# Расейска-французская дружба і польскі тупік

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/rasiejska-francuzskaja-druzhba-i-polski-tupik/
- Published: 1924-06-08T19:55:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T21:02:25+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/russian-french-friendship-and-the-polish-dead-end.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/russko-frantsuzskaya-druzhba-i-polskiy-tupik.md

> Заснаваньне ў Парыжы таварыства французска-расейскай дружбы палякі прыняліся тлумачыць па-свойму. Аўтар бачыць у перамозе левых у Францыі зьмену ўсёй эўропэйскай палітыкі, ад якой выйграе і беларускі рух.

![Расейска-французская дружба і польскі тупік](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1067-1024x585.webp)

Польскія газеты зьмясьцілі кароткую тэлеграму з Парыжа аб тым, што там заснавалася таварыства Французска-Расейскай дружбы. Мэтамі гэтага Т-ва зьяўляюцца прызнаньне Радавага Саюзу, аднаўленьне даўнейшай расейска-французскай дружбы і аднасінаў, апрацаваньне варункаў зьбліжэньня палітычнага, эканамічнага і культурнага, і, нарэшце, прапаганда гэтае ідэі ўва ўсей Францыі.

Яно нічога, здаецца, дзіўнага ў тым, што ў Парыжу заснавалася такое таварыства. Але, калі паглядзець на справу з боку палітычнага, калі прыняць пад увагу, што ініцыятарамі гэтага таварыства былі выдатнейшыя французскія палітыкі, як напрыклад Эррыо, які будзе старшынёю французскага ўраду і міністрам заграничных спраў; Пэнлевэ, які будзе або маршалкам французскага парлямэнту, або нават прэзыдэнтам Францыі, — калі, кажам, прыняць гэта пад увагу, то само сабой паўстае пытаньне: што ўсё гэта значыць?..

Польская прэса, пачынаючы ад самае правае, зьвярына-чорнасоценнае і нацыяналістычнае — і канчаючы самымі „левымі“ газэтамі наагул вельмі неахвотна піша аб выніках і значэньні для палітычнага жыцьця Эўропы французскіх выбараў. Польская прэса, а з ёю і ўсе польскія партыі, ніколі не спадзяваліся таго, што французскі нацыянализм зломіць сабе шыю, і што можа наступіць для рэакцыі крызіс. Па сваей блізарукасьці польскія партыі вялі палітыку ў тахт Пуанкарэ і зусім ня думалі і не рыхтаваліся да таго, што цяпер надыйшло і становіцца фактам.

Дзеля гэтага ні адна з польскіх партыяў ня можа яшчэ зразумець і правільна ацаніць, ня можа арыентавацца ў новым палажэньні, калі трэба думаць сваёю галавою, а не галавою Пуанкарэ.

Ня кажам уже аб эндэках, якія зусім згубілі грунт пад нагамі. Так званая „лявіца“ так сама ня ведае, што сказаць. Нейкім дзіцячым лепетам здаюцца прамовы Домбскага, Недзялкоўскага і іншых, якія цяпер дамагаюцца адстаўкі міністра заграничных спраў графа Замойскага і іншых правых міністраў і думаюць гэтым выйсьці з таго тупіка, у якім апынулася ўся польская правая і „левая“ палітыка.

А справа стаіць так, што з правалам Пуанкарэ, гэтага злога генія, гэтага слуга міжнароднай рэакцыі, на Эўропэйскія загоны павеяла новым ветрам. Выбары 11-га траўня ў Францыі аказаліся ня толькі пераломам унутранай палітыкі Францыі, як гэтага чакалі ў Польшчы.

Выбары 11-га траўня былі пераломам — і то галоўным чынам—міжнароднай сітуацыі і міжнароднае палітыкі, і аб гэтым лепш за ўсё гаворыць заснаваньне французска-расейскага таварыства.

Што значыць аднаўленьне старых аднасінаў з Расеяй, зьбліжэньне палітычнае, эканамічнае і культурнае, якое праклямуе Эррыо?

Гэта значыць, што Вялікая Французская Рэвалюцыя—насьледнікі Робэсп’эра—падаюць руку Вялікай Рэвалюцыі Расейскай, насьледнікам Леніна.

Гэта значыць, што з правалам Пуанкарэ — ня толькі французскі нацыянализм і французская рэакцыя асталіся без галавы, а што наагул нацыянализм, шовінізм, наагул рэацыя пачынае губляць грунт пад нагамі і асабліва ў тых дзяржавах, якія знаходзіліся пад уплывам рэакцыйнае Францыі.

У першую чаргу гэты правал рэакцыі адчуваецца і ў радох цяперашніх гаспадароў Польшчы. Мы ня ведаем, што будзе рабіць цяпер нават самая крайняя „лявіца“ Польшчы.

Добра быць такою дзяржаваю, як Францыя. Яна можа павярнуць налева кругом, і ад гэтага павароту яна можа нават выйграць.

А што могуць зрабіць цяпер польскія палітыкі?.. Іх палажэньне зусім незавіднае, бо за пяць гадоў свайго тупога панаваньня яны давялі сваю дзяржаву да таго, што цяпер ніхто ўжо ня можа паверыць у шчырасьць якіх бы то ні было абяцанак, ніхто маральна не падтрымае тых, хто марна страціў вялікую спадчыну польскіх паўстанцаў.

Калі-б польскія палітыкі цяпер ішлі ўсьлед за французскімі, як гэта хочуць рабіць „Вызваленцы“ і „П.П.С.“,—дык і ім прышлося-б так, як і Эррыо, гаварыць кампліманты бальшавізму.

Але гэтага ніколі ня будзе, бо па сутнасьці сваёй сучасная Польшча варожа да С.С.Р.Р., і наадварот.

Адным словам, дзень 11-га траўня, дзень выбараў у Францыі, калі левы блёк узяў верх над французскім рэакцыйна-нацыянальным блёкам, будзе гістарычным паваротам для ўсяе Эўропы.

У гэты дзень паваліўся самы моцны слуп пасьляваеннае рэакцыі. Па свайму значэньню правал Пуанкарэ можна параўнаваць з правалам Маскоўскага царызму ў лютым 1917 года.

Магчыма, што ня так хутка, не сягоўня і ня заўтра, але няўхільна ўсьлед за правалам Пуанкарэ, праваліцца нямецкі нацыянализм, польскі нацыянализм і італьянскі фашызм. Безумоўна адно, што для чорнае рэакцыі ў Эўропе наступяць скора чорныя дні.

Для беларускага адраджэньня і наагул для беларускага руху, які пачаўся пад уплывамі Вялікай Французскай Рэвалюцыі ў пачатку 19-га веку, і які паглыбіўся і пашырыўся ў масах пад уплывам Вялікай Расейскай Рэвалюцыі ў пачатку 20-га веку, — прымірэньне паміж гэтымі двума рэвалюцыямі нясе ня тупік, а выход на шырокі шлях, нясе яшчэ большую веру і надзею, што час поўнае перамены палажэньня нашага народу набліжаецца.
