# У Магілёве хочуць закрыць дзіцячы садок №8 зь дзьвюма групамі для дзяцей з асаблівасьцямі

- URL: https://syn.by/hramadztva/adukacyja/mahiliou-zakryc-dziciachy-sadok/
- Published: 2026-11-23T09:43:59+00:00
- Updated: 2026-11-25T00:43:58+00:00
- Section: Адукацыя
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/obshchestvo/obrazovanie/mogilev-zakryt-detskiy-sad.md
- EN edition: https://syn.by/en/society/education/mogilev-close-kindergarten.md

> У садку ёсьць дзьве групы для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі маўленьня і засмучэньнем аўтыстычнага спэктру. Бацькі запісалі відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-9376-1024x684.webp)

У Магілёве плянуюць закрыць дзіцячы садок №8, якому 90 гадоў. Рашэньне патлумачылі нерэнтабэльнасьцю. У садку працуюць дзьве групы для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі маўленьня і засмучэньнем аўтыстычнага спэктру.

Бацькі апісваюць садок як установу з 90-гадовай гісторыяй і добрай тэрыторыяй. Ён перажыў Вялікую Айчынную вайну, але можа перастаць працаваць праз «нерэнтабельнасьць».

Бацькі запісалі відэазварот наўпрост да Аляксандра Лукашэнкі і просяць не закрываць садок. Зварот зьявіўся ў Threads пасьля таго, як сем'ям патлумачылі, што садок нерэнтабэльны. Меней чым за суткі галінку паглядзелі дзясяткі тысяч разоў.

Бацькі просяць разабрацца, на якой падставе закрываюць запоўнены садок, адзіны ў пешай даступнасьці: «Наш садок перажыў вайну, але ня можа перажыць аптымізацыю».

Па словах бацькоў, на сходзе 3 лістапада 2026 году ім не паказалі ніводнага дакумэнта з прававым абгрунтаваньнем закрыцьця. Прагучала толькі фраза «нерэнтабельны, не выгодна ўтрымліваць». Адна з мамаў кажа, што на сходзе таксама заявілі: у верасьні 2027 году ў садок прыйдзе вельмі мала дзяцей.

Бацькі сьцьвярджаюць, што гэта адзіны садок у мікрараёне, да якога можна дайсьці пешшу. Па іх словах, бліжэйшыя садкі знаходзяцца далей чым за 700 мэтраў, і месцаў там няма. Яны таксама кажуць, што іх дзеці перамагаюць у гарадзкіх конкурсах «Залаты львёнак», «Капітошка», «Самая бясьпечная ёлачка» і «Птушыны дом».

Беларусы падтрымалі маці. Яны прапанавалі адкрываць у кожным дзіцячым садку групы для дзяцей з асаблівасьцямі разьвіцьця.
