# Водгукі 1-га мая ў Вільні

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/vodhuki-1-ha-maja-u-vilni/
- Published: 1924-05-18T19:50:00+00:00
- Updated: 2026-10-22T14:57:35+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/echoes-of-the-1st-of-may-in-vilnia.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/otgoloski-1-maya-v-vilnye.md

> Першамайская ноч у Вільні: вобыскі ў Антона Луцкевіча і іншых дзеячоў, арышты сярод беларусаў, разгон паходу паліцыяй і напад эндэцкіх студэнтаў. За дзень затрымалі каля 70 чалавек.

![Водгукі 1-га мая ў Вільні](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-483-3-1024x585.webp)

У ноч з 30-га красавіка на 1-га мая ў Вільні адбыліся масавыя вобыскі і арышты сярод работнікаў і беларускіх дзеячоў. Паміж іншым, вобыскі былі ў грам. Антона Луцкевіча, віцэ-старшыні Беларускага Нацыянальнага Камітэту; Язэпа Лагіновіча, сэкратара Бел. Нац. К-ту; вучыцеля Віл. Белар. Гімназіі Міколы Красінскага і інш. Арыштаваны старшыня бацькаўскага камітэту пры Віл. Бел. Гімназіі, ён-жа старшыня рэвізыйнае камісіі так-званага „Беларускага Грамадзянскага Сабраньня”, Кепэль, а так-жа сябра гэнага Сабраньня, пісьменьнік Макар Косьцевіч, якому зроблена была перад тым прапазіцыя быць рэдактарам польскае газэты ў беларускай мове, ды ён ад гэтага адмовіўся.

Раніцай 1-га мая на Замковай Гарэ быў вывешаны чырвоны сьцяг з надпісам у беларускай мове.

Праектаванае работнікамі адзінае сьвяткаваньне іх сьвята было разьбіта партыяй польскіх сацыялістаў (П.П.С.), якія дамагаліся, каб усе ішлі пад штандарам П.П.С. Большасьць работнікаў стаяла на тым, каб ісьці пад штандарамі толькі работніцкіх клясавых прафэсіянальных саюзаў — бяз ніякіх партыйных адзнак.

П.П.С. абвесьціла, каб работнікі зьбіраліся на веча ў Мясцовую Залю. Але туды пайшла толькі частка работнікаў, пераважна чыгуншчыкаў, у значнай меры прыехаўшых сюды на службу з Польшчы. Большасьць работнікаў сабралася ў Работніцкім Доме, скуль выйшлі на дэманстрацыю. Наперадзі паходу нясьлі штандар акружнае камісіі клясавых праф. саюзаў, якія стаяць на клясавым грунце, а з партыяў — польскі сацыялістычны саюз „Праца”, што аддзяліўся ад П.П.С., жыдоўскі „Бунд” і камуністычная партыя Заходняе Беларусі. Зварачала ўвагу група беларускіх работнікаў, наперадзі якіх ішоў старшыня Бел. Нац. Камітэту пасол Б. Тарашкевіч.

У часе паходу канцавую групу на рагу вуліцы Міцкевіча і Татарскай паліцыя адрэзала і разагнала. Аднак, паход ішоў далей зусім спакойна. На Віленскай вуліцы на дэманстрантаў нападала банда студэнтаў і вучняў эндэкаў, якія кідалі каменьні і палкі. Каля дому № 12 нейкі правакатар выстраліў у паветра з рэвальвэру і сам уцёк, каб гэтак даць паліцыі магчымасьць разганяць паход. Ужо выясьнена, хто ён такі. Калі зьявілася паліцыя, студэнты і вучні, што кідалі каменьні, пачалі крычаць: „Хай жыве паліцыя!” З вакон польскага ліцэю для дзяўчат у доме № 10 пры Віленскай вуліцы вучаніцы плявалі ў работнікаў.

З прычыны рэпрэсіяў адміністрацыі праектаваныя прамовы ў падворку Работніцкага Дому не адбыліся.

„Скорая помач” дапамагла чатыром работнікам, раненым каменьнямі ў галаву.

Як паведамляе „A. W.”, у гэты дзень паліцыя арыштавала каля 70 асоб.

У сувязі з выпадкамі 1 мая колькі дзён таму назад быў арыштаваны і пасьля дапросу звольнены сэкрэтар Бел. Цэнтр. Школьнае Рады Арс. Канчэўскі.

У начы з 11 на 12 мая паліцыя рабіла „праверку дакумэнтаў” у кватэрах вучыцялёў Віл. Белар. Гімназіі і пачатковых школ. „Праверка” гэная адбывалася ад 12 да 4 гадзіны ўначы.

У доме № 7 пры Вострабрамскай вуліцы гэтак сама рэвізавалі ўначы ўсе кватэры.

Думаюць, што апошнія здарэньні знаходзяцца ў сувязі з назначаным на 12 мая зьездам беларускіх паслоў і сэнатараў у Вільні.
