# Сялянскі прыгавор у Тэлеханах

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/sialianski-pryhavor-u-teliechanach/
- Published: 1924-06-13T17:45:00+00:00
- Updated: 2026-11-10T01:35:33+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/peasant-resolution-telekhany.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/krestyanskiy-prigovor-telekhanakh.md

> Сяляне вёскі Тэлеханы ў прыгаворы скардзяцца на беззямельле, абшарніцкі ўціск і непамерныя падаткі і патрабуюць зямлі і школы як вольныя грамадзяне.

![Сялянскі прыгавор у Тэлеханах](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1285-1024x585.webp)

Сяляне вёскі Тэлеханы, Косаўскага павету, зрабілі гэткі прыгавор аб сваім несьцярпімым палажэньні (прыгавор надрукаваны ў польскай часопісі „Wyzwolenie Ludu“):

„Наш голас—голас прападаючых ад нэндзы, якая шырокай хваляй заліла нашы сялібы, — хай ня будзе голасам „гукаючага ў пустыні“.

„Хай ведама будзе ўсенькай Рэчыпаспалітай, што мы гінем ад нястачы зямлі, работы, хлеба, гінем у варварскай цемнаце ад нястачы школаў, гінем ад нячуваных дзяржаўных падатковых цяжараў, а найбольш ад нялюдзкага ўціску мясцовымі абшарнікамі і спэкулянтамі, якія напружылі ўсе свае сілы, каб высмактаць з нас апошнія нашыя сокі. У нас забіраюць нават тую дробязь, якую мы мелі ў расейскія часы; ня маем ужо ніякіх правоў на нашы сэрвітуты, забралі ў нас і ральлю, з якое мы карысталі ад 1870 году і за якую плацілі і гатовы плаціць далей траціну штогодняга ўраджаю.

„І нямашака ліку падобных гвалтаў, і нямашака ратунку ад іх, бо і суды і паліцыя і розныя ўрады—ўсе стаяць за ворагаў нашых.

„Як быццам усё змовілася, каб нас зусім зруйнаваць і зьніштожыць. А ўсіх, хто пратэстуе проці ўсіх гэтых надужыцьцяў, арыштоўваюць, вінавацючы ў бальшавізьме, а пасьля нялюдзка катуюць на пастарунках, садзяць у вастрогі, або руйнуюць цяжкімі штрафамі. Ды часта падае на людзей закід бальшавізму з усімі вынікамі гэтага толькі за тое, што ты не пакланіўся ў час і не даволі нізка пану з двара, ці камэнданту дзяржаўнае паліцыі, ці тайнаму агенту.

„На ўсё гэта мы, жыхары, прыросшыя да маткі-зямлі, клічам: Зямлю нам дайце і школу! Вон абшарнікаў і іх прыслужнікаў!

„Гэтага жадаем, як вольныя і раўнапраўныя грамадзяне Рэчыпаспалітай“.

Прадстаўнікі жыхароў вёскі Тэлеханы:
