# Вынікі і значэньне Ковенскай канфэрэнцыі

- URL: https://syn.by/historyja/archivy/vyniki-i-znachennie-kovienskaj-kanferencyi/
- Published: 1924-06-08T19:45:00+00:00
- Updated: 2026-10-25T21:02:11+00:00
- Section: Архівы
- Language: be
- EN edition: https://syn.by/en/history/archives/the-results-and-significance-of-the.md
- RU edition: https://syn.by/ru/istoriya/arhivy/itogi-i-znachyeniye-kovyenskoy-konfyeryentsii.md

> Аўтар ацэньвае вынікі канфэрэнцыі трох балтыцкіх дзяржаваў у Коўне як удар па польскіх мроях аб ролі „муру цывілізацыі“. Літва дамагла такога збліжэньня, якога дарэмна шукала Варшава.

![Вынікі і значэньне Ковенскай канфэрэнцыі](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/10/illustration-1071-1024x585.webp)

Закончыўшаяся 22-га траўня канфэрэнцыя трох суседніх балтыцкіх дзяржаваў—Літвы, Латвіі і Эстоніі, зьяўляецца вельмі важным фактам у радзе тых, якія, адзін па адным, вядуць Эўропу да нейкай больш-менш трывалай рэальнасьці.

Даўно адкладаная, „спрытна“ папярэджаная канфэрэнцыяй тых-жа Балтыцкіх дзяржаваў у Варшаве, Ковенская Канфэрэнцыя ня толькі нічога ня страціла ні ад свайго адкладу, ні ад „поўкага ходу“ варшаўскіх шахматыстаў, але якраз наадварот: абедзьве гэтыя акалічнасьці токькі паслужылі на карысьць паразуменьню трох балтыцкіх дзяржаваў, і вынікі іх канфэрэнцыі аказаліся нават шмат значнейшымі, чым можна было гадаць наперад.

Адкладаньне канфэрэнцыі пайшло на карысьць Літве дзеля таго, што яна прымала сваіх гасьцей пасьля сваёй знамянітай перамогі ў справе Кляйпэды; што-ж датычыць Варшаўскай Канфэрэнцыі, дык тая толькі раскрыла да канца поўную працілежнасьць палітычных інтарэсаў Польшчы і рэшты Балтыцкіх дзяржаваў, з аднаго боку, і эканамічную „раўнадушнасьць“ Латвіі і Эстоніі, да Польшчы, з другога.

Дык ня дзіва, што Ковенская Канфэрэнцыя пераварылася ў запраўднае сьвята літоўскай замежнай палітыкі, якому Польшча можа толькі пазавідаваць. Па свайму звычаю „страусы“ з урадовага Польскага Тэлегр. Агенства абвясьцілі на ўвесь сьвет, што Ковенская Канфэрэнцыя не дала ніякіх канкрэтных вынікаў. Але вось, толькі што апублікаваныя рэзалюцыі гэтае канфэрэнцыі даюць зусім выразныя даныя, каб судзіць аб тым, што запраўды і рэальна дала канфэрэнцыя ў Коўні.

У галіне эканамічнай паразуменьне трох балтыцкіх дзяржаў азначае, як сцьвярджае разумнейшая частка польскай прэсы—„Kur. Polski“, „поўнае эканамічнае аб‘яднаньне Латвіі, Эстоніі і Літвы, папросту „мытную унію“, з якой раўназначна скасаваньне ўсялякіх аграніченьняў у зносінах і абмене ў супольных межах гэтай злучанай тэрыторы.

Важнасьць гэтага эканамічнага адзінства відаць ужо з таго, што ў цяперашнія часы палітыка апіраецца амаль ня выключна на эканоміцы. Можна прыпомніць з даўнейшых часоў, што аб‘яднаньне Нямечыны пачалося з таго-ж Zollverein‘у.

Але ў ковенскіх рэзалюцыях зусім выразна намечаны ўжо і межы палітычнага аб‘яднаньня ўсіх трох суседніх і крэўных краёў.

Рэзалюцыі кажуць аб супольнай дзейнасьці ў вядзеньні палітыкі заграничнай, дапасаваньні ўзаемнае акцыі балтыцкіх дзяржаў на полі Лігі Народаў і іншых міжнародных установаў, узаемнай дапамозе наагул у дзеяльнасьці заграніцай і г. д. Якое значэньне гэтага для ворага Літвы — Польшчы, зразумее кожны… Літва дабілася ад Латвіі і Эстоніі якраз таго, чаго дарэмна дабівалася ад іх Польшча.

Якія настроі панавалі на канфэрэнцыі і якім „конкрэтным“ зьместам могуць, у адпаведных варунках напоўніцца шырокія і ёмкія формулы „супольнае дзейнасьці заграніцай“ наагул, ясна хаця-б з таго, што прыехаўшыя толькі што з Воршавы ў Коўну латвійскія і эстонскія прадстаўнікі выспухалі на канфэрэнцыі нават абшырны літоўскі Мэмарыял, у якім зусім выразна пастаўлена была літоўска-польская спорка, а з ёй разам і справа „літоўскай сталіцы Вільні“…

Каб не перацягнуць адразу струну, літоўская дэлегацыя не дамагалася ад канфэрэнцыі ніякай конкрэтнай рэзалюцыі ў гэтай справе, але прасіла толькі „нейтральнай справядлівасьці ў польска-літоўскім канфлікце“…

„Kur. Polski“ зусім справядліва кажа, што для Польшчы гэтая Квенская Канфэрэнцыя — „штось большае, як эпізод (дробнае здарэньне), — бо гэта запраўдны пераварот“…

Можна дадаць толькі, што гэта раскрыўшаяся рэальнасьць ёсьць пераварт толькі раўнуючы да таго, аб чым лятуцелі калісь, але зусім безпадстаўна, „вялікія“ польскія палітыкі. Мы памятаем запраўды вялічавыя пляны Польшчы, якая, як вялікі гігант, мелася стануць „на старожы Эўропы“, маючы працягам свайго паўночнага крыла паслушную „Балтыцкую Антанту“, прадаўжэньнем паўдзённага — „Малую Антанту“. Але гэтыя пажаданьні іх аказаліся творам рамантычна-маніякальнай фантазіі: бо-ж ад „паўдзённага крыла“ моцарствовага гіганта даўно ўжо асталася толькі адна „вялікая Румынія“, якая і сама някрэпка стаіць на нагах; а цяпер аканчальна адвалілася і паўночнае крыло.

Ад запраўды „вялічэзнай“ думкі: розумам п. п. Сапегаў, Скірмунтаў і Замойскіх кіраваць палітыкай 8-х дарослых, незалежных дзяржаваў, якія вялізарным пасам—ад Балтыцкага мора да Чорнага і Адрыятыцкага—займаюць большую палову Сярэдняй Эўропы, асталося, як бачым, вельмі ня многа мо‘ нават ужо і ў польскіх галовах…

Можа з усяго гэтага варта было-б зрабіць нейкі агульнейшы вывад, кажучы ня толькі аб запраўднай вартасьці і няўхільным лёсе ў гісторыі такога „розуму“, што раптам апанаваў польскіх „наступнікаў“ Напалеона і Вільгэльма. Але ня менш варта выявіць поўную адсутнасьць важнага, запраўды патрэбнага людзкасьці зьместу ў рамантычнай канцэпцыі вялікага Польскага птаха, абапёршагася абыдвума крыламі на паўночнае і паўдзённыя моры, „аддзяляючага“ Захад Эўропы ад Усходу, стоячы „на варце цывілізацыі“, „мурам“ баронючы яе і гэтак далей. Мы ведаем, як любяць паўтараць гэтыя пышныя фразы польскія Готфрыды і Роляндзы… Але-ж пара ўжо зразумець усю іх абсалютную пустату і недарэчнасьць. Пара ўжо зразумець, што самы выраз бараніць нейкім „мурам“ цывілізацыю зьмяшчае ўнутраную супярэчнасьць: цывілізацыю можна толькі пашырыць, распаўсюджываць… І калі „місія Польшчы“ запраўды — ў тым, каб „бараніць Захад ад Усходу“, дык можна сказаць, што якраз гэтая „місія“ найбольш небясьпечна для самой Польшчы.

Польшча ставіць сабе мэтай і, сьвядома, ці несьвядома, імкнецца да таго, каб усіх і ўсё дзяліць, каб усюдых ствараць „муры“ і „бар‘еры“, выклікаць спрэчкі і ненавісьці,—нават там, дзе іх ня было перад вайной. Тым часам агульны ход — увесь прагрэс гісторыі ідзе ў зусім процілежным кірунку, бо імкнецца да таго, каб ламаць усе муры, усе бар‘еры,—каб ствараць для цывілізацыі адкрытыя ўва ўсе бакі, шырокія і гладкія шляхі… Вось-жа трэба ўжо і ў Польшчы зразумець, што ў сусьветнай каапэрацыі ўдалеюць толькі тыя дзяржавы, якія, працуючы ў гэтым кірунку гістарычнага прагрэсу, зробяць сябе запраўды патрэбнымі ў гэтай агульнай гаспадарцы…
