. Старыя з заціснутымі зубамі нічога не гаварылі, але тая моладзь, у каторай кіпіць гарачая кроў, гаварыла:

Цяпер будзем шукаць дарогі да помсты!

Гэта ёсьць адна з прычын „бандытызму“. І цьверджу рашуча, што чым больш будзе паліцыі на Крэсах, тым большае будзе забурэньне, тым больш будзе таго, што панове слушна ці няслушна завіцё бандытызм. Бо гэтая паліцыя на Крэсах, у тэй сколькасьці, у якой там знаходзіцца, запраўды ня мае нічога да работы, як толькі правакаваць. Такога паліцэйскага ўціску, такога рэжыму яшчэ наш народ ня бачыў. (Голас на правіцы: Аб якім пан гаворыш, ці аб гранічным, ці аб унутраным?) Аб унутраным. Так, дзе даўней адзін паліцыянт, ці адзін стражнік, ці таксама адзін расейскі ўраднік даваў сабе раду, там сяньня ёсьць па 10-цёх, 15-цёх паліцэйскіх. Аднак і гэты паліцэйскі ня ёсьць выпрабаваны, як адпаведны фаховы элемэнт. Гэты паліцыянт, каторага гаспадарства ня можа дасканальна аплаціць, бо, маючы столькі паліцыі, ня можа добра плаціць, гэты паліцыянт шукаець пабочных заработкаў. Я дасканальна ведаю, што паліцыя ў цэлай чарзе мястэчкаў маець даручэньне даставіць столькі а столькі пратаколаў у працягу месяца. А калі гэты паліцыянт не даставіць, то яго выкідаюць.

Урэшце Польшча дачакалася, што ў гэтую справу ўмяшаліся чужыя дзяржавы і гуманітарныя арганізацыі.

Дык што-ж думаеце рабіць з гэтай справай? Пан міністар Грабскі тутака выступаў зусім не як прэм'ер, а толькі як міністар фінансаў. Ён думае, што справа ўнутранай і загранічнай палітыкі, бюджэтныя і фінансавыя справы ня маюць нічога супольнага, і ня хоча аб гэтым гутарыць, а калі нават што і робіць, то робіць у тайніцы. Паважна і праўдзіва гэтай справы ніхто ня хоча трахтаваць, а калі хто захоча патрахтаваць, то хацеў-бы яе рабіць якімісь паўпосабамі (голас на правіцы: А які ёсьць цэлы спосаб? Голас на лявіцы: самавызначэньне!)

Аўтаномія тэрыторыяльная на даўжэйшы час не разьвязала-бы гэтай справы аканчальна, а толькі залатала-б яе.

Аднак, народ наш беларускі ня верыць ужо сяньня ў магчымасьць тэрыторыяльнай аўтаноміі, бо ведае, што калі-б навет які кольвек Сойм пад прымусам якіх кольвек „прычын“ гэтую справу правёў і даў-бы аўтаномію, то няма пэўнасьці, каб гэта аўтаномія, таксама, як і канстытуцыя, ня была пагвалчана і зламана. Беларускі народ сьцьвярджае толькі факты і сяньня яшчэ тым больш абарачывае свае вочы на ўсход (галасы: Jazda! Голас на лявіцы: але разам з зямлёй і з людзьмі), дзе бачыць магчымасьць разьвіцьця, і дзе многа робіцца, каб, ведама, цяжкае сяньняшняе эканамічнае палажэньне селяніна было палепшана.

У часе, калі нашая люднасьць, церпячы ўціск і сыстэматычнае перасьледаваньне, траціць даверые да самога гаспадарства, трудна, каб мы маглі мець якое-небудь даверые да п. Грабскага, такога аднабокага палітыка. Тым больш будзем пратэставаць проціў даваньня яму якіх-небудзь паўнамоцтваў. Ня маючы даверыя да сяньняшняга ўраду, ня маем так-жа даверыя і да сяньняшняга Сойму і дамагаемся новых выбараў. Урэшце, ня можам мець лішне вялікіх надзей і на новы Сойм. Спасьцярога і зімная развага змушаець да вываду, што разьвязаньня тых палючых задач прыходзіцца чакаць найхутчэй ад глыбокіх устрасеньняў, ад палітычнай і сацыяльнай рэвалюцыі…

(Словы: а вы іменна на гэта і чакаеце)…
