# Беларускіх школьнікаў пачнуць вучыць пілятаваць дроны: першых 12 інструктараў выпусьцілі

- URL: https://syn.by/hramadztva/adukacyja/shkolnik-vuchyc-piliatavac-dron/
- Published: 2026-11-23T19:49:31+00:00
- Updated: 2026-11-25T00:46:11+00:00
- Section: Адукацыя
- Language: be
- RU edition: https://syn.by/ru/obshchestvo/obrazovanie/belorusskiy-shkolnik-uchit-pilotirovat-dron.md
- EN edition: https://syn.by/en/society/education/belarusian-schoolchildren-fly-drones.md

> Курс па кіраваньні бесьпілётнікамі ўвойдзе ў школьную праграму дапрызыўнай падрыхтоўкі. Для юнакоў, паводле слоў намесьніка міністра адукацыі, ён разьлічаны на 10 гадзінаў.

![](https://syn.by/wp-content/uploads/2026/11/illustration-9693-1024x585.webp)

У праграму дапрызыўнай падрыхтоўкі старшакласьнікаў у Беларусі ўключаць кіраваньне бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі. У Менску завяршылі навучаньне першых выкладчыкаў, якія будуць вучыць гэтаму падлеткаў: сэртыфікаты дзяржаўнага ўзору выпускнікам уручылі ў Беларускім фізкультурна-спартовым таварыстве «Дынама».

Паводле афіцыйных зьвестак, першую групу склалі 12 пэдагогаў дапрызыўнай падрыхтоўкі з розных рэгіёнаў краіны. [Заняткі прайшлі на базе](https://t.me/uomoik/165857) Авіяцыйнага навучальнага цэнтру «Дынама» па курсе «Падрыхтоўка апэратараў грамадзянскіх бесьпілётных лятальных апаратаў».

Пэдагогі вывучалі канструкцыю дронаў і тэхніку бясьпекі, трэніраваліся на камп’ютарных сымулятарах, а потым кіравалі сапраўднымі бесьпілётнікамі. Навучаньне правялі ў выкананьне даручэньня Савета Міністраў, як паведаміла ўпраўленьне адукацыі Мінаблвыканкама: курс арганізавалі «Дынама», яго Менская міжрэгіянальная структура і Міністэрства адукацыі.

Слухач курсу Валерый Шостак заявіў, што спалучэньне лекцыяў з групавой практыкай дае поўную падрыхтоўку апэратара: паводле яго слоў, вучыліся і тыя, хто ўпершыню ўзяў дрон у рукі, а на апошнім занятку лёталі на ягоным узроўні.

Старшыня Цэнтральнага савета «Дынама» Дзьмітры Балаба заявіў, што гаворка ня толькі пра баявое прымяненьне тэхналёгіяў. Паводле яго слоў, у дронаў шмат сфэраў грамадзянскага ўжываньня: дастаўка грузаў, дапамога людзям, праца ў сельскай гаспадарцы.

Тэма дронаў у школах ня новая. У красавіку 2025 году Міністэрства адукацыі абвесьціла пра запуск факультатыву па асновах кіраваньня бесьпілётнікамі для вучняў 8–9 клясаў. У жніўні 2026 году намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Кадлубай паведаміў, што для юнакоў у праграме прадугледжаны 10-гадзінны курс па вывучэньні і навыках кіраваньня дронамі.

Выпускнікі курсу ў бліжэйшы час мусяць пачаць заняткі са старшаклясьнікамі ў сваіх абласьцях. Дакладная дата пачатку ўрокаў у рэгіёнах пакуль не названая.

Даведка

### Улік грамадзянскіх дронаў

Аснова цяперашніх правілаў для грамадзянскіх бесьпілётнікаў у Беларусі — указ прэзыдэнта № 297 ад 25 верасьня 2023 году «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і эксплуатацыі грамадзянскіх бесьпілётных лятальных апаратаў». Для яго рэалізацыі ў 2025 годзе прыняты закон № 101-З, мэта якога — забясьпечыць нацыянальную і грамадзкую бясьпеку і бясьпеку палётаў. За парушэньне патрабаваньняў указу прадугледжана адказнасьць па новых артыкулах Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Крымінальнага кодэксу.
