# Справа аб вайсковых інвалідах у Польскім Сойме

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/sprava-vajskovych-invalidau-polskim-sojmie/
- Published: 1924-06-26T18:05:00+00:00
- Updated: 2026-11-11T01:47:25+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/disabled-veterans-polish-sejm.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/delo-voennykh-invalidakh-polskom-seyme.md

> Польскі ўрад скараціў дапамогу вайсковым інвалідам і прасіў поўнамоцтваў яшчэ болей яе абмежаваць. Соймавая камісія адхіліла гэта аднагалосна.

![Справа аб вайсковых інвалідах у Польскім Сойме](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-6166-1024x585.webp)

Ува ўсіх дзяржавах сьвету зьвяртаецца значная ўвага на інвалідаў, асабліва на вайсковых. У Эўропе навет тыя з інвалідаў, што страцілі на вайне 10% працаздольнасьці, дастаюць дапамогу з скарбу сваей дзяржавы.

Польшча на падставе трактатаў Вэрсальскага і Сэн-Жэрмэнскага забавязалася выдаваць сталую дапамогу і тым вайсковым інвалідам, якія служылі ў арміях нямецкай ці іншых, але якія, як сталыя жыхары пэўных мяйсцовасьцяў, апынуліся ў межах цяперашняй Польшчы.

І вот-жа ў той час, калі па законах нямецкіх, расейскіх або аўстрыяцкіх кваліфікавалася непрацаздольнасьць інваліда на 80%, то польскімі законамі—з прычыны ашчаднасьці ў мэтах направы скарбу Польшчы—ступень гэтае кваліфікацыі непрацаздольнасьці зьніжаны быў яшчэ ў прошлым годзе да 50%, там дзе было 50%—зьніжана да 25% і г. д.

Усіх зарэгістраваных вайсковых інвалідаў налічаецца ў Польшчы 375.000 асоб. Дзеля падтрыманьня іх Урад выдаець ім канцэсіі на права гандлю папяросамі на вуліцах і інш. Але з усяе лічбы інвалідаў дасталі гэткія канцэсіі толькі 80.000 асоб.

Усе павыжшыя даныя, ўзятыя з дакладу дэпутата Бігоньскага на пасяджаньні 20.VI.24 г. Соймавай Камісіі Інвалідзкай і Грамадзкай Апекі, сьведчаць аб тым, што справа дапамогі вайсковым інвалідам пастаўлена ў Польшчы надта дрэнна. Выясьнілася, што на ўсіх вайсковых інвалідаў выдаецца з скарбу дзяржавы у год дапамогі толькі 450.000 злотых польскіх.

У зьвязку з унесеным у Сойм новым праектам сучаснага Ураду аб наданьні яму паўнамоцтваў на далейшы час, памянёная вышэй камісія разглядала 22 чэрвеня г. г. § 10 першага артыкулу гэтага уставу, дзе Урад дамагаецца, каб яму было дадзена права зьменшыць дапамогу інвалідам, якія маюць гандлёвыя канцэсіі, і зусім пазбавіць грашавой дапамогі тых інвалідаў, якія страцілі менш 25% сваей працаздольнасьці.

Ясна, што просьба аб наданьні гэткіх паўнамоцтваў была адкінена усімі галасамі камісіі. Нават прадстаўнікі абшарнікаў і капіталістаў, якія падтрымліваюць Урад пана Грабскага і гатовы надзяліць яго новымі поўнамоцтвамі, не адважыліся галасаваць за тое, каб ад пакалечаных людзей адбіраць або зьмяншаць і тую зусім нязначную дапамогу, якой яны, дзякуючы арганізацыі свайго саюзу, дабіліся.
